Logo Polskiego Radia
Print

Улады дазволілі "Дзяды"

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 30.10.2013 15:47
  • 006d684d.mp3
Згодна з плянамі, шэсьце пачнецца 1 лістапада ў 10:30.

/

Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне акцыі з нагоды дня памінаньня продкаў „Дзяды”. Пра гэта паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Сяргей Папкоў.

Згодна з плянамі, шэсьце пачнецца 1 лістапада ў 10:30 каля Менскага гадзіннікавага заводу на праспэкце Незалежнасьці. Яго ўдзельнікі накіруюцца да ўрочышча Курапаты, дзе адбудзецца мітынг. Час правядзення акцыі — з 10:30 да 17:00.

Дэманстранты пройдуць па маршруце: праспэкт Незалежнасьці — вуліца Каліноўскага — вуліца Сядых — вуліца Карбышава — вуліца Гамарніка — вуліца Мірашнічэнкі. У 15:00 павінен адбыцца мэмарыяльны мітынг на тэрыторыі ўрочышча Курапаты, дзе, па розных ацэнках, у гады сталінскіх рэпрэсій былі расстраляныя ад 30.000 да 200.000 чалавек.

Удзел у шэсьці, як штогод возьмуць і прадстаўнікі Партыі БНФ, кажа яе сябра Рыгор Кастусёў.

Р. Кастусёў: Зь 2009-га года прынятае рашэньне кіраўніцтва Партыі БНФ, што мы далучаемся да гэтай заяўкі. Сваёй асобнай заяўкі мы не падавалі ўжо колькі год, каб не было дзьвюх калёнаў. Мы лічым, стзо Курапаты павінны быць аб’яднаўчым фактарам, а не разьяднаўчым сярод дэмакратычных сілаў. З досьведу мінулых гадоў, у маршы ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных палітычных партый. Я спадзяюся, што і сёлета будзе такая ж сытуацыя, што ўсе прыйдуць у адну калёну і мы разам пойдзем на Курапаты.

Як выразьлічваеце, колькі людзей можа прыйсьці сёлета на такі марш?

Р. Кастусёў: Ёсьць спадзяваньні, што кожны год павінна прыходзіць больш, чым у леташнія гады. Як паказвае досьвед, дзесьці каля 2-3 тысяч прыгодзіць на шэсьце. Думаю, што і сёлета тысячы тры прыйдуць.

Калі акцыя дазволеная ўладамі, то затрыманьняў быць не павінна.

Р. Кастусёў: Мы заўсёды спадзяемся, што затрыманняў ня будзе, аднак улады часам парушаюць нашыя спадзяваньні.

Скажыце, калі ласка, чаму важна памінаць продкаў? Чаму гэтая традыцыя настолькі моцна падтрымліваецца таксама Партыяй БНФ?

Р. Кастусёў: Для мяне асабіста традыцыя Дзядоў важная з самага дзяцінства. Мае бацькі і дзядуля з бабуляй заўсёды адзначалі гэты дзень. Потым гэтае сьвята перарасло для мяне ў палітычную матывацыю – побач з днём Дзядоў, у ноч з 28 на 29 кастрычніка былі растраляныя шматлікія беларускія паэты, пісьменьнікі, дзеячы. Усё гэта зьліваецца ў адзін дзень памінаньня і бязьвінна забітых, і тых, што самі адыйшлі ад нас. Каб засталася жывая беларуская памяць, памяць беларускіх грамадзянаў, небаходны такі дзень. Бо хто ня ведае свайго мінулага, у таго народу ня будзе будучыні.

Менавіта зь Дзядоў пачалася найноўшая гісторыя Беларусі. 25 гадоў таму, 30 кастрычніка 1988 году, тысячы людзей у Менску выйшлі ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Агаломшаная масавасьцю акцыі ўлада вывела на вуліцы вадамёты, супраць удзельнікаў прымянілі сьлезацечны газ, людзей выхоплівалі з натоўпу і кідалі ў міліцэйскія ўазікі.

Непасрэднымі арганізатарамі акцыі сталі моладзевыя згуртаваньні «Талака» і «Тутэйшыя». Тыя, хто быў тады ў Менску ды ішоў разам з усімі да Курапатаў, называюць гэты дзень днём адраджэньня беларускай нацыі, пачаткам найноўшай гісторыі Беларусі.

З таго часу шэсьце на Дзяды адбываецца штогод. Яго мэта – Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 30 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзеныя астанкі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя. У чэрвені 1988 году была створаная ўрадавая камісія, а пракуратурай БССР узбуджаная крымінальная справа па выяўленых фактах.

Пры аглядзе ляснога масіву было выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га знаходзіцца 510 пахаваньняў.

У 1996 г. Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь афіцыйна пацьвердзіла факт, што у Курапатах з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шыльды з надпісамі.

spring96.org/svaboda.org/ эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт