Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз не адмаўляецца ад патрабаваньняў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 09.06.2013 09:13
Даклад Палецкіса выявіў існаваньне дзьвюх палітычных ліній у Эўразьвязе.
foto: Flickr TPCOM/Creative Commons

Узаемадачыненьні на лініі Беларусь-Эўразьвяз ужо вельмі доўгі час знаходзяцца ў падвешаным, неакрэсьленым стане. Апошнімі днямі гучнай стала справаздача дакладчыка па Беларусі Юстаса Палецкіса, падрыхтаваная для Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Службы зьнешніх дзеяньняў Эўракамісіі. Дакумэнт, прадстаўлены на форум Эўрапарлямэнту, выявіў існаваньне дзьвюх палітычных ліній у Эўразьвязе: адной, скіраванай на дыялёг зь Беларусьсю безь ніякіх патрабаваньняў, і другой, якая ня згодная гандляваць дэмакратычнымі каштоўнасьцямі.

Даклад быў падрыхтаваны па выніках візыту Юстаса Палецкіса ў Менск 18-21 сакавіка і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазыцыі й праваабаронцы скрытыкавалі яго за тое, што ў ім адзначаецца «паляпшэньні сытуацыі» з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Пазьней ён прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе зьмененая.

Месяцамі цягнецца складаная гульня і на дыпляматычным узроўні, і на ўзроўні, недаступным для назіраньняў і аналізу. Абодвума бакамі выконваюцца выпрабавальныя крокі. Пры чым у гэтай гульні ўдзельнічаюць як сам Эўразьвяз, гэтак і паасобныя сяброўскія краіны ЭЗ. Іх дзеяньні скіраваныя на тое, каб абяцаньнем саступак, кампрамісаў, нейкіх бонусаў падштурхнуць беларускі бок да пэўных крокаў у напрамку лібэралізацыі і дэмакратызацыі, а ў першую чаргу да вызваленьня палітычных вязьняў.

Аднак беларускі бок ня робіць нічога, каб на справе даказаць сваю гатовасьць да дыялёгу, адзначае палітоляг Вячаслаў Пазьняк.

/

Вячаслаў Пазьняк: Амаль нічога ня робіцца, каб дзеяньнямі даказаць сваю гатовасьць пайсьці, хоць крышку, насустрач пажаданьням Эўрапейскага Зьвязу. А даклад Палецкіса, па-мойму, акрэсьліў адзін з палітычных напрамкаў Эўрапейскага Зьвязу – лінію максымальнага кампрамісу і згоды зьмякчыць пазыцыю па ўсіх напрамках, безь ніякіх чаканьняў. Даклад Палецкіса сымптаматычны, па-мойму, тым, што ён паказаў, што калегі па Эўрапарлямэнту не згадзіліся з такім „усёдаравальніцтвам”. Даклад быў істотна зьменены. І калі глядзець, як кажуць, на паверхню падзей, то даклад выявіў існаваньне дзьвюх палітычных ліній у Эўразьвязе. Адна скіраваная на дыялёг, які здымае ўсе папярэдне высунутыя патрабаваньні, у тым ліку вызваленьне й рэабілітацыю палітвязьняў. Другая лінія – гэта найперш рэалізм і ацэнка таго, што Менск на самой справе ня робіць абсалютна нічога, не выконвае абсалютна ніякіх крокаў для таго, каб паказаць, што ён гатовы з павагаю паставіцца да чаканьняў Эўрапейскага Зьвязу і ўсяе міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці.

Даклад Палецкіса Эўрапарлямэнтам ня быў прыняты, таму пакуль зарана казаць, што Эўразьвяз гатовы адступіць ад усіх сваіх патрабаваньняў.

Вячаслаў Пазьняк: Я б сказаў, што кропка па гэтым пытаньні яшчэ не пастаўленая. Мы тут бачым, калі не стандартныя, то звычайныя дыпляматычныя рухі, якія азначаюць варыянты і магчымасьці: калі вы робіце так, то зробім гэтак, калі не, дык не. Гэта адзін падыход. А другі, які, дарэчы, прасоўвае беларускі бок, – каб усё ж прымусіць Эўразьвяз не азірацца на каштоўнасці і прыняць чыста прагматычную, дэпалітызаваную лінію, вярнуцца да дыялёгу, каб адносіны перанесьці на ўзровень Эўразьвяз плюс трэцяя краіна. А калі Эўразьвяз плюс трэцяя краіна й прагматычныя ўзаемадачыненьні, то што тады рабіць з „Усходнім партнэрствам”? Што рабіць з эўрапейскай палітыкай добрасуседзтва? І ўрэшце рэшт што рабіць з заявамі Эўразьвязу пра націск на каштоўнасьці?

Падсумоўваючы стан адносін на лініі Беларусь-Эўразьвяз, можа сьцьвердзіць, што нейкія нязначныя працэсы ідуць, кантакты ажыцьцяўляюцца, але галоўнае пакуль не закранаецца і ніякіх істотных зрухаў няма, мяркуе палітоляг Андрэй Фёдараў.

/
Андрэй Фёдараў: Эўразьвяз жадае нейкага паляпшэньня, жадае пачаць працэс збліжэння, але ўсё ж чакае выкананьня сваіх умоў, найперш вызваленьня палітзьняволеных. А беларускі бок на гэта не ідзе і няма ніякіх прыкметаў, што ён зьбіраецца гэта выканаць. Мне здаецца, што пакуль гэтая ўмова ня будзе выкананая, дык ні аб якім паляпшэньні гаворкі таксама ня будзе.


Пасьля ўнясеньня правак скандальны даклад Палецкіса будзе пададзены на паўторны разгляд Камітэту замежных спраў ЭП. Папярэдні разгляд справаздачы аб Беларусі заплянаваны на 8 ліпеня. Затым даклад будзе вынесены на абмеркаваньне на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту.

Тэрмін ўнясеньня ў даклад правак і дадаткаў мінае 12 чэрвеня.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт