Паляк — хваравіты эўрапеец
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
15.03.2013 17:30
Палякі жывуць усё даўжэй, але іх стан здароўя паляпшаецца ня так хутка, як у 1990-я гады.
Такую ацэнку выставіла Сусьветная арганізацыя здароўя. Штодзёнка „Gazeta Wyborcza” пацікавілася, чым гэта выклікана.
Кожныя тры гады САЗ публікуе справаздачу пра стан здароўя 900 мільёнаў жыхароў 53 краін Эўропы. Учора грамадзкасьць даведалася вынікі гэтай справаздачы. У Польшчы сытуацыя са здароўем насельніцтва выглядае наступным чынам.
Палякі застаюцца ўсё яшчэ адным з наймаладзейшых грамадзтваў у ЭЗ, але й яны імкліва старэюць. Апошнім пэрыядам росту колькасьці насельніцтва былі 2003-2009-я гады. У палове бягучага стагодзьдзя палякі будуць старым грамадзтвам.
У Польшчы адна з вышэйшых у ЭЗ сьмяротнасьць немаўлят. У Польшчы паміраюць 10 нованароджаных з 10 тысяч, у Эўразьвязе – толькі адно. Сусьветная арганізацыя здароўя зьвяртае ўвагу таксама на горшыя ўмовы жыцьця ў Польшчы, чым у сярэднім па ЭЗ. Палякі жывуць у меншых кватэрах, 13% ня маюць доступу да каналізацыі й вады, якая дастаткова часта забруджаная бактэрыямі. Іншай пагрозай для здароўя зьяўляецца празьмерны шум транспартнага руху ў гарадах. З гэтай праблемай сутыкаюцца кала 36% жыхароў найбуйнейшых гарадоў.
Пазытыўнай тэндэнцыяй, на думку міжнародных экспэртаў, зьяўляецца павелічэньне працягласьці жыцьця. Сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын у Польшчы складае 72,4 гады, а жанчын — 81 год. Гэта толькі на 5 і два гады менш, чым сярэдняэўрапейскія паказьнікі.
Апроч таго ў Польшчы паправілася лячэньне хваробаў крывяноснай сыстэмы. За апошнія 20 гадоў у тры разы зьменшылася колькасьць інфарктаў да ўзроўню 6,5%. Горш выглядае сытуацыя зь інсультамі й анкалягічнымі захворваньнямі. Газэта зазначае, што калі б улады палепшылі лячэньне ракавых захворваньняў, у Польшчы штогод памірала б на 11 тысяч чалавек менш.
юл