Logo Polskiego Radia
Print

Польскі ўрад будзе дапрацоўваць бюджэт

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.07.2013 13:59
  • бюджэт.mp3
Каб павялічыць дэфіцыт, урад плянуе прыпыніць абмежаваньні, якія вынікаюць з Закона аб дзяржаўных фінансах.

Пасьля 7 месяцаў рэалізацыі бюджэту польскі ўрад абвясьціў аб увядзеньні ў яго сур’ёзных паправак. Каб павялічыць бюджэтны дэфіцыт, урад плянуе прыпыніць абмежаваньні, якія вынікаюць з Закона аб дзяржаўных фінансах. Гэтак званыя парогі бясьпекі павінны былі абараняць дзяржаўныя фінансы ад празьмернай запазычанасьці. Ідэя ўраду выклікала крытыку апазыцыі ды сумневы экспэртаў.

Гэта ўжо афіцыйна пацьверджана – у жніўні ўрад унясе сур’ёзныя папраўкі ў сёлетні дзяржаўны бюджэт. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністар Дональд Туск на прэс-канфэрэнцыі пасьля паседжаньня кабінэта міністраў.

Як патлумачыў кіраўнік польскага ўраду, прычынай мадыфікацыі бюджэту зьяўляюцца меншыя, чым чаканыя, даходы. У дзяржаўнай касе можа не хапіць больш чым 5 мільярдаў 620 мільёнаў эўра.

Дональд Туск: Беручы пад увагу ўнутранае спажываньне, мы будзем шукаць рашэньні, якія не ўдараць палякаў па кішэні. Гэта ня толькі таму, што ў нас уражлівыя сэрцы, хоць грамадзкі фактар выконвае важную ролю. Паводле нас, празьмерныя скарачэньні выдаткаў маглі б надта абмежаваць спажываньне й схільнасьць да інвэстыцыяў.

Дональд Туск заявіў, што ўрад плянуе павялічыць дэфіцыт на больш за 3 мільярды 747 мільёнаў эўра, то бок да амаль 11 мільярдаў 944 мільёнаў эўра. Адначасова бюджэтныя выдаткі ўсіх ведамстваў павінны быць скарочаныя на 1 мільярд 990 мільёнаў эўра.

Кіраўнік польскага ўраду дадаў, што бягучы год мае вырашальнае значэньне для барацьбы з эканамічным крызысам, але ўжо 2014 павінен прынесьці ажыўленьне эканомікі.

У сваю чаргу віцэ-прэм'ер і міністар эканомікі Януш Пехаціньскі дадаў, што ключавое значэньне будзе мець таксама стымуляваньне эканомікі й абарона інвэстыцый.

Паводле міністра фінансаў Яцэка Растоўскага праблемы бюджэту краіны – гэта вынік памылковага курсу Рады грашовай палітыкі й зьнешніх фактараў.

Яцэк Растоўскі: Першы фактар – гэта зьнешнія ўмовы. Мы ведалі й ня ўтойвалі таго, што вонкавыя эканамічныя фактары могуць менавіта такім чынам паўплываць на польскую эканоміку. Другі фактар – гэта недастаткова актыўны курс Рады грашовай палітыкі. У маёй ацэнцы, рада павінна была хутчэй і больш рашуча скарачаць стаўку рэфінансаваньня.

Міністар фінансаў растлумачыў, што заявы ўраду аб прыпыненьні гэтак званых парогаў бясьпекі на час унясеньня паправак у сёлетні бюджэт зьвязаныя з больш сур'ёзнымі зьменамі. У прыватнасьці яны датычаць увядзеньня новых правілаў па стабілізацыі выдаткаў.

Адначасова міністар Растоўскі прызнаў, што спачатку будзе ўведзены закон, які адменіць дзейныя працэдуры бясьпекі. Нагадваем, існуючы закон робіць немагчымым павелічэньне бюджэтнага дэфіцыту, калі дзяржаўны доўг перавышае 50% ВУП.
Кіраўнік фінансавага ведамства спадзяецца, што да сярэдзіны верасьня ўдасца ажыцьцявіць новы закон аб дзяржаўных фінансах.

Заява ўвядзеньня дадатковых скарачэньняў у бюджэтныя выдаткі выклікала пытаньне: за кошт каторага ведамства плянаваныя ашчаднасьці будуць ажыцьцяўляцца?

Міністар працы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш супакойвае, што праблемы бюджэту ня будуць вырашацца за кошт пэнсіянэраў і беспрацоўных.

Уладзіслаў Касіняк-Камыш: Ня будзе скарачэньняў пэнсіяў, пэнсіяў па непрацаздольнасьці, дапамогі для беспрацоўных ці сацыяльнай дапамогі. Гэта непарушныя абавязацельствы.

Урадавыя пляны зьмены дзейных правілаў з мэтай мадыфікацыі бюджэту востра раскрытыкавала віцэ-старшыня апазыцыйнай партыі „Права й справядлівасьць” Бэата Шыдла. Яна нагадвае, што апазыцыя перасьцерагала ўрад перад запісваньнем у бюджэтным законе нерэальных прадпасылак.

Бэата Шыдла: Гэта ўжо нават не крэатыўная бугхалтэрыя. Гэта адсутнасьць якога-колечы суцэльнага погляду на дзяржаўныя фінансы.

У сваю чаргу „Саюз левых дэмакратычных сілаў” абвінавачвае міністра фінансаў у тым, што чарговы раз няправільна ацаніў даходы бюджэту. Лідар левых сілаў заклікаў урад прадставіць плян выратаваньня дзяржаўных фінансаў.

Паводле Лешэка Мілера, бюджэт краіны з самага пачатку меў віртуальны характар.

Лешэк Мілер: Калі б галоўны бугхалтар у сур’ёзнай фірме настолькі памыліўся, то ягоная кар’ера была б закончаная. Тым часам міністар Растоўскі памыляецца ўжо чарговы раз, пры гэтым ён у выдатным настроі.

Мілер адзначае, што ўрад павінен прадставіць плян паляпшэньня фінансаў дзяржавы, які прадугледжваў бы дзеяньні з мэтай эканамічнага росту, паказваў памер плянаваных скарачэньняў і сацыяльнай дапамогі. Саюз левых дэмакратычных сілаў таксама хоча аўдыту дзяржаўных фінансаў.

Урадавыя заявы, датычныя плянаў зьмены заканадаўства, выклікаюць сумневы экспэртаў. Галоўны эканаміст банка „Nordea” Пётр Буяк падкрэсьлівае, што гэта выклікае абгрунтаванае пытаньне: ці сапраўды дзяржаўныя фінансы ў Польшчы знаходзяцца пад аховай парогаў бясьпекі?

Пётр Буяк: Мы можам задумоўвацца, ці гэтыя парогі бясьпекі яшчэ ўвогуле стаяць на варце дзяржаўных фінансаў, ды ці ў любы нявыгадны момант яны ня змогуць быць прыпыненыя.

У сваю чаргу аналітык ING TFI Павэл Цымцык лічыць, што прапанаванае ўрадам рашэньне, безумоўна, будзе стратай для ўсіх грамадзянаў.

Павэл Цымцык: Згаданае рашэньне – гэта частковы кампраміс. Тым ня менш, на гэтым страцім мы ўсе. Нагадваю, больш за 8 мільярдаў злотых ашчаднасьцяў будуць зробленыя за кошт выдаткаў канкрэтных ведамстваў.

Усё ж, паводле экспэртаў, у цяперашняй эканамічнай сытуацыі рашучыя дзеяньня неабходныя.

Эканамісты дадаюць, што альтэрнатывай павелічэньня запазычанасьці можа быць павышэньне ўзроўню падаткаў. Усё ж гэтага ня хочуць ані падаткаплатнікі, ані палітыкі, асабліва за год да выбараў у муніцыпальныя ўлады й Эўрапарлямэнт.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт