Пра сьмерць аднаго з найлепшых польскіх альпіністаў паведамілі яго сябры, спасылыючыся на тэлефонную размову зь яго калегам Марцінам Качканам.
Артур Хайзэр быў адным з найбольш дасьведчаных польскіх альпіністаў, стваральнікам праграмы “Польскі зімовы гімалаізм”. Ён загінуў падчас спуску пасьля няўдалай спробы ўвайсьці на вяршыню Гашэрбум І у пакістанскім горным масіве Каракорум.
Ці вядома, што сталася падчас спуску? Мы задалі гэтае пытаньне старшыні фонду Падтрымка польскага альпінізму імя Ежы Кукучкі Ежы Натканьскаму.
Е. Натканьскі: Падчас спуску адбыўся няшчасны выпадак, выкліканы атмасфэрнымі ўмовамі. Удзельнікі экспэдыцыі вярталіся з-за моцнага ветру, урагану. Артур упаў у цясьніну, а прычын можа быць шмат – парваны страхавы канат, стрэс, паколькі Артуру здавалася, што яго напарнік Марцін упаў уніз. Напэўна, гэта яго спужала. Вяртаньне ў лягер адбывалася пры псыхічным дыскамфорце. Стрэс мог стаць прычынаю якой-небудзь памылкі, а можа гэта вонкавая прычына – падаючы камень, кавалак лёду. Прычын магло быць шмат.
Бягучы год складаны для польскага альпінізму. Нядаўна на іншай вяршыне масіву Каракорум, Броўд-Пік, загінулі два гімалаісты. Іх целы да гэтага часу ня знойдзеныя. Цяпер адбылася трагедыя на Гашэрбрум. Рызыка сьмерці ўпісанае ў гэтае хобі, кожны хто ідзе ў такія высокія горы разумее, што можа не вярнуцца – кажа Ежы Натканьскі.
Е. Натканьскі: Пад’ём у польскія Татры таксама можа закончыцца трагедыяй. Кожны альпініст разумее, што здарыцца можа ўсё. Калі казаць пра Гашэрбрум, то гэта вышыня больш за 8 тысяч мэтраў, а таму аб’ектыўна пагрозаў больш. Калі б гэта была зіма, то гэта быў бы поўны экстрым. У высокіх гарах так ёсьць і так заўсёды было. Гэтыя горы не складаныя, але й ня лёгкія – яны аднолькавыя. Пагрозы заўсёды ёсьць. Канешне, кожная сьмерць – гэта вялікая трагедыя. Сёлета гэта ня першы выпадак, і нам вельмі цяжка гэта прыняць. Але я ня думаю, што гэта зьнішчыць нашае імкненьне езьдзіць у Гімалаі, каб мы не спрабавалі падняцца на гэтыя васьмітысячныя горы. Ня думаю, што так станецца.
Незаўсёды, нават прыняўшы рашэньня вяртацца, можна выратаваць жыцьцё – кажа старшыня Польскага саюзу альпіністаў Януш Анышкевіч.
Я. Анышкевіч: Здаецца, што выпадак з Хайзэрам здарыўся ў гэтак званай японскай цясьніне. Цясьніна – гэта такі ледзяны спуск. Пад’ём і спуск па такой ледзяной сьцежцы для дасьведчанага альпініста, якім быў Хайзэр, не зьяўляецца нечым надзвычай складаным. Аднак у сытуацыі, калі яму здавалася, што трэба дапамагчы напарніку, можна было лёгка зрабіць памылку, фальшывы крок. А калі ў такой цясьніне пачнеш падаць, то затрымацца ужо не ўдасцца.
Заўсёда падчас такіх трагедый узьнікае пытаньне, ці гімалаізм не зьяўляецца гульнёй з жыцьцём? Паводле Януша Анышкевіча, кожны гімалаіст гэта дасканала разумее.
Я. Анышкевіч: Рызыка, канешне, ёсьць. І менавіта яна ў пэўным сэнсе робіць гімалаізм прыцягальным. Рызыка ўпісаная ў кожны экстрэмальны спорт. А гімалаізм зьяўляецца адным з найбольш экстрэмальных спортаў.
Загінуўшы Артур Хайзэр быў стваральнікам “Польскага зімовага гімалаізму”. Ці безь яго праграма зьнікне? Адказвае Ежы Натканьскі.
Е. Натканьскі: Ня думаю. Нават да заснаваньня праграмы адбываліся шматлікія падарожжы ў Гімалаі. Сапраўды, дзейнасьць можа быць ускладненая, бо ў дадзены момант спыненая падтрымка з боку міністэрства. На які час - невядома. Пры гэтым трэба адзначыць, што падтрымка міністэрства забясьпечвала толькі частку нашых расходаў, у асноўным гэта былі сродкі спонсараў. Таму я думаю, што нашыя спробы пад’ёму на васьмітысячныя горы надалей будуць працягвацца, бо акрамя апошніх дзьвюх трагедый, былі й посьпехі. Цягам апошняга 1,5 году нашыя гімалаісты падняліся зімою на дзьве васьмітысячныя вяршыні. Гэта немалаважны посьпех у сусьветным гімалаізьме.
Пра сьмерць Артура Хайзэра ўчора паведаміў яго напарнік Марцін Качкан. Ён спускаецца разам з расейскімі альпіністамі. Лёс Артура Хайзэра да канца невядомы. Аднак паводле ўступнай, непацьверджанай інфармацыі, польскі гімалаіст загінуў.
М. Стжалковскі, ав