Расейцы - гэта самая вялікая група, якая хадайнічае за статус уцекача ў Эўропе, паведамляла надоечы выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”, спасылаючыся на дадзеныя ведамства статыстыкі Эўрапейскага Зьвязу „Эўрастат”.
Колькасьць заяў аб прадастаўленьні палітычнага прытулку, пададзеная іншаземцамі з расейскімі пашпартамі, перавысіла нават колькасьць сырыйцаў, якія ўцякаюць з ахопленай грамадзянскай вайной краіны.
Гэта, перш за ўсё, дрэнная навіна для польскай Памежнай варты, якая прымушана амаль у аднабаковым парадку ахоўваць мяжу зь Беларусяй, паколькі Менск пакрыўдзіўся на Захад і дазволіў пагранічнікам глядзець праз пальцы на парушальнікаў мяжы.
Як паведамляла польскае выданьне, у першым квартале бягучага года колькасьць прышэльцаў з расейскім пашпартам, якія шукалі прытулку ў краінах ЭЗ, склала 8435 чалавек. Гэта ўдвая больш, чым у аналягічным пэрыядзе 2012 года. На другім месцы апынуліся сырыйцы (8395 чалавек), далей афганцы (5,8 тыс. чалавек) і на пятым - пакістанцы (4,3 тыс. чалавек.). Агулам, на працягу першых трох месяцаў бягучага года па палітычны прытулак у Эўропу прыехалі каля 85 тысяч чалавек, то бок, на 17% больш, чым у першым квартале 2012 года.
У сувязі з хваляй уцекачоў шмат працы маюць польскія памежнікі. Сярод імігрантаў з Каўказу Польшча займае другое месца, пасьля Нямеччыны, дзе яны шукаюць прытулку. У першым квартале гэтага года заяву з просьбай аб прызнаньні палітычнага прытулку ў Польшчы падалі больш за 2 тысячы грамадзянаў Расеі.
Іншыя ўспрымаюць Польшчу як транзытную краіну на шляху ў Заходнюю Эўропу.
Ад чаго, або ад каго ўцякаюць грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі? - з гэтым пытаньнем мы зьвяртаемся да Катажыны Яжыньскай з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў.
Катажына Яжыньска: Сапраўды, апошнім часам фіксуецца рост колькасьці імігрантаў з Расеі. Наогул, таксама ў іншыя краіны Эўразьвязу. Польшча не зьяўляецца выключэньнем. Пра рост колькасьці заяваў з просьбай аб палітычным прытулку паведамляюць таксама Нямеччына, Аўстрыя ці Францыя. Ад чаго ўцякаюць расейскія грамадзяне? Цяжка назваць адну прычыну. Напрыклад, большасьць грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, якія прыбываюць у Польшчу, гэта на самой справе грамадзяне Чачні, дзе апошнім часам не было пагаршэньня сытуацыі. Трэба сказаць, што апарат адміністрацыі ў Чачні, хоць сапраўды даволі рэпэсійны, аднак застаецца стабільным. Адсюль і падазрэньне, што чачэнцы, якія прыбываюць у Эўропу, ужо раней з каўкаскіх рэспублікаў пераехалі ў цэнтральную Расею , а цяпер імкнуцца далей, на Захад у пошуках лепшых умоваў жыцьця. Напэўна, на гэтую сытуацыю ўплыў мае факт, што наогул атмасфэра ў Расеі не спрыяе прышэльцам. Гаворка ідзе пра рост нацыяналістычных і варожых настрояў. Талерантнасьць карэнных жыхароў Расеі ў дачыненьні да імігрантаў з Паўночнага Каўказу зьмяншаецца. Да гэтага прычыняюцца таксама самі ўлады, якія ладзяць паказальныя акцыі па выдаленьні імігрантаў. Такія крокі спрыяюць росту нянавісьці ня толькі ў дачыненьні да прышэльцаў з Цэнтральнай Азіі, але таксама рэспублік Паўночнага Каўказу. Гэта бачнае таксама па выніках сацыялягічных апытаньняў. Паводле іх, расейцы найбольш ненавідзяць выхадцаў з Паўночнага Каўказу. Гэта цікава, паколькі Каўказ зьяўляецца часткай Расеі, а рост варожых настрояў у адносінах да суайчыньнікаў можа быць небясьпечным для самой Расеі.
Ці на рост уцекачоў з Паўночнага Каўказу можа мець уплыў падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў у Сочы?
Катажына Яжыньска: Расейскія ўлады асабліва зацікаўлены ў правільным правядзеньні Алімпійскіх гульняў у Сочы. Нагадваю, Уладзімір Пуцін асабіста хадайнічаў за права на іх арганізацыю. Таму цяпер расейскія ўлады будуць любым чынам змагацца за тое, каб гульні прайшлі безь ніякіх інцыдэнтаў. Таму яны могуць сапраўды праводзіць больш жорсткі кантроль ці прымяняць асаблівыя рэпрэсіі ў дачыненьні да рэгіёну Паўночнага Каўказу. Цяжка сказаць, ці гэта сапраўды ўплывае на жыцьцё звычайных грамадзянаў, ці гэта можа стаць прычынай росту плыні мігрантаў з гэтага рэгіёну. Паводле мяне, асноўная прычына - гэта агульны рост нацыяналістычных і варожых настрояў па ўсёй Расеі. Наступная справа: Польшча зьяўляецца першай транзытнай краінай на шляху імігрантаў, а мяжу паміж Польшчай і Беларусяй даволі лёгка перасячы. Гэта вынік няшчыльнасьці зь беларускага боку. У Польшчы імігранты выступаюць за палітычны прытулак, і часта нават не чакаюць заканчэньня працэдураў, толькі выязджаюць далей на Захад, шукаючы там лепшых умоваў жыцьця.
Наколькі абгрунтаваныя эўрапейскія боязі, што разам з ростам іміграцыі з Паўночнага Каўказы адбудзецца рост экстрэмізму?
Катажына Яжыньска: Расейскія ўлады распаўсюджваюць інфармацыю пра тое, што ў эміграцыйным асяродзьдзі сувязь з тэрарыстычнымі арганізацыямі большая, чым сярод звычайных грамадзянаў. Усё ж, афіцыйныя дадзеныя, якія знаходзяцца на старонцы Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, гэтага не пацьвярджаюць. Наадварот, сярод груп імігрантаў злачыннасьць меншая, паколькі яны жывуць пад прэсінгам. Часта гэтыя людзі жывуць у Расеі нелегальна, таму й стараюцца не зьвяртаць на сябе увагу, не ўваходзіць у злачынную дзейнасьць. Боязь выклікае факт, што ў гэтых дыяспарах дзейнічае іншая культура; назіраецца іншая мэнтальнасьць. Часам імігранты паводзяць сябе інакш, адкрыта дэманструюць свае рэлігійныя абрады, чым выклікаюць супраціў мясцовых жыхароў.
А якім чынам Расея ставіцца да факту, што ейныя грамадзяне, прынамсі іх частка, проста зьбягаюць?
Катажына Яжыньска: Напэўна, гэта некарысна для расейскіх уладаў, перш за ўсё, у выніку дэмаграфічнай сытуацыі ў Расеі. Колькасьць грамадзянаў Расеі імкліва зьмяншаецца. Расейскія ўлады разумеюць, што станоўчы натуральны прырост, які назіраецца ў рэспубліках Паўночнага Каўказу, можа быць спосабам вырашэньня адмоўных дэмаграфічных тэндэнцый. У пэрспэктыве Расея павінна паклапaціцца пра тое, каб прыцягнуць як найбольш імігрантаў, напрыклад, з краінаў Цэнтральнай Азіі, якія ўжо цяпер складаюць у Расеі найбуйнейшыя дыяспары й рашуча хадайнічаць за тое, каб расейскае насельніцтва заставалася ў Расеі.
Нашым суразмоўцам была Катажына Яжыньска – экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў.
Тым часам з хваляй легальнай іміграцыі ў Эўропу, расьце таксама колькасьць нелегалаў. Паводле дадзеных нямецкай паліцыі, у першыя чатыры месяцы бягучага года, толькі ў раёне Франкфурта-на-Одэры было затрымана амаль 500 чалавек бязь віду на жыхарства ў Нямеччыне. 90% зь іх складалі чачэнцы. Дзеля параўнаньня – за ўвесь 2011 год затрымана 200 нелегалаў, а ў 2012 годзе – 900.
аз