Logo Polskiego Radia
Print

73 гады таму пачалося вынішчэньне польскіх элітаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.04.2013 14:08
  • катынскае злачынства.mp3
Агулам НКУС забіў каля 22 тысячаў польскіх грамадзян, узятых у палон.

3 красавіка 1940 году пачаўся вываз польскіх ваеннапалонных зь лягераў у Казельску, Асташкаве й Старабельску. Так пачалося катынскае злачынства. Яно зьдзяйсьнялася ня толькі ў Катыні, але таксама ў Харкаве й Медным.

Польскія ваеннапалонныя былі забітыя на падставе рашэньня Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 году. Рашэньне аднагалосна прынялі чальцы Палітбюро - Сталін, Варашылаў, Молатаў, Мікаян, Калінін, Кагановіч і Берыя.

У архіўнай перадачы Радыё Свабодная Эўропа, генэрал Уладзіслаў Андэрс, які безвынікова шукаў польскіх афіцэраў, расказваў пра свае сустрэчы са Сталінам. Калі Сталіна спыталі пра ваеннапалонных, ён схлусіў.

Уладзіслаў Андэрс: Яны зьбеглі. Куды яны маглі зьбегчы?- запытаў я. Ну можа ў Манджурыю, - адказаў Сталін.

Забітыя стрэлам у патыліцу польскія ваеннапалонныя былі прадстаўнікамі даваенных інтэлектуальных элітаў Польшчы, - падкрэсьлівала Данута Малянова, прадстаўніца арганізацыі „Катынскія сем'і”.

Данута Малянова: Гэтыя 22 тысячы польскіх афіцэраў і паліцыянтаў, то бок нашыя бацькі й браты, былі часткай інтэлектуальных элітаў ІІ Рэчы Паспалітай. У Казельску загінулі пераважна навукоўцы, лекары, юрысты, настаўнікі, сьвятары – людзі, якія ў міжваенны пэрыяд, пасьля 123 гадоў няволі, будавалі Польшчу. Прыгожа будавалі, але ўсё гэта было спыненае.

Катынскае злачынства было драмай ня толькі саміх ахвяраў, але й чальцоў іхных сем'яў. У 1989 годзе журналісты грамадзкага Польскага радыё гаварылі зь Енджэем Тухольскім – пісьменьнікам, які дасьледаваў катынскае злачынства. Ён сказаў, што сем'і ахвяраў пакутавалі двойчы - пасьля сьмерці блізкіх і ў выніку рэпрэсій.

Енджэй Тухольскі: 13 красавіка 1940 году ўсе сем’і, якія атрымалі лісты ад сваякоў, утрымліваных у трох згаданых лягерах, былі дэпартаваныя ў Казахстан. Дэпартацыі захапілі ўсю тэрыторыю Польшчы на ўсход ад ракі Буг.

/

Праўда пра катынскае злачынства ўтойвалася больш чым паўстагодзьдзя. Упершыню пра выяўленьне брацкіх магілаў у Катыні паведаміў Трэці Рэйх 13 красавіка 1943 году. Але савецкая прапаганда абвясьціла, што ў масавым забойстве вінаватыя гітлераўцы. Гэтую вэрсію падзеяў за саветамі прасоўвалі таксама і ўлады камуністычнай Польшчы.

Толькі 13 красавіка 1990 году ўрад Савецкага Саюза прызнаў, што злачынства зьдзейсьніў НКУС.

/

У 2000 годзе, то бок у 60-ю гадавіну катынскага злачынства, у Харкаве, Катыні й Медным былі адкрытыя польскія могілкі. Пяць гадоў раней у гэтых месцах былі пракладзеныя тры краевугольныя камяні, бласлаўлёныя Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ.

Тым часам выканаўцы катынскага злачынства да гэтай пары не былі прыцягнутыя да адказнасьці, а сьледзтва Расейскай ваеннай пракуратуры было спыненае. Расейцы прыйшлі да высновы, што забойства палякаў не было генацыдам.

У выніку сваякі ахвяраў унесьлі супраць Расеі пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека. Канчатковы прысуд пакуль ня быў прыняты.

Гэтая сытуацыя засмучае сваякоў ахвяраў, - кажа Ганна Марыя Валінска, якая, па загадзе Сталіна, страціла бацьку й дзядзьку.

Ганна Марыя Валінска: Дараваньне віны – гэта адно, працягваньне памяці – другое, а названьне злачынства злачынствам - гэта неабходнасьць. Нельга сьціраць з памяці злачынства, паколькі тады не застанецца ніякіх каштоўнасьцяў.

/

Агулам НКУС забіў каля 22 тысяч польскіх грамадзян, узятых у палон пасьля ўваходу савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы. Выкананьне сьмяротных прысудаў працягвалася ад красавіка па травень 1940 году.

Ахвяры былі пахаваныя ў брацкіх магілах - у Катыні пад Смаленскам, Медным ля Цьвера, у Пяціхатках - прыгарадзе Харкава, і 7 тысяч ахвяраў - у іншых невядомых месцах.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт