Logo Polskiego Radia
Print

Навумчык: Каб спыніць Лукашэнку, я прапанаваў Кебічу сарваць другі тур

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 11.07.2013 12:41
Былы каардынатар апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ўзгадвае другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

10 ліпеня 1994 года ў Беларусі адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных ЦВК, Аляксандар Лукашэнка перамог свайго суперніка, тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча, галасамі 80,6% выбарцаў. Выбары 1994 года вызначылі лёс краіны на амаль як два дзесяцігодзьдзі.

Падзеі ліпеня 1994 года ўзгадвае ў эфіры Польскага радыё тагачасны каардынатар апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце, давераная асоба Зянона Пазьняка, Сяргей Навумчык.

Спадар Сяргей, ці дапускалі Вы ў 1994 годзе, што для краіны тыя выбары скончацца так драматычна?

С. Навумчык: Безумоўна. Яшчэ падчас 1-га туру я быў у кабінэце старшыні ЦВК Уладзімера Абрамовіча, як давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка. Я там праседзеў да чатырох гадзін раніцы і бачыў, як сьцякаліся вынікі галасаваньня. Пазьней я паехаў на Варвашэні, 8 і пабачыў, што зьвесткі БНФ былі такія самыя. Па нашых дадзеных Лукашэнка перамагаў у першым туры, а другім быў Пазьняк. Затым былі Шушкевіч і Кебіч. Пад раніцу ўлады адміністрацыйным рэсурсам “вывелі” Кебіча ў 2-гі тур. Каля пятай раніцы я ехаў дадому ва Ўручча й мне было паскудна ехаць па гэтым горадзе, які такой колькасьцю прагаласаваў за Лукашэнку.

Аднак людзям ён падаваўся вельмі сымпатычным і адкрытым палітыкам. Інакш бы яны за яго не галасавалі?

С. Навумчык: Мы яго ведалі чатыры гады. Яго ніколі нельга было западозрыць ані ў сымпатыях да беларушчыны, ані да дэмакратыі ці правоў чалавека. Гэта была цалкам аўтарытарная асоба. Ён ніколі не ўсьміхаўся, калі толькі са зла. Вылучэньне й падтрымка яго часткай тагачаснай эліты – гэта было злачынства. Маё асяродзьдзе выдатна разумела катастрофу, да якой наблізілася краіна.

Людзі павяліся на яго папулізм, ці прычыны больш глыбокія?

С. Навумчык: Улада Кебіча да 1994 года цалкам сябе дыскрэдытавала. Карупцыяй, няздольнасьцю правесьці рэформы... Зь іншага боку, у іх былі СМІ. Яны ганьбілі любую альтэрнатыву. Прапаганда дзейнічала супраць БНФ і Пазьняка. Цяпер кажуць, што Лукашэнку тады палівалі брудам. Апошнія тыдні выбарчай кампаніі – так. Але перад гэтым радыё й тэлебачаньне рабілі Лукашэнку неверагоднае “паблісіці”, разглядаючы яго як таран супраць Пазьняка. Кебіч спачатку не верыў, што Лукашэнка пойдзе ў прэзыдэнты, але потым ён прызнаў мне рацыю. Акрамя таго, Лукашэнку падтрымлівала Масква. Зразумела, яны ставілі й на Кебіча, але Лукашэнка таксама быў і застаецца іх чалавекам.

БНФ заклікаў галасаваць супраць Лукашэнкі й Кебіча, а ці былі іншыя варыянты, можа больш эфэктыўныя, каб не дапусьціць яго да ўлады?

С. Навумчык: Пасьля першага туру я размаўляў з Кебічам. Ён прасіў, каб БНФ яго падтрымаў. Зразумела, што гэта было немагчыма. Я тады сказаў яму: шмат людзей ідзе галасаваць не за Лукашэнку, а супраць вас. Здымайце сваю кандыдатуру, а мы здымем сваіх назіральнікаў”. У нас былі назіральнікі на кожным участку, 7 тысяч чалавек. Я даў яму ясна зразумець, што яны могуць рабіць там, што заўгодна, на тых участках. Па тагачасным законе ніхто з тых кандыдатаў, якія бралі ўдзел у выбарах, не маглі б вылучацца ізноў. У нас былі перамовы з тагачасным кіраўніком парлямэнта Грыбам, які па Канстытуцыі, калі б выбары не адбыліся, выконваў бы абавязкі прэзыдэнта. Была б мачымасьць скасаваць прэзыдэнцтва ў Беларусі. Мяне могуць папракнуць, што мы прапаноўвалі не да канца чэсную гульную. Але мы ўсьведамлялі трагізм сытуацыі. І ў такой сытуацыі гэтыя дзеяньні былі апраўданыя. Але Кебіч гэтую прапанову не прыняў. Пазыцыя Грыба была даволі сьвядомая, але ён не мог нічога зрабіць.

Ці пасьля Лукашэнкі беларусы, на вашу думку, могуць выбраць яшчэ аднаго папуліста?

С. Навумчык: Такая небясьпека ёсьць. Усе гэтыя 19 гадоў улада рабіла ўсё, каб не даваць расьці палітычнай культуры. Яна яшчэ меншая, чым у 1994 годзе. Я не бяру пад увагу эліту, а кажу пра большасьць насельніцтва. Таму шанец, што прыйдзе нешта падобнае, застаецца вельмі вялікі.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт