Хоць „Карта паляка” спраўдзілася, тым ня менш, усё часьцей чуваць патрабаваньні адносна неабходнасьці ўнясеньня зьмяненьняў у гэты закон.
Увядзеньне адзіных працэдураў выдачы гэтага дакумэнта супольна распрацоўвае Рада па справах палякаў ва Ўсходняй Эўропе ды Міністэрства замежных спраў Польшчы, - паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
Закон аб „Карце паляка” з 2007 году прадугледжвае, што могуць яе атрымаць выключна грамадзяне адной з 15 краінаў былога Савецкага Саюза. „Карта паляка” не гарантуе атрыманьня польскага грамадзянства, не дазвалее пасяліцца ў Польшчы. Тым ня менш, асоба, якая атрымала гэты дакумэнт, каб працаваць у Польшчы, ня мусіць прад'яўляць адмысловага дазволу. У Польшчы яна можа весьці гаспадарчую дзейнасьць, вучыцца, карыстацца мэдыцынскімі паслугамі ці ільготнымі білетамі на праезд гарадзкім транспартам. Апрача таго, гэткая асоба хутчэй атрымае польскую візу.
„Пасьля шасьці гадоў дзейнасьці, можна сказаць, што „Карта паляка” апраўдалася. На больш за 113 тысячаў выдадзеных да гэтай пары дакумэнтаў, толькі ў 47 выпадках паявіліся скаргі, галоўным чынам з-за фармальных і юрыдычных парушэньняў”, - кажа Артур Казлоўскі, старшыня Рады па справах палякаў ва Ўсходняй Эўропе.
Тым ня менш, выданьне ўзгадвае пра выпадак ануляваньня „Карты паляка”. Такім чынам вырашыў консул РП у Берасьці. Рашэньне консула падтрымаў Ваяводзкі адміністрацыйны суд, у які грамадзянін Беларусі Андрэй С. унёс сваё аспрэчаньне.
Нягледзячы на посьпех „Карты паляка”, чуваць таксама галасы крытыкі. Асноўнае пытаньне: ці „Карта паляка” не павінна ахапіць сваім дзеяньнем усяго сьвету, у тым ліку балканскіх краінаў, дзе пражывае буйная польская меншасьць. Сумневы выклікае таксама пытаньне праверкі знаёмства польскай культуры, мовы й традыцыяў, што адбываецца на падставе 15-20 хвілін размовы з консулам.
Крытыкі зьвяртаюць ўвагу, што пасьля ўвядзеньня „Карты паляка” зацікаўленьне курсамі польскай мовы ў краінах Ўсходняй Эўропы рашуча павялічылася. У цяперашні час польскую мову вывучае некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў былых краінаў Савецкага Саюза.
Паводле Пятра Касьціньскага, экспэрта Польскага інстытуту міжнародных спраў, закон аб „Карце паляка” патрабуе прагляду й зьменаў. Усё ж, нельга забываць пра тое, што па гэтай справе Польшча павінна паводзіць сябе вельмі асьцярожна, - чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.
аз