Польская культура панесла сур’ёзныя страты падчас Другой сусьветнай вайны, між іншым, у сувязі з грабяжамі, зьдзейсьненымі як гітлераўцамі, так і савецкімі войскамі.
У той час, калі па справе вяртаньня польскай культурнай спадчыны Нямеччынай шмат удалося зрабіць, то з Расеяй справа ўсё яшчэ застаецца адкрытым пытаньнем. Гаворка ідзе пра атрыманьне назад дзяржаўных культурных каштоўнасьцяў, вывезеных за мяжу ў выніку ваенных грабяжоў. Гэта, перш за ўсё, калекцыі абразоў, манэт, кнігазбораў або архіваў.
Нагодай вярнуцца да гэтай тэмы, быў выпуск спэцыяльнага гістарычнага выданьня „Гавораць стагодзьдзі” ( „Mówią Wieki”), прысьвечанага справе вяртаньня польскай культурнай спадчыны раней Савецкім Саюзам, а цяпер Расеяй.
У прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай гэтай публікацыі, удзельнічаў, між іншым, міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы Богдан Здраеўскі.
Спадар міністар, чаму менавіта цяпер ізноў падымаецца тэма вяртаньня польскай культурнай спадчыны Савецкім Саюзам й Расеяй?
Богдан Здраеўскі: Гэта, можна сказаць, адказ на многія пытаньні, якія ўзьнікаюць кожны раз, калі Польшчы ўдаецца атрымаць назад чарговы твор мастацтва, напрыклад, з ЗША, Нямеччыны ці Францыі. Калі гаворка ідзе пра колькасьць польскіх запытаў па вяртаньні спадчыны… На дадзены момант, у розных краінах сьвету разглядаецца 31 польская заява. Гаворка ідзе пра запыты бясспрэчныя, якія не выклікаюць ніякіх юрыдычных сумневаў. Большасьць зь іх датычыцца Расеі, іх 18. Гэтыя заявы не абвяргаліся краінамі-атрымальнікамі. І самае галоўнае, яны не выклікаюць сумневаў тых устаноў, якія выдаюць папярэднюю ацэнку, ці заяву наогул варта разглядаць, ці не.
Што гэта за прадметы? У якім пэрыядзе яны былі створаныя?
Богдан Здраеўскі: Гэтыя вельмі розныя прадметы. Найстарэйшыя паходзяць з ХІV-ХV стагодзьдзяў. Але ёсьць таксама прадметы з XVІ і XІX стагодзьдзяў. Зразумела, большасьць, гэта абразы. Але сярод іх ёсьць таксама калекцыя манэт з Мальбарка - манэт з часоў, калі горад знаходзіўся ва ўладаньні крыжакоў. Ёсьць некалькі прадметаў, важных з пункту гледжаньня, напрыклад, польскай літаратуры. Гэта дзёньнікі вядомага польскага паэта Юльюша Славацкага. Тым ня менш, сярод згаданых прадметаў пераважаюць выявы.
Спадар міністар, размовы з расейскім бокам наконт вяртаньня назад польскай культурнай спадчыны складаныя, між іншым таму, што польскія патрабаваньні тычыцца ня толькі Расеі, але й Савецкага Саюзу.
Богдан Здраеўскі: Заявы польская боку падрыхтаваныя вельмі прафэсійна. У іх прадстаўленая ня толькі гісторыя дадзеных прадметаў, іх лёс, але таксама лёс папярэдніх і сёньняшніх, скажам так, уладальнікаў. Усё ж, калі гаворка ідзе пра палітычны аспэкт справы, то ўсё залежыць ад волі дзяржаваў. Што для нас самае важнае? Самае важнае, што мы ведаем таксама магчымых будучых ўладальнікаў. Напрыклад, два прадметы павінны вярнуцца ў Гарадзкі музэй горада Лодзь. Абодва яны былі набытыя ў належным парадку й перададзеныя ў згаданы музэй у 1938 годзе. У 1939 годзе яны прэзэнтаваліся ў гэтым музэі ў рамках экспазыцыі, так што іхны статус не выклікае ніякіх сумневаў. Дадаткова карысным зьяўляецца факт, што Гарадзкі музэй у Лодзі надалей дзейнічае. Але, канешне, ёсьць прадметы, вяртаньне якіх цяжэй абгрунтаваць, напрыклад, таму, што не існуюць ужо установы-даваенныя ўладальнікі гэтых прадметаў. Апрача таго, часта за гэты час мяняўся статус уладальніка, мянялася таксама разьмяшчэньне дзяржаўных межаў. Для мяне важна, каб падчас усіх працэдураў, зьвязаных зь вяртаньнем культурніцкай спадчыны польскі бок дзейнічаў пасьлядоўна, прафэсійна, цярпліва. Ня трэба рабіць лішніх рухаў, а проста зьвесьці ўсё да прававых аспэктаў, у нейкім сэнсе таксама да ганаровых.
Ці ёсьць нейкая рэакцыя на польскія намаганьні вярнуць назад зрабаваныя ў часы вайны культурныя каштоўнасьці?
Богдан Здраеўскі: Не пра ўсе элемэнты ходу гэтых працэдураў я магу гаварыць, паколькі сам мэтад працы таксама важны з пункту гледжаньня шанцу звароту каштоўнасьцяў. Але я магу сказаць, што цягам апошніх 5 гадоў мы дабіліся сур'ёзнага стаўленьня да заяваў польскай дзяржавы. Нашыя заявы разглядаюцца адпаведнымі органамі i ўспрымаюцца з павагай. Я лічу, што канчаткова мінуў час ігнараваньня польскіх запытаў. Акрамя таго, нашыя заявы ацэньваюцца адпаведнымі ўстановамі ў паасобных краінах і пакуль я ня чуў аніводнага нэгатыўнага меркаваньня ў дачыненьні да тых прадметаў, якія зьяўляюцца суб’ектамі нашых высілкаў. Зразумела, канчатковае рашэньне па польскіх заявах, гэта ўжо іншая справа. Хаця бачна, што нам удалося атрымаць назад даволі шмат прадметаў. Тым ня менш, важна таксама тое, што Міністэрства культуры й намаганьні польскага ўраду за мяжой успрымаюцца сапраўды з павагай.
- сказаў міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Богдан Здраеўскі.
Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны й Міністэрства замежных спраў у цяперашні час праводзяць некалькі дзясяткаў справаў па вяртаньні прадметаў польскай культуры, зрабаваных падчас вайны. У тым ліку, ідзе працэдура вяртаньня дзесяці абразоў, якія пасьля вайны, апынуліся ў Пушкінскі музеі ў Маскве.
З 1992 года Міністэрства культуры зьбірае зьвесткі аб ваенных стратах польскіх бібліятэкаў ды творах мастацтва, вывезеных з тэрыторыі Польшчы пасьля 1945 года. У выніку вайны й падзей, якія адбыліся непасрэдна пасьля ейнага заканчэньня, Польшча страціла больш за 70% матэрыяльнай культурнай спадчыны.
Паводле розных ацэнак, рынкавы кошт твораў мастацтва, зрабаваных у Польшчы ў пэрыяд з 1939 да 1945 году гітлераўцамі й савецкай уладай, складае 30 мільярдаў даляраў.
мв/аз