Рэгулярныя абсьледваньні і прафіляктыка – пра гэта, як кожны год, нагадваюць сёньня лекары. 15 кастрычніка адзначаецца Эўрапейскі дзень барацьбы з ракам грудзі. Гэты від злаякаснай пухліны зьяўляецца адным з самых частых відаў рака ў жанчын у Польшчы. Таму неабходна не забываць пра прафіляктыку – хадзіць да лекара на абсьледваньне, а старэйшым жанчынам дактары раяць рэгулярна рабіць мамаграфію.
У Польшчы ўсе жанчыны старэйшыя за 50 гадоў могуць прайсьці бясплатныя абсьледваньні ў напрамку рака грудзі, калі апошнія два гады яны такіх аналізаў не праходзілі. Мамаграфію можна зрабіць як у паліклініках, так і адмысловых мамабусах – аўтобусах з мэдычным абсталяваньнем, у якіх дзяжураць лекары. Такія аўтобусы могуць езьдзіць ня толькі па вялікіх гарадах, але таксама па мястэчках і вёсках. Для жыхарак малых населеных пунктаў гэта асабліва важна, паколькі ў іх не заўсёды ёсьць магчымасьць паехаць у горад, дзе ёсьць кабінэт лекара з ультрасанографам або мамографам.
Вось што мяркуюць жанчыны пра магчымасьць зрабіць абсьледваньні.
Жанчыны: Цяжка сабрацца і паехаць на абсьледваньне. Але я перакананая, што здаровая.
Я хаджу рэгулярна, кожныя два гады, мне так лекар параіў. Трэба займацца сваім здароўем, бо калі б я ім не цікавілася, а нешта дрэннае здарылася, хвароба, то я б сябе папракала, што не скарысталася магчымасьцю прафіляктыкі.
Я мяркую, што трэба абсьледвацца. Столькі ў мяне было знаёмых, якія страцілі жыцьцё.
У Польшчы кожны год ад рака грудзей памірае 5 тыс. жанчын. Дыягназ гэтай хваробы ставяць у амаль 16 тыс. жанчын. Так што амаль адна трэцяя хворых памірае. Але й так прафіляктыка прыносіць эфэкты. Яшчэ нядаўна рак грудзі быў на першым месцы сярод злаякасных пухлін-забойцаў. Цяпер жа на першае месца выйшла іншая разнавіднасьць рака, - адзначае доктар Януш Мэдэр, сташыня Польскай вуніі анкалёгіі.
Я. Мэдэр: На дадзены момант ужо ня рак грудзі зьяўляецца першай прычынай сьмерці сярод жанчын, якія хварэюць на злаякасныя пухліны. Гэтак было яшчэ тры гады таму. Але з таго часу пастаянна расьце колькасьць сьмяротных зыходаў у выніку рака лёгкіх у жанчын.
Магчыма, зьмяншэньне колькасьці сьмяротных ахвяраў рака грудзей стала магчыма дзякуючы акцыям прафіляктыкі, у тым ліку кампаніі "Ружовай стужачкі", у рамках якой лекары й грамадзкія дзеячы пераконваюць жанчын праходзіць абсьледваньні.
Лекары пры кожнай нагодзе нагадваюць, што калі дыягназ ракавай пухліны пастаўлены ў раньняй стадыі разьвіцьця хваробы, то яе адносна проста вылячыць, а шанцы поўнага выздараўленьня даволі вялікія. Але праблема ў тым, што рак вельмі доўга не дае ніякіх сымптомаў. Калі ж жанчына сама адчуе нейкія зьмены ў грудзі, то лячэньне можа ўжо не прынесьці пазытыўных вынікаў. Так што яшчэ раз нагадваем усім жанчынам, асабліва ў сталым узросьце – хадзіце да лекара й нагадвайце яму пра абсьледваньне грудзей.
нг