Да канца 2014 году ў Крушынянах у Падляскім ваяводзтве, блізу мяжы зь Беларусьсю, будзе пабудаваны Цэнтар адукацыі й культуры мусульманскіх татараў Польшчы. На днях падпісаная дамова ў гэтай справе.
Інвэстыцыю будзе рэалізоўваць мусульманская супольнасьць Крушынян. Мы размаўляем зь яе старшынём Браніславам Талькоўскім.
Раскажыце, калі ласка, якую ролю будзе выконваць цэнтар?
Б. Талькоўскі: Найперш адукацыйную. Гэта таксама будзе музэйная пляцоўка, паколькі цэнтар будзе мець некалькі заляў – гістарычную, музэйную, залю для варштатаў, будзе заля для правядзеньня лекцый гісторыі, паколькі на іх ёсьць запатрабаваньне сярод дырэктараў школ. Яны часта зьвяртаюцца да нас, каб правесьці такія ўрокі менавіта ў самых Крушынянах.
Такім чынам можна сказаць, што цэнтар будзе месцам папулярызацыі культуры й гісторыі татарскай супольнасьці, якая на польскіх землях жыве больш за 600 гадоў.
Б. Талькоўскі: Так. Пры нагодзе хачу сказаць, што ў лістападзе 2012 году распараджэньнем прэзыдэнта Польшчы мусульманскім могілкам і мячэці ў Крушынянах быў нададзены статус помніка гісторыі. На Падляшшы гэта другі аб’ект, пасьля Аўгустоўскага каналу, які атрымаў такі статус. Гэта павялічыла цікавасьць турыстаў, але турыстычная прапанова надалей у гэтым месцы застаецца вельмі слабой. Пабудова такога аб’екту, як Цэнтар адукацыі й культуры мусульманскіх татараў, дазволіць палепшыць якасьць абслугоўваньня. Адначасова зьявяцца новыя месцы працы. Мы спадзяемся, што ўзьнікнуць новыя інвэстыцыі й прадпрыемствы.
Акрамя таго, што цэнтар будзе выконваць адукацыйную й інфармацыйную ролю, плянуецца таксама правядзеньне навуковых дасьледаваньняў на тэму польскіх татараў.
Б. Талькоўскі: Мы будзем над гэтым працаваць. З боку Варшаўскага ўнівэрсытэта ёсьць зацікаўленьне супрацай, паколькі ёсьць шмат гістарычных месцаў, якія патрабуюць поўнай інвэнтарызацыі гістарычных памятак. Варта адзначыць, што ў музэйнай залі ў цэнтры будуць сабраныя розныя асабістыя рэчы мясцовых татар, якія яны ня маюць магчымасьці нідзе іх паказаць.
Плянаваны кошт будовы цэнтра складае больш за 5 мільёнаў злотых (1,6 мільёна даляраў). Пераважная частка сродкаў будзе паходзіць з Эўразьвязу.
На колькі вялікай зьяўляецца татарская супольнасьць у Польшчы?
Б. Талькоўскі: Гэта вельмі цяжка падлічыць. Гаворыцца пра прыкладна 2-3 тысячы. І гэта, відаць, найбольш рэальная лічба актыўных татар. У сваю чаргу ёсьць значная колькасьць татар, якія не актыўныя. Але адначасова цяпер многія пачынаюць шукаць свае карані. Да мяне ў месяц звоніць некалькі чалавек, каб папрасіць дапамагчы ідэнтыфікаваць татарскія карані.
А дзе пражывае найбольшая колькасьць татараў у Падляскім ваяводзтве?
Б. Талькоўскі: У Крушынянах і Багоніках знаходзяцца мячэці й мізар. У гэтых мясцовасьцях Ян ІІІ Сабескі пасяліў свае татарскія аддзелы, адгэтуль тут і ўзяліся татары. Але найбольшым месцам іх пражываньня зьяўляецца Беласток. У 60-80-х гадах жыхары ўсходняй Польшчы выязджалі за працай на Захад, але потым вярталіся менавіта ў Беласток, бліжэй да мячэцяў і мізараў. Таксама тут шмат татараў-мігрантаў з тэрыторый цяперашніх заходніх Беларусі й Летувы.
Тым больш важнай здаецца будова цэнтра, каб захоўваць і перадаваць гісторыю татар на польскіх землях.
Б. Талькоўскі: Нам прыемна, што да нас менавіта так ставяцца. Людзі татарскага паходжаньня займалі ў Польшчы вельмі важныя дзяржаўныя пасады, вайсковыя функцыі. У часе кіраваньня маршалка Юзэфа Пілсудзкага яго найбліжэйшай аховай былі менавіта татары. А яго сябра Сінкевіч, таксама татар, дапамог яму выбрацца зь вязьніцы ў Пецярбургу. Таму пазытыўная гісторыя татар, якая пераважае ў Польшчы, станоўча ўплывае на нашую супольнасьць, і нам удаецца захаваць сваю нацыянальную й рэлігійную тоеснасьць.
Дзякуем за размову.
Галіна Остас/ав