Logo Polskiego Radia
Print

Ці ўрады плоцяць выкрадальнікам?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.11.2013 16:00
У Сырыі выкраданьні людзей дзеля выкупу сталі нядрэнным бізнэсам.

/

Вялікі артыкул пра выкраданьні людзей дзеля выкупу друкуе "Newsweek Polska". У Польшчу нядаўна вярнуўся фатограф Марцін Судэр, які тры месяцы правёў у руках сырыйскіх кіднапэраў. Як яму ўдалося вызваліцца зь няволі? Афіцыйная вэрсія – сам уцёк, але адмыслоўцы кажуць, што зь няволі выкрадальнікаў амаль немагчыма ўцячы. Неафіцыйна гаворыцца, што за Судэра было заплочана 5 млн. даляраў. Польскае МЗС як звычайна заяўляе, што ня плоціць кіднапэрам.

За апошнія два гады, калі ў Сырыі ідзе грамадзянская вайна, у дзяржаве было выкрадзена 37 журналістаў. Але бандыты выкрадаюць ня толькі журналістаў, а таксама супрацоўнікаў гуманітарных місій, сьвятароў, паломнікаў. У Сырыі выкраданьне людзей стала даходным бізнэсам. Для некаторых людзей гэта штодзённая праца. Паявіліся нават адмысловыя фірмы, якія займаюцца перамовамі з кіднапэрамі, перадаюць выкуп. У іх працуюць былыя вайскоўцы, супрацоўнікі спэцслужбаў. А выкупы плоцяць ня толькі родныя выкрадзеных асоб, але таксама ўрады. Кожны год на сьвеце адбываецца каля 20 тыс. выкраданьняў. Прыкладна ў 70% хтосьці плоціць выкуп.

Перамовы аб выкупе як правіла ідуць доўга, абодва бакі часам таргуюцца, а чым даўжэй трывае гэты працэс, тым больш шанцаў, што закладнік застанецца ў жывых. Для яго лепш не граць героя, выконваць даручэньні кіднапэраў, не глядзець ім прама ў вочы.

За апошняе дзесяцігодзьдзе толькі раз палякам удалося ўцячы зь няволі. Гэта было ў Іраку. Але статыстыкі паказваюць, што закладнікам вельмі рэдка ўдлаецца ўцячы самастойна.

Італія, Францыя, а такcама Нямеччына доўга лічыліся краінамі, якія плоцяць выкуп за сваіх грамадзян. Але пасьля сэрыі выкраданьняў французаў урад краіны пачаў громка казаць, што трэба перастаць плаціць кіднапэрам. Тым ня менш, апошнім часам зноў паяўляюцца зьвесткі, што французы плоцяць выкупы. У нашай культуры жыцьцё чалавека вельмі высока цэніцца. Ня кожны ўрад можа спакойна сказаць: так, мы ведаем, што наш чалавек загіне, але ня будзем фінансаваць выкрадальнікаў.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт