У нядзелю 19-га траўня завяршыўся вядомы фэстываль фольк-музыкі “Новая традыцыя”. Імпрэзу ладзіць у 16-ы раз Польскае радыё. Гран-пры фэстывалю атрымаў гурт “Ціха й кампанія” (Cicha i Spólka).
16-19-га траўня ў Варшаве адбыўся фэстываль фольк-музыкі Польскага радыё “Новая традыцыя”. Гэтая імпрэза ладзіцца штогод з 1998-га году. За гэты час фэстываль здабыў рэнамэ аднаго з найважнейшых польскіх фольк-фэстываляў. Падчас імпрэзы адбываюцца канцэрты польскіх і замежных фольк-гуртоў або ў стылі world music. Апроч канцэртнай часткі ладзіцца конкурс маладых выканаўцаў польскай фольк-музыкі, або музыкаў, якія шукаюць натхненьня ў фольк-музыцы.
Сёлета асноўным акцэнтам конкурснай праграмы стала музыка нацыянальных меншасьцяў у Польшчы. У параўнаньні зь мінулагоднімі выступамі, калі дамінавала спалучэньне народных мэлёдый з джазам, цяпер было вяртаньне да каранёў. Так ахарактарызаваў сёлетні конкурс кампазытар, старшыня журы Олё Валіцкі.
Олё Валіцкі: Апошнія некалькі год было шмат гуртоў этна-джазавых, джазавых. Сярод іх шмат хто граў такую музыку, якая толькі крыху натхнялася традыцыяй. Сёлета амаль не было прадстаўнікоў гэткай плыні. Затое, тыя хто быў, у іх адчувалася поўная энэргіі, сапраўдная сувязь з традыцыяй. Гэта самае каштоўнае.
Пераможцамі конкурсу “Новая трыдыцыя-2013” стала некалькі гуртоў. Трэцяе месца й прэмію ў 5000 злотых атрымалі гурты Angela Gaber Trio i PKP Raducz. Другое месца й прэмію ў 8000 злотых атрымалі - Lesja Folk i Meadow Quartet i Tomas Dobrovolskis. Галоўную ўзнагароду – Гран-пры й прэмію Міністра культуры й нацыянальнай спадчыны ў памеры 15000 злотых здабыў гурт Cicha & Spółka. Салістка гурту Караліна Ціха атрымалы прэмію імя Чэслава Немэна за характар й сцэнічны вобраз.
Галоўным фактарам перамогі стаў “хараткар музыканткі, выдатны голас ды агульная канцэпцыя”, прызналася журы. Хаця выбіраць было няпроста, казаў сябра журы Томаш Янас.
Томаш Янас: Рашэньне наконт гран-пры было адзінагалосным. Затое, упершыню за апошнія гады мы доўга дэбатавалі над тым, каму прызнаць наступныя узнагароды. Мы шукалі аргумэнты ды раўнавагу. Таму што гурты былі на падобным узроўні, але моцна адрозьніваліся стылістычна. У кожнага былі мінусы й шмат плюсаў. Таму, каб прыняць справядлівае рашэньне, абмеркаваньне было доўгім, але ўсе пагадзіліся.
Пераможцы конкурсу паказалі на фэстывалі праграму, якая складалася з забытых песьняў падляшскіх нацыянальных меншасьцяў. Гурт сьпяваў песьні на татарскай мове й ідыш, якія ўжо амаль не гучаць у гэтым рэгіёне. Распавядае Караліна Ціха.
Кароліна Ціха: Увесь год я зьбірала песьні на мовах падляшскіх меншасьцяў. Маёй задачай было знайсьці песьні на мовах меншасьцяў. Гэта мяне цікавіць у першую чаргу. Затое аранжыроўкі ўжо цалкам аўтарскія, а мэлёдыі – насамрэч з усяго сьвету. Было цяжка, бо падляшскія татары не сьпяваюць. Толькі цяпер пачалося адраджэньне татарскай мовы. Падобная сытуацыя з габрэямі. У Беластоку засталося толькі некалькі чалавек з габрэйскай меншасьці. Таму мне давялося ад пачатку адкрываць сфэру мовы. Музыкалягічна гэтыя песьні з усяго сьвету.
Гурт Cicha & Spółka засяроджваецца ў сваё творчасьці на адкрыцьці малавядомых бакоў музычнай спадчыны Падляшша. Гаворыць музыка гурту Барт Палыга.
Барт Палыга: Што тычыцца песьняў з Падляшша, то ёсьць гурты, якія граюць толькі падляшскія песьні. У нашым выпадку ідзецца пра пошук малавядомага боку Падляшша. Мала хто ведае, насамрэч, колькі там ёсьць меншасьцяў.
Сёлетні 16 фэстываль фольк-музыкі Польскага радыё “Новая традыцыя” прайшоў пад знакам музыкі нацыянальных меншасьцяў Польшчы. Пераможцы – гурт “Ціха й кампанія” ўразілі журы выкананьнем забытых песьняў жыхароў Падляшша.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч