Ці настальгуюць грамадзяне Расеі па СССР? Ці народзіць туга па савецкіх часах жаданьне й гатоўнасьць іх вярнуць? На гэтыя пытаньні ў Варшаве спрабавалі адказаць вядомыя расейскія гісторыкі, сацыёлягі й філёзафы, запрошаныя на дыскусію пад назвай “Настальгія па камунізму”.
Грамадзяне Расеі ня вельмі сумуюць па часах СССР, бо яны, па вялікім рахунку, ня скончыліся – лічыць гісторык і культуроляг Ян Леўчанка. Аднак шмат каму з сучасных расейцаў не хапае вялікай ідэі, якая б дапамагла пераносіць цяжкасьці паўсядзённага жыцьця. Ідэалёгія зьнікла, а цяжкасьці засталіся – кажа Ян Леўчанка.
Я. Леўчанка: Настальгія – гэта сум па тым, што страчана назаўсёды. Вялікія ідэалёгіі страчаныя назаўжды. А вось савецкія інстытуты й савецкая канструкцыя жыцьця (разьмеркаваньне элітаў, структура улады, арміі ды паліцыі, грамадзкі транспарт, сыстэма кіраваньня гарадамі, нават упраўленьне культурай) засталіся такімі, якімі былі ў СССР. Таму настальгаваць па страчаным савецкім быце нельга. Ён мала зьмяніўся.
Так, ён стаў больш буржуазным, зьявілася больш тавараў для спажываньня. Аднак любы буржуазны налёт выпараецца, як толькі грамадзянін зьяўляецца ў АВІРы, у ЖЭКу й гэта к далей. Там яго атачаюць людзі абсалютна савецкага паходжаньня. І яны вырабляюць сабе падобных. 19-гадовая дзяўчынка, якая працуе ў ЖЭКу, размаўляе дакладна так сама, як 60-гадовая цётка, якая яе навучыла працаваць і глядзець на кліента як на вош.
Па камуністычных лёзунгах грамадзяне сучаснай Расеі дакладна не сумуюць – кажа гісторык Кірыл Левінсон. Старэйшае пакаленьне сумуе па маладосьці, па бясплатнай мэдыцыне, адукацыі, па бясплатных кватэрах і разьмеркавальнай справядлівасьці савецкіх часоў. А маладзейшае пакаленьне, якое нават не застала СССР, настальгуе па велічы й славе, кажа гісторык.
К. Левінсон: Маладым бракуе адчуваньня прыналежнасьці да магутнай дзяржавы, якую любяць, якой зайздросьцяць, якую баяцца годныя праціўнікі. Частка гэтага вялікадзяржаўнага комплексу – гэта захапленьне тэхнічнымі дасягненьнямі СССР: палётам Гагарына, атамнай бомбай і гэтак далей. Пасьля дэіндустрыялізацыі Расеі, якая адбылася ў апошнія дзесяцігодзьдзі, падаецца, што гэтыя дасягненьні ня проста адышлі ў мінулае, але й іх немагчыма паўтарыць.
На настальгіі па часах савецкай велічы лоўка граюць расейскія палітыкі, ад Пуціна да Жырыноўскага. Аднак наўрад ці гэтая настальгія падштурхне палітыкаў і грамадзтва адбудаваць страчаную імпэрыю – лічыць Кірыл Левінсон.
К. Левінсон: Гэтыя ідэі можна было б рэалізаваць, калі б яны былі ў галовах генэралітэту, які стаіць на чале баяздольнай арміі. Частка нашых генэралаў ужо пазбавілася імпэрскіх амбіцыяў. Па-другое, нашыя генэралы стаяць на чале небаяздольнай арміі. Таму ніякай небясьпекі няма. Кіраўнікі дзяржавы хацелі б пашырыць уплывы Расеі, але яны ня раз сутыкаліся з рэальнасьцю. Яны разумеюць, што нашыя магчымасьці вельмі абмежаваныя. Дай Божа захаваць тое, што ёсьць: не аддаць японцам Курыльскія выспы, не аддаць амэрыканцам і канадцам Арктыку, не аддаць усё тое, што варожае атачэньне нібыта намагаецца ў нас адкусіць.
Сярод разрухі 90-х і пачатку 2000-х гадоў расейцы патрабавалі такога вобраза мінулага, які ня ўводзіць у дэпрэсію, а наадварот, павышае іх самаацэнку. Людзі патрабавалі пазытыўнага вобразу сябе. Паколькі сур’ёзныя лібэральныя гісторыкі такога вобразу не стварылі, паліцы расейскіх кнігарняў запоўнілі псеўдагістарычныя кнігі з апраўданьнем Сталіна ды ідэалізацыяй СССР.
У 2011-2012 гадах расейскія ўлады пачалі будаваць дзяржаўную ідэалёгію – кажуць экспэрты. Кіраўніцтва Расеі прысьвяціла вялікую ўвагу гістарычнай палітыцы. Яны вырашылі стварыць адзіны падручнік гісторыі для расейскіх школаў. Аднак пакуль што напісаць прыгожы й несупярэчлівы вобраз расейскай гісторыі не атрымліваецца – кажа гісторык Сяргей Лукашэўскі.
С. Лукашэўскі: У гістарычнай канцэпцыі, якая была прадстаўлена ў якасьці падставы для адзінага падручніка гісторыі, ёсьць 21 спрэчнае пытаньне. Сярод іх выбар Аляксандра Неўскага на карысьць Арды, пэрыяд кіраваньня Івана Грознага, рэформы Пятра І і рэформы Аляксандра ІІ, а таксама, канешне, Кастрычніцкая рэвалюцыя ды сталінскія часы.
Усе моманты расейскай гісторыі, якія можна апісаць як разьвілкі, аднесеныя да катэгорыі цяжкіх пытаньняў. Адказы на іх павінны даць нехта ў будучыні. Людзі, якія стваралі гэтую канцэпцыю, проста адышлі на 25 гадоў назад і сталі акурат у той кропцы, зь якой пачалася гісторыя сучаснай Расеі. Быццам бы мы гэтага часу не пражылі, быццам бы мы яго змарнавалі!
Пакуль што ў калідорах расейскай улады і ў расейскіх СМІ цыркулююць дзьве канцэпцыі гісторыі – кажа філёзаф Міхаіл Немцаў. “Вялікадзяржаўная” канцэпцыя Ўладзімера Пуціна падкрэсьлівае перамогі краіны, сілу й моц дзяржавы. Сталін у ёй прадстаўлены як “эфэктыўны мэнэджэр”, мэтады якога хоць і былі сумнеўныя, але прывялі да перамогі ў вайне. "Лібэральная" канцэпцыя Мядзьведзева не замоўчвае паразаў і кажа, што ў гісторыі Расеі не бракавала змаганьня за ідэалы свабоды ды справядлівасьці. Аднак абедзьве канцэпцыі гісторыі ня здольныя растлумачыць расейцам, куды ім ісьці й якую дзяржаву будаваць - кажа Міхаіл Немцаў.
М. Немцаў: У Расеі вялікая праблема з бачаньнем будучыні. Шмат хто найлепшым варыянтам лічыць прадстаўленьне будучыні як працягнутай сучаснасьці: “Усё будзе так, як ёсьць! Канешне, мы маем ворагаў, але мы іх пераадолеем!”. Лібэралы, зьвязаныя з мядзьведзеўскай мадэрнізацыяй, увогуле пра будучыню не гавораць. Тэма будучыні сарамліва пазьбягаецца. Пуцінскі праект гісторыі перамагае яшчэ й таму, што ён прапануе хаця б нейкі вобраз будучыні.
Калі Крэмль раней выкарыстоўваў гістарычную палітыку, каб утрымаць свае ўплывы на постсавецкай прасторы, то цяпер ён выкарыстоўвае гісторыю, каб умацаваць сваю ўладу ўнутры краіны – кажуць экспэрты. Уладзімер Пуцін на гістарычных прыкладах стараецца пераканаць расейцаў, што ніякія перамены ўлады ім не патрэбныя. Галоўнае – гэта захаваць стабільнасьць палітычнага курсу й пераемнасьць. Расейскія ўлады не мабілізуюць народ на адбудову імпэрыі, а ўсяго толькі стараюцца захаваць сваю ўладу й тое, што ад былой велічы засталося.
Аляксандар Папко
Дыскусія "Настальгія па камунізму" арганізаваная Фондам імя С. Баторыя