Logo Polskiego Radia
Print

Хімічная скрыня Пандоры на дне Балтыкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.09.2013 14:07
  • Хімічная скрыня.mp3
Да 80-х гадоў затапіць хімічную зброю ў моры можна было зусім законна.
losyziemi.pllosyziemi.pl

На дне Балтыйскага мора знаходзіцца больш за 50 тысячаў тонаў розных хімічных рэчываў, у выглядзе зьнішчаных карозіяй снарадаў і бомбаў.

На шчасьце, гэты падводны арсэнал хімзброі знаходзіцца пад жорсткім кантролем навукоўцаў і гідраграфічных службаў.

Маніторынгам складоў зброі на дне Балтыкі займаецца міжнародны калектыў навукоўцаў у рамках эўразьвязаўскага праекту „CHEMSEA”, - кажа Яцэк Бэлдоўскі зь Інстытута Акіяналёгіі Польскай акадэміі навук.

Яцэк Бэлдоўскі: Праект „CHEMSEA”- Chemical Munitions Search and Assessment, зводзіцца да пошуку й ацэнкі праблем хімічнай зброі. Ён аб’ядноўвае 11 установаў з краінаў Балтыйскага мора. Бюджэт праекту складае 5 мільёнаў эўра. Праект пачаўся ў 2011 годзе ды будзе працягвацца да чэрвеня будучага году. У ягоных рамках мы праводзім ацэнку рызыкі, зьвязанай з прысутнасьцю на дне Балтыкі хімічнай зброі. Між іншым, мы правяраем, дзе знаходзіцца зброя і ў якой ступені яна забруджвае асяродзьдзе. Правяраем таксама, які ўплыў яна аказвае на марскія арганізмы.

Хімічная зброя на дне Балтыйскага мора - гэта спадчына пасьля Другой сусьветнай вайны.

Яцэк Бэлдоўскі: Таксічныя рэчывы, якія ўтрымлівае зброя з арсэналу Трэцяга Рэйху, пераходзяць паступова ў навакольнае асяродзьдзе. Зброя ўжо доўга знаходзіцца на дне Балтыкі. Яна была там затоплена саюзьнікамі, пасьля ўваходу на тэрыторыю гітлераўскай Нямеччыны. Цяпер яна зьнішчана карозіяй і таксічныя рэчывы пераходзяць у ваду й забруджаюць яе. Хоць гэта адбываецца на значнай глыбіні й далёка ад берагу, але нават на гэткай глыбіні існуе ж экасыстэма.

Забруджаньне, выкліканае таксічнымі рэчывамі са снарадаў і бомбаў, аказвае ўплыў таксама на марскія арганізмы.

Яцэк Бэлдоўскі: Калі гаворка ідзе пра колькасьць шкодных рэчываў, якую можа ўтрымліваць балтыйская рыба, пакуль мы няшмат можам сказаць. Цяпер мы толькі апрацоўваем адпаведныя мэтады гэткай праверкі. Тым ня менш, мы распараджаемся нейкімі вынікамі, калі гаворка ідзе пра ацэнку здароўя балтыйскай рыбы. Шмат сьведчыць пра тое, што ў рэгіёнах, дзе знаходзяцца склады хімічнай зброі, рыбы часьцей хварэюць на розныя захворваньні, у тым ліку генэтычнага характару.

У рамках праекту „CHEMSEA”, навукоўцы стварылі мапу падводных складоў хімічнай зброі з часоў Другой сусьветнай вайны.

Яцэк Бэлдоўскі: Найбольш забруджаная Борнхальмская глыбіня, то бок, раён Выспы Борнхальм. Там затопленая большая частка гітлераўскага арсэналу, гэта каля 50 тысяч тонаў снарадаў. Далей - Готляндзкая глыбіня, то бок, на поўдзень ад Выспы Готлянд - там затоплена 2 тысячы тонаў хімзброі. Ёсьць таксама невялікі склад на Малым Бэлце, на нямецка-дацкай мяжы, а таксама склады ў Гданьскім заліве, дзе знаходзіцца толькі каля 60 тонаў снарадаў, але менавіта гэты склад распаложаны найбліжэй Польшчы, таму й найбольш нас цікавіць.

Каб пазбавіцца ад гэтых таксічных рэчываў на дне Балтыкі, спачатку трэба вызначыць найбольш неўральгічныя месцы, - кажа доктар Яцэк Бэлдоўскі.

Яцэк Бэлдоўскі: Калі гаворка ідзе пра ліквідацыю гэтых складоў, то, перш за ўсё, трэба зрабіць сьпіс прыярытэтаў: каторыя зь іх знаходзяцца ў найбольш неўральгічным месцы, то бок, каторыя найбольш небясьпечныя для навакольнага асяродзьдзя. Паводле папярэдніх ацэнак, найбольш небясьпечнымі зьяўляюцца месцы, дзе назіраецца перамешваньне водаў. Гэта адбываецца, напрыклад, у месцы спалучэньня Балтыкі з Паўночным морам. Гэта, напрыклад, Гданьская, Слупская глыбіня, а таксама паўночна-ўсходняя ўскраіна Борнхальмскай глыбіні. У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра ацэнку рызыкі, зьвязанай з паасобнымі складамі, гэта тэма асобных шырокіх дасьледаваньняў.

Цяпер, як супакойваюць навукоўцы, гітлераўскія снарады й бомбы заселі на дне мора ды не зьяўляюцца непасрэднай пагрозай для здароўя й жыцьця людзей. Але ў мінулым здараліся небясьпечныя сытуацыі.

Яцэк Бэлдоўскі: У 50-х гадах, то бок, неўзабаве пасьля апэрацыі затапленьня арсэналаў, якая праходзіла ў гадах 1947-48, здараліся выпадкі, калі хваля выкідала снарады на пляж. У 1955 годзе на пляжы ў мясцовасьці Дарлувэк хваля выкінула бочку зь іпрытам у часе, калі там гулялі ўдзельнікі дзіцячага лягера. Пацярпелі каля сотні дзяцей. Галоўным чынам гаворка ідзе пра апёкі. Чацьвёра зь іх страцілі зрок.

На дне Балтыйскага мора знаходзяцца розныя таксічныя рэчывы.

Яцэк Бэлдоўскі: Гэта, перш за ўсё, гарчычны газ, інакш іпрыт. Ён зьяўляецца баявым таксічным атрутным рэчывам скурна-нарыўнога дзеяньня. Гэта таксама адамсіт - належыць да групы рэчываў, якія раздражняюць верхнія дыхальныя шляхі. Яны забруджваюць дно мора, паколькі зьяўляюцца слаба растваральнымі ў марской вадзе. Напрыклад, іпрыт стварае глыбы, якія даўжэйшы час могуць заставацца ў адным месцы. Агулам яны могуць прычыняцца да забруджаньня паверхні ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў квадратных мэтраў.

- гаварыў Яцэк Бэлдоўскі зь Інстытута Акіяналёгіі Польскай акадэміі навук.

Паводле розных ацэнак, пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны было затоплена каля 300 тысячаў тонаў гітлераўскай хімічнай зброі. Вадаёмы, якія сталі „хмічнымі сьметнікамі”, гэта галоўным чынам Паўночнае мора й Балтыйскае мора.

Тым часам на дне Балтыкі знаходзіцца ня толькі гітлераўская зброя. Яшчэ да 80-х гадоў затапіць хімічную зброю ў моры можна было зусім законна. Некаторыя склады знаходзяцца на глыбіні толькі 100-150 мэтраў

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт