Нялёгка беларусу зьняць кватэру ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
30.03.2013 15:00
“Ня здам, паколькі не хачу рызыкаваць”, “кватэру здаю толькі палякам”, “не хацеў бы мець юрыдычныя праблемы”...
Ва ўкладышу “Дом”, які „Gazeta Wyborcza” друкуе раз у тыдзень, у сераду, на гэтым тыдні разьмешчана інфармацыя пра тое, ці лёгка іншаземцам зьняць кватэру ў Польшчы. Гаворка ідзе пра імігрантаў з Усходняй Эўропы ці Азіі. Інстытут грамадзкіх справаў правёў адмысловае дасьледваньне – тэлефоннае тэставаньне. Кожны раз спачатку іншаземец, беларус або чачэнец, званіў па аб’яве, а пазьней па гэтым жа нумары тэлефанаваў паляк. Адзін і другі задавалі пытаньне, ці аб’ява пра здачу кватэры яшчэ актуальная.
Якія высновы дало апытаньне? Да іншаземцаў ставяцца горш, чым да палякаў. Уладальнікі кватэр адмаўлялі ў здачы жальля іншаземцам адразу, нават не спытаўшы, хто будзе жыць у памяшканьні. Суразмоўцы часта прама заяўлялі, што не здадуць кватэру іншаземцу. “Ня здам, паколькі не хачу рызыкаваць”, “кватэру здаю толькі палякам”, “не хацеў бы мець юрыдычныя праблемы” – такія былі частыя аргумэнты ўладальнікаў.
Кватэрнае пытаньне востра стаіць для ўцекачоў у Польшчы. Яны нават часам становяцца бяздомнымі. Здараюцца й парадаксальныя сытуацыі, калі іншаземец знойдзе працу, мог бы плаціць нармальную рынкавую цану за нерухомасьць, але ня можа знайсьці кватэры пад найм на вольным рынку.
Гэта пацьвярджае Славэк Мутуры, заснавальнік і першы старшыня Таварыства ўладальнікаў нерухомасьці пад найм. “Я здаю кватэры ўжо шмат гадоў і ня раз сустрэўся са скепытыцызмам з боку віетнамцаў, беларусаў ці чачэнцаў, калі казаў, што згодны здаць ім кватэру. Яны былі гатовыя да адмовы”, - гаворыць Мутуры. На ягоную думку, многія ўладальнікі не разумеюць, што нацыянальнасьць кватаранта не нясе пагрозаў. Больш важна, каб падбіраць кліента, беручы пад увагу яго матэрыяльны статус.
нг