Латвія праводзіць збалянсаваную палітыку ў стасунку да Менска. Яна не прымае парушэньняў правоў чалавека, аднак сочыць за тым, каб палітычныя пытаньні не перашкаджалі эканамічным стасункам. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё заявіў нядаўні прэзыдэнт Латвіі Валдзіс Затлерс. Былы кіраўнік латвійскай дзяржавы таксама распавёў, ці ўдалося яго краіне выйсьці з крызысу й ці гатовы Эўразьвяз пашырацца на Ўсход.
– Спадар прэзыдэнт, як выглядае эканамічная сытуацыя ў Латвіі? Ці Вашая краіна справілася з наступствамі сусьветнага крызысу, які надзвычай балюча па ёй ударыў?
В. Затлерс: Крызыс у краіне існуе да таго маманту, пакуль у вас ня зьявіцца плян, як зь яго выйсьці. Таму ў гэтым сэнсе крызыс у Латвіі мінуў пару гадоў таму. Мы маем чатырохгадовы плян па выхадзе з крызысу. Адзін зь яго пунктаў – гэта далучэньне да Эўразоны й выкананьне крытэрыяў валютнай і эканамічнай стабільнасьці. Праз тры месяцы мы ўводзім супольную эўрапейскую валюту - эўра. Так што наш урад дасягнуў посьпеху. У нас адзначаецца даволі хуткі эканамічны рост. Прагнозы на будучыню таксама пазытыўныя.
Эканамічнае аднаўленьне залежыць таксама ад сытуацыі ў суседніх краінах. Нам пашчасьціла, бо нашыя галоўныя партнэры – Нямеччына, Швэцыя, Расея адчувалі сябе даволі добра падчас крызысу й куплялі нашыя тавары. Аднак ключ да нашага посьпеху ў тым, што мы пазьбеглі пратэкцыянізму й засталіся адкрытай эканомікай. Малая краіна з насельніцтвам у 2 мільёны чалавек можа выжыць у сучасным сьвеце толькі будучы адкрытай ды інтэгруючыся зь іншымі.
– Беларусь зьяўляецца адным з галоўных гандлёвых партнэраў Латвіі. Ці не ўплываюць цесныя эканамічныя стасункі на палітычную пазыцыю Рыгі? Якая пазыцыя Латвіі ў пытаньні абароны правоў чалавека ў Беларусі й як гэтая пазыцыя ўплывае на бізнэс?
В. Затлерс:Мы павінныя разьдзяліць гэтыя працэсы. Адна справа – гэта палітычная сытуацыя ў Беларусі. Мы не падтрымліваем тое, што адбываецца. Наяўнасьць палітычных зьняволеных й адсутнасьць свабодных выбараў у Беларусі Латвія лічыць недапушчальнымі. Зь іншага боку Беларусь – наш важны эканамічны партнэр. Дзякуючы гандлю зь Беларусьсю мы зарабляем каля 5% нашага ВУП. Таму мы перакананыя, што санкцыі, якія ўдараць не па кіраўніцтву краіны, а па звычайных людзях, ня будуць прыносіць эфэктаў. Такім чынам, мы стараемся праводзіць збалянсаваную палітыку: кажам “не” палітыцы Лукашэнкі й “так” эканамічным стасункам.
– Спадар прэзыдэнт, сёньня Вы шмат казалі пра будучыню эканомікі Эўразьвязу. На Вашую думку, якой павінна быць эканоміка Эўропы ў будучыні, якая павінна быць роля Эўразьвязу на палітычнай арэне й якія каштоўнасьці павінен абараняць Эўразьвяз?
В. Затлерс: Галоўныя каштоўнасьці Эўразьвязу – гэта дэмакратыя й верхавенства права. Гэта неаспрэчная ісьціна. Падчас крызысу Эўропа была занадта засяроджана на сабе. Палітыкі не задумваліся пра будучыню, пра пазыцыю Эўропы ў сьвеце, бо павінныя былі вырашаць фінансавыя ды эканамічныя праблемы. Усё тое, што мы зрабілі ў апошнія некалькі гадоў, зрабіла Эўропу больш аб'яднанай, гатовай да супрацоўніцтва, здольнай канкураваць на міжнародных рынках.
Таму я думаю, што ў дасяжнай будучыні пытаньне пра пашырэньне Эўразьвязу паўстане зноў. Палітыкі задумаюцца, да якіх межаў Эўразьвяз павінен пашырацца. У гэтым годзе да Эўразьвязу далучылася Харватыя, да перамоваў па далучэньні запрасілі Сэрбію. Гэта значыць, што Эўразьвяз пачаў аднаўляцца, задумвацца над сваёй роляй у сусьветнай эканоміцы, палітыцы, сыстэме бясьпекі.
– Спадар прэзыдэнт, скажыце, Вы за ці супраць пашырэньня Эўразьвязу на Ўсход?
В. Затлерс: У гэтым пытаньні павінен быць толькі адзін крытэрый – гэта адпаведнасьць нормам і стандартам ЭЗ. Калі краіна ім адпавядае, яна павінна быць прынятая ў Эўрапейскі зьвяз. Калі не – яе прымаць ня трэба.
Валдзіс Затлерс, прэзыдэнт Латвіі ў 2007-2011 гадах быў госьцем Эканамічнага форуму маладых лідараў, які нядаўна завершыўся ў горадзе Новы Сонч на поўдні Польшчы. Разам з былым кіраўніком эўрапейскага аддзелу Сусьветнага Банку ён прыняў удзел у дыскусіі “Выклікі, пагрозы й шансы праекту эўрапейскай інтэграцыі”.
Размаўляў Аляксандар Папко