Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка зноў вядзе сваю гульню

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.06.2013 15:16
  • ue.mp3
К. Клысінскі: Але яна менш эфэктыўная, чым была раней.

Аляксандар Лукашэнка заявіў нядаўна, што трэба разьвіваць адносіны з Эўрапейскім Зьвязам, але гэта ня можа адбывацца за кошт супрацоўніцтва з Расеяй. ЭЗ абвострыў эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму за парушэньні правоў чалавека. У чорных сьпісах неўяздных у Эўропу знаходзіцца 240 чалавек, у тым ліку сам Лукашэнка. Ці Беларусь насамрэч імкнецца да адлігі ў адносінах з ЭЗ, ці гэта толькі палітычная гульня?

Сапраўды, паводле словаў Лукашэнкі, Беларусь хацела бы палепшыць свае адносіны з Эўрапейскім Зьвязам, але ня могуць у выніку пацярпець кантакты з Расеяй. Як беларускі кіраўнік уяўляе сабе ў такім выпадку паляпшэньне адносінаў з Эўрапейскім Зьвязам? Гэтае пытаньне мы задалі Камілю Клысінскаму з Цэнтру ўсходніх дасьледваньняў.

К. Клысінскі: На ягоных умовах, зразумела. Гэта значыць, што ЭЗ адмовіцца ад патрабаваньня вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Лукашэнка хоча паказаць грамадзтву, што гэта ён вырашае, калі палітвязьні выйдуць на свабоду, а не ЭЗ. Ён імкнецца, каб Эўразьвяз паступова пачаў супрацоўніцтва, каб пачалі сустракацца з эўрапейскімі чыноўнікамі прадстаўнікі беларускіх уладаў. Тады можна было б паказаць Маскве, што ў Беларусі зноў ёсьць выбар. Гэта можа прыдацца ў перамовах з расейскім партнэрам.

Магчыма, гаворка ідзе таксама пра саміт Усходняга партнэрства. Лукашэнка вельмі хацеў бы, каб яго запрасілі ў якасьці афіцыйнага госьця на гэтую сустрэчу, якая адбудзецца ў Вільні восеньню.

К. Клысінскі: Канешне, А. Лукашэнка хутчэй за ўсё не паехаў бы на саміт, каб ня слухаць прэтэнзій з вуснаў лідараў эўрапейскіх дзяржаў. Але з пункту гледжаньня прэстыжу гэта была б вялікая перамога. Я вернуся яшчэ да выказваньня Лукашэнкі наконт пацяпленьня адносінаў з ЭЗ, але не за кошт Расеі. Нельга забываць, што гэтыя словы прагучалі ў гутарцы з прадстаўніком Расейскай Фэдэрацыі, сьпікерам Думы Сяргеем Нарышкіным. Гэта традыцыйная гульня Лукашэнкі. Яна, праўда, цяпер менш эфэктыўная, чым калісьці, але ён стараецца далей яе весьці. Паказвае Маскве, што думае таксама пра іншыя вэктары замежнай палітыкі, не зацыкліваецца толькі на адносінах з Расеяй.

Ці Эўрапейскі Зьвяз вельмі зацікаўлены, каб разьвіваць блізкае супрацоўніцтва зь Беларусяй? У якіх абласьцях ЭЗ мог бы супрацоўнічаць зь беларусамі?

К. Клысінскі: Без сумненьня, Беларусь цікавая Эўрапейскаму Зьвязу, гэта краіна, якая знаходзіцца ў Эўропе, адразу за мяжою Эўразьвязу. ЭЗ зацікаўлены ў тым, каб яго суседзямі былі спакойныя, стабільныя дзяржавы, якія разьвіваюцца й прытрымліваюцца, хаця б часткова, тых каштоўнасьцяў, на якіх заснаваны Зьвяз. Тады паяўляецца менш канфліктаў, лягчэй дагаварыцца. Магчыма, у пэрспэктыве, некаторыя краіны ЭЗ бачылі б таксама Беларусь сярод сябраў Эўрапейскага Зьвязу. З пункту гледжаньня івэстыцыяў, Беларусь – гэта цэнны рынак, асабліва ў галіне лягістыкі й транспарту. Геаграфічнае становішча Беларусі проста выдатнае – як на восі Усход-Захад, так і Поўдзень-Поўнач.

Улады падкрэсьліваюць, што варта разьвіваць бізнэс зь беларускімі партнэрамі, гэта аплочваецца, паколькі Беларусь зьяўляецца сябрам Мытнага Зьвязу з Расеяй і Казахстанам. І што для заходніх фірмаў інвэставаньне ў Беларусі азначае ўваход на вялікія рынкі – расейскі й казахскі.

К. Клысінскі: Так, але ўмовы інвэставаньня ў Расеі ды Казахстане паляпшаюцца значна хутчэй, чым у Беларусі. Так што дадзены аргумэнт даволі слабы. Гэты патэнцыял беларускія ўлады маглі б разьвіваць, але пры ўмове, што Менск прадпрыняў бы адпаведныя крокі. Так што трэба разглядаць значэньне Беларусі ў двух плоскасьцях – палітычнай ды інвэстыцыйнай.

Заявы палітыкаў – гэта адно, а рэакцыя грамадзтва – зусім іншае. Ці беларускае грамадзтва хацела б разьвіваць больш блізкія адносіны з Эўрапейскім Зьвязам?

К. Клысінскі: У беларускім грамадзтве назіраюцца падзелы. Частка хацела бы, каб гэтыя адносіны разьвіваліся й каб былі нармальныя. Пераважна гэта людзі, якія жывуць непадалёк ад мяжы з Польшчаю ці Летувою. Яны былі б задаволеныя, калі б пачалі дзейнічаць спрошчаныя правілы перасячэньня мяжы, гэтак званы малы памежны рух. Для жыхароў усходніх абласьцей гэта ня так важна. Так што ўсё залежыць ад таго, каго запытаем. Але напэўна вялікая частка беларускага грамадзтва з задавальненьнем успрыняла б ацяпленьне адносінаў паміж Беларусяй ды Эўрапейскім Зьвязам.

Катажына Інграм/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт