1 чэрвеня ў Польшчы, а таксама ў іншых краінах, адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэтае сьвята становіцца ўсё больш папулярным, гарады напераганкі стараюцца наладзіць як мага больш розных цікавых падзеяў для самых малодшых, якіх у Польшчы з году ў год становіцца ўсё менш.
Дзеці заўсёды былі будучыняй народа, але апошнім часам дзеці ў Польшчы сталі тэмай быць або ня быць нацыі. Паводле дэмаграфічных прагнозаў, калі тэмпы падзеньня нараджальнасьці ўтрымаюцца на такім жа ўзроўні, то да канца стагодзьдзя ў дзяржаве будзе пражываць толькі каля 16 млн чалавек. Гэта амаль у два з паловаю разы менш, чым цяпер. Таму палітыкі ўсё больш гавораць пра падтрымку сем’яў, асабліва шматдзетных. Важны таксама падыход людзей, якія апошнім часам пачалі цаніць каштоўнасьць сям’і – гаворыць Мацей Ношчак са Зьвязу вялікіх сем’яў 3+.
М. Ношчак: У апошнія дзесяцігодзьдзі людзі ставілі на кар’еру, на матэрыялізм, дзеці былі на другім пляне. Цяпер прыйшоў крызыс, і людзі заўважылі, што ў цяжкія часы апорай застаецца сям’я. Таму паступова мы вяртаемся да традыцыйных каштоўнасьцяў. Ужо здаўна было вядома, што краіна будзе выміраць, але палітыкі неяк не краналі гэтай тэмы. А пачалося ўсё з такіх арганізацый, як наша, дзе людзі не атрымліваюць грошай за сваю працу. Мы пачалі ад кантактаў з мясцовымі ўладамі, пазьней дайшлі да палітыкаў вышэйшага ўзроўню. Цяпер і ўрад заняўся гэтай тэмай, заўважыў праблему.
Зусім нядаўна ў Польшчы была ўведзена льгота ў падатках на кожнае дзіця, з наступнага году яна будзе залежыць ад колькасьці дзяцей у сям’і – чым больш патомства, тым вышэйшая льгота.
У Беларусі дэмаграфічная сытуацыя таксама катастрафічная. Пры насельніцтве, амаль у чатыры разы меншым, чым у Польшчы, краіна будзе выміраць яшчэ хутчэй, чым суседка. Праблема заключаецца ў тым, што часта людзі нават і хацелі б завесьці другое й трэцяе дзіця, мараць аб ім, але ня могуць сабе на гэта дазволіць, таму затрымліваюцца на першым – адзначае Крысьціна Вітушка, заснавальніца парталу www.dzietki.org
К. Вітушка: Большасьць сем’яў маюць толоьткі адно дзіця. Асноўная праблема ў тым, што сем’і наважваюцца на першае, але ня могуць нарадзіць другое й трэцяе. Прытым, гэта мара многіх сямей, яны жадаюць мець больш дзяцей, але людзі ня могуць сабе на гэта дазволіць.
Па закону, у Беларусі сем’і зь пяцьцю дзецьмі атрымліваюць кватэру, але насамрэч “выбіць” такія прывілеі нялёгка, яны дастуныя далёка ня ўсім. Тым ня менш, улады таксама стараюцца ўсялякім чынам падтрымліваць сем’і зь дзецьмі, прымаюць карыснае для маці заканадаўства, але часта гэтыя законы не выконваюцца, - скардзіцца Крысьціна Вітушка, сама маладая маці.
К. Вітушка: Ёсьць некаторыя элемэнты падтрымкі, які даюцца на водкуп наймальніку. Патэнцыйна ёсьць магчымасьць аднаго выходнага дня раз на месяц для аднаго з бацькоў, калі яны выхоўваюць двое або больш непаўнагадовых дзяцей. Але ні ў адным месцы працы, якія мне вядомыя, няма такой магчымасьці. Так што не заўсёды на дзяржаву трэба наракаць. Заканадаўча гэта магчыма, а кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый гэтага не вітаюць. І як толькі жанчына пачынае гэтым карыстацца, ёй наўпрост гавораць, што знойдуць ёй альтэрнатыву.
У Польшчы дзяцей мала, здавалася б, яны павінна мець усяго ўдоваль, тым ня менш, як паказваюць міжнародныя дасьледваньні, яны адчуваюць сябе нешчасьлівымі. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што грошы, без якіх немагчыма жыць, не даюць шчасьця. Дзяцей прыгнятае матэрыялізм – мяркуе Мацей Ношчак.
М. Ношчак: Цяпер вялікая ўвага надаецца таму, каб нешта мець, а ня быць. Дзеці жадаюць мець больш, чым сябры, і з гэтым жаданьнем яны пакінутыя ў адзіноце. Гэта віна ў вялікай ступені бацькоў, якія думаюць, што школа, сыстэма выхаваюць ім дзяцей. А гэта няпраўда. Бацькі павінны заняцца дзецьмі, прысьвяціць ім увагу, паказаць сьвет каштоўнасьцяў. І тады дзіця будзе шчасьлівае. Тут патрэбныя бацькі, а не сыстэма.
Але думаю, што 1 чэрвеня абсалютная бальшыня дзўяцей на сьвеце шчасьлівыя, у тым ліку й у Польшчы, і ў Беларусі. Плянуючы на гэты дзень прапановы выхаду з дому разам зь дзецьмі, мы не маглі вырашыцца, што выбраць, так многа розных мерапрыемстваў падрыхтавалі ўлады польскай сталіцы. І, наколькі я ведаю са словаў Крысьціны Вітушкі, у Беларусі ў гэты дзень дзецям таксама не павінна быць сумна.
нг