Logo Polskiego Radia
Print

Менск гатовы пачаць дыялёг з Эўразьвязам

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.03.2013 18:11
  • Менск гатовы пачаць дыялёг з Эўразьвязам.mp3
Пра гэта заявіў прадстаўнік беларускай амбасады ў Варшаве.

Менск гатовы пачаць дыялёг з Эўразьвязам, але хоча, каб Брусэль зрабіў крок насустрач і зьняў візавыя санкцыі з чыноўнікаў – пра гэта заявіў першы сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы Аляксей Зелянко. Разам з дыпляматамі з Чэхіі, Украіны ды Польшчы ён прыняў удзел у канфэрэнцыі “Замежная палітыка й палітыка бясьпекі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”, якая прайшла ў сераду ў Варшаве.

У 2015 годзе ўвойдзе ў жыцьцё Эўразійская эканамічная прастора. Ці не асьцерагаецеся Вы, што Беларусь страціць сувэрэнітэт у зьнешнеэканамічнай і нават зьнешнепалітычнай дзейнасьці, а ўсе важныя пытаньні будуць патрабаваць дазволу Крамля?

А. Зелянко: Я перакананы, што страты сувэрэнітэту не адбудзецца й Беларусь застанецца незалежнай краінай. Прыкладам гэтаму можа паслужыць Мытны зьвяз. Як вядома, усе рашэньні ў ім прымаюцца кансэнсусам. Таму мы таксама можам уплываць на прыняцьцё рашэньняў. Безумоўна, ёсьць меркаваньне, што Беларусь нясе страты ад удзелу ў Мытным зьвязе. Аднак эканамічных падлікаў ніхто не рабіў. Магчыма, што страты адбываюцца менавіта таму, што мы не выкарыстоўваем поўнасьцю патэнцыял Мытнага зьвязу. Тым ня менш, нашыя сельская гаспадарка й прамысловасьць дастаткова канкурэнтаздольныя. Амаль палова беларускага экспарту ідзе ў Эўразьвяз. Другая палова – ў Расею. Канкурэнцыі мы не баімся.

Як вядома, Беларусь мае значна ніжэйшы ўзровень стасункаў з Эўрапейскім зьвязам, чым яе галоўны саюзьнік - Расея. Чаму так адбываецца? Што трэба зрабіць, каб гэтую сытуацыю выправіць? З чаго трэба пачаць?

А. Зелянко: Прычыны гэтай сытуацыі вядомыя даўно. Мы ведаем прэтэнзіі Эўрапейскага зьвязу да нас. Аднак гэтыя прэтэнзіі не павінныя абвяшчацца з высокіх трыбунаў. Усе пытаньні павінныя вырашацца шляхам дыялёгу. Перадусім неабходна зрабіць пэўныя крокі насустрач адзін аднаму й сесьці за стол перамоваў. Абмен меркаваньнямі праз журналістаў ці з высокіх трыбунаў наўрад ці да чаго прывядзе.

Ці гатовая Беларусь пачаць гэтыя перамовы? З чаго яны павінныя пачацца?

А. Зелянко: Мы заўсёды выступалі за дыялёг і ніколі не хавалі, што асноўнымі ўмовамі дыялёгу павінна быць роўнасьць і павага сувэрэнітэту абодвух бакоў. Мы гатовыя пачаць гэтыя перамовы, але яны ня могуць праходзіць пад дыктатам аднаго з бакоў. Як ведаеце, палітыка санкцыяў Эўрапейскага зьвязу гэтаму не дыялёгу не спрыяе.

Міністар замежных справаў Беларусі ў апошнія месяцы сустрэўся з амбасадарамі ўсіх бліжэйшых краінаў Эўразьвязу, акрамя Польшчы. Што перашкаджае наладжваньню добрых стасункаў з Варшавай? Што перашкаджае ўвядзеньню ў дзеяньне дамовы аб малым памежным руху?

А. Зелянко: Польшча прытрымліваецца агульнага рэчышча палітыкі Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі, мае тыя ж прэтэнзіі да Беларусі, што й ЭЗ. Аднак супрацоўніцтва на сярэднім узроўні разьвіваецца. Разьвіваецца эканамічнае супрацоўніцтва. У мінулым годзе Польшча павялічыла свой экспарт у Беларусь. Я думаю, у гэтым годзе таваразварот паміж нашымі краінамі таксама павялічыцца.

Што тычыцца дамовы аб малым памежным руху, то тут існуюць дзьве праблемы: тэхнічная й палітычная. Мы лічым, што нашыя прапускныя пункты не гатовыя прыняць такой колькасьці грамадзянаў. Бываюць такія дні, калі яны працуюць на максымуме сваіх магчымасьцяў і нават больш. Палітычны аспэкт неаднаразова агучвалі міністар замежных справаў і прэзыдэнт Беларусі. Казаць пра ўступленьне ў сілу дамовы аб малым памежным руху ў адрыве ад усёй астатняй палітыкі Польшчы мы лічым немагчымым.

Які досьвед з эканамічнай трансфармацыі Польшчы вы лічыце прыдатным выкарыстаць у Беларусі?

А. Зелянко: Было б даволі цікава інтэграваць некаторыя нэалібэральныя рашэньні Польшчы ў беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль. Нам цікавы польскі досьвед прыватызацыі: тут ёсьць як пасьпяховыя, так і сумныя прыклады. Нам хацелася б выкарыстаць пасьпяховыя. Таксама трэба зьвярнуць увагу на малыя й сярэднія прадпрыемствы Польшчы. Іх тут нашмат больш, чым у Беларусі, яны актыўна разьвіваюцца й робяць вялікі ўклад у валавы прадукт краіны. Для нас гэты досьвед таксама будзе вельмі карысны.

Сёньня цікавасьць да аднаўленьня стасункаў праяўляе ня толькі Менск, але й Брусэль. Аднак кожны бок жадае, каб супернік зрабіў крок насустрач першым.

А вось Кіеў пачаў выразна дыстансавацца ад Эўропы. З выступу паверанага ў справах амбасады Ўкраіны Ўладзіслава Канеўскага вынікала, што Кіеў не жадае быць часткай “рускага сьвету”, але й ня ставіць сваёй мэтай увайсьці ў Эўразьвяз – прынамсі, у бліжэйшым дзесяцігодзьдзі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Канфэрэнцыю
Канфэрэнцыю ў Варшаўскім унівэрсытэце адчынілі прадстаўнікі МЗС Польшчы, Чэхіі, Беларусі ды Ўкраіны.

Прадстаўніца
Прадстаўніца польскага МСЗ Малгажата Касюра-Казьмерка: Найважнейшыя накірункі замежнай палітыкі Польшчы - гэта стратэгічнае партнэрства з Украінай ды пабудова даверу паміж ЭЗ і Расеяй.

Прадстаўнік
Прадстаўнік амбасады Чэхіі Марцін Свароўскі: Прага занепакоена плянамі Расеі разьмясьціць "Іскандэры" й С-400 ў Калінінградзе.
Дарадца
Дарадца амбасады Беларусі Эдуард Швайко: "Беларусь прапануе Эўразьвязу супрацоўніцтва, але не просіць".
Прадстаўнік
Прадстаўнік амбасады Ўкраіны Эдуард Канеўскі: Украіна ня хоча быць часткай "рускага сьвету". Але й ў Эўразьвяз ня надта хоча.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт