Logo Polskiego Radia
Print

Адліга паміж Брусэлем і Менскам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.06.2013 11:55
Калі сытуацыя зьменіцца, Польшча павінна заняцца ўласнымі інтарэсамі.

/

Брусэль рыхтуе глебу пад адлігу зь Беларусяй – мяркуе „Dziennik – Gazeta Prawna”. Магчыма, ужо ў панядзелак міністар замежных спраў Уладзімер Макей будзе выкрэсьлены са сьпісу неўяздных у Эўрапейскі Зьвяз. Такое рашэньне было прынятае, нягледзячы на тое, што за кратамі знаходзяцца палітычныя вязьні, вызваленьне якіх было асноўнай умовай якіх-небудзь перамоваў зь Менскам.

Калі на пачатку чэрвеня я быў на сустрэчы ў летувіскім МЗС, адкрыта казалі, што санкцыі супраць Макея павінны быць адменены на час яго працы міністрам, - піша аўтар камэнтара Міхал Патоцкі. Афіцыйна гаворыцца пра адкрыцьцё каналу камунікацыі, а неафіцыйна – пра тое, каб Летува, якая 1 ліпеня прымае на сябе старшынства ў ЭЗ, магла распачаць супрацоўніцтва, спыненае пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі й рэпрэсій.

Рашэньне будзе прынятае ў панядзелак. Яно патрабуе адзінагалоснай згоды, але дыпляматы такіх краін, як Францыя ці Летува зрабілі шмат, каб яно было прынятае. Менск дасягне сваёй мэты: калі ў траўні Макей быў запрошаны на сустрэчу міністраў у Кракаў, ён адмовіўся прыехаць, патрабуючы адмены санкцый. Калі Брусэль пойдзе насустрач, Макей перастане дзьмуцца й прыедзе на ліпеньскую сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнэрства, якая павінна падрыхтаваць глебу пад саміт партнэрства, які адбудзецца восеньню.

Польшча займала прынцыповую пазыцыю, тым больш, што міністар Сікорскі пакрыўдзіўся на Лукашэнку, які абяцаў яму сумленныя выбары. Але, калі атмасфэра зьменіцца, трэба заняцца ўласнымі інтарэсамі – малы памежны рух, сытуацыя палякаў у Беларусі й лепшая ахова беларускімі памежнікамі свайго боку мяжы ад нелегальных мігрантаў.

Dziennik – Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт