Logo Polskiego Radia
Print

Мы палюбілі гістарычныя рэканструкцыі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 16.07.2013 11:12
У мінулыя выходныя каля тысячы рыцараў з розных эўрапейскіх краін брала ўдзел у рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы.
Грунвальдзкая бітва, Ян МатэйкаГрунвальдзкая бітва, Ян МатэйкаJan Matejko


У наступныя выходныя – чарговы этап рэканструкцыі – аблога Мальбарку. Адкуль у сучасьнікаў такое зацікаўленьне гісторыяй?

13 ліпеня амаль тысяча рыцараў з Польшчы, Беларусі, Расеі, Чэхіі і Фінляндыі прымалі ўдзел у рэканструкцыі Грунвальдзкай бітвы. Мерапрыемства, як штогод, прайшло на тым жа месцы, дзе адбылася бітва 603 гады таму. Згодна з гістарычнай праўдай, у бітве перамагло аб’яднанае войска Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Сёньня цяжка сказаць, хто дакладна перамог тую бітву, хоць сучаснай Летуве на руку рабіць сябе правапераймальніцай ВКЛ, лічыць вядомы беларускі гісторык-геральдыст Анатоль Цітоў.

Анатоль Цітоў, гісторык: У тыя часы не нацыянальная ці племянная, а тэрытарыяльная, дзяржаўная прыналежнасьць вызначала асобу, а таксама веравызнаньне. Пра летувісаў там наогул няма чаго казаць. Як дзяржава Летува зьявілася толькі ў 1918 годзе. Гэта адзіны выпадак у гісторыі, калі ад крыку „Халва!” стала салодка ў роце. Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага – гэта на 90% тэрыторыя сучаснай Беларусі. Бітву перамаглі ўсе грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага. На сёньняшні дзень, з пункту гледжання палітыкі, Летуве зручна сьцьвярджаць, што яна зьяўляецца правапераймальніцай ВКЛ, што зусім ня так – летапісы ня згадваюць Аўкштоту. Гэта больш позьнія прыдумкі.

Рост зацікаўленьня гісторыяй і рэканструкцыямі гістарычных падзей – гэта заўсёды добра, асабліва ў час, калі народ шукае свае падмуркі, падкрэсьлівае Анатоль Цітоў.

Анатоль Цітоў, гісторык: Я думаю, што гэта трэба толькі віншаваць і нават узнагароджаваць. Xай лепш людзі займаюцца гістарычнымі справамі, чым маюць марнаваць свой час і спажываць розныя некарысныя для здароўя рэчы. У савецкі час гісторыі не было. Была толькі гісторыя Расеі плюс асобныя моманты падзей з нацыянальных ускраін. А цяпер, калі абуджаецца нацыянальная самасьвядомасьць, людзі шукаюць свае нейкія падмуркі ў гісторыі, на якія яны могуць абапірацца, каб ісьці наперд. Гэта трэба толькі вітаць.

Людзям уласціва імкненьне пазнаваць невядомае і ўвасабляць яго на сабе, кажа псіхоляг Жана Міцкевіч.

Жана Міцкевіч, псіхоляг: Мне здаецца, што гэта зьвязана з сацыяльнымі ўмовамі. Калі людзі жывуць у спакоі, у міры, тады ўзьнікае вялікая цікавасьць да гісторыі, да мінулага, да таго, як жылі. І калі ты гэтае мінулае можаш увасобіць на сабе, то гэта таксама доказ сваёй самаадзнакі. Чалавек хоча паглядзець на сябе другімі вачыма, паглядзець на сябе ў іншыйм стагодзьдзі, паглядзець, што ён, сучасны чалавек, можа. І гэта таксама звычайная людзкая цікавасьць да іншага.

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, убачыць рэканструкцыю Грунвальдзкай бітвы прыйшло каля 40 тысяч гледачоў.

Аляксандар Сасноў, сацыёляг: Людзей пацягнула да гістарычнай рэканструкцыі. Я думаю, што гэта добра. Людзі xочуць ведаць сваю гісторыю, яны асэнсоўваюць сябе такім чынам. І гэта добра.

Пасьля бліскучай перамогі літоўска-польскае войска стаяла на полі бітвы яшчэ тры дні, а потым рушыла на сталіцу Тэўтонскага ордэну — Марыенбург. Па тым жа шляху ідуць і сучасныя аматары гісторыі. Яны ўжо перамяшчаюцца ў г. Мальбарк, дзе 19-21 ліпеня адбудзецца чарговая рэканструкцыя – аблога Марыенбургу.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт