Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія рамесьнікі на глябальнай плятформе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.02.2013 16:30
  • rzemieslnicy.mp3
Пратэстуюць жанчыны-рамесьніцы, якія выхоўваюць дзяцей.

/

Каля 6-ці тысяч рамесьнікаў падпісалі пэтыцыю, у якой патрабуюць зьмяніць закон пра фінансавую дапамогу на дзяцей. Згодна зьменам, якія ўвайшлі ў сілу 1 студзеня гэтага году, цэлы шэраг асобаў страчвае права на атрыманьне падтрымкі або яе памер рэзка зьмяншаецца. Пэтыцыя была накіраваная ў ворганы ўлады, а таксама на глябальную плятформу www.change.org.

Згодна з новым законам, дапамога па выхаваньні дзіцяці да 3-ох гадоў цяпер налічваецца адносна сярэдняга заробку й складае ў Беларусі крыху больш за 1 млн 400 тыс. рублёў. Гэта амаль удвая больш, чым было раней, але закон увёў новае абмежаваньне: рамесьнікі, індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты й натарыюсы атрымліваюць толькі палову гэтай сумы. А мамы дзяцей-інвалідаў зусім страчваюць права атрымліваць дапамогу, калі яны зьяўляюцца рамесьнікамі.

Рамесьнікі абураныя гэтым законам. Сярод іх шмат мамаў-дэкрэтніц, ёсьць і адзінокія маці ды жанчыны, якія адны гадуюць дзяцей-інвалідаў. Таму яны напісалі пэтыцыю да ўладаў і на глябальную плятформу, дзе грамадзяне могуць ладзіць пратэсты й праяўляць актыўнасьць на карысьць зьменаў. Гаворыць прадстаўнік плятформы www.change.org Дзьмітры Савелаў.

Д. Савелаў: Аўтар гэтай пэтыцыі зарганізавалася са сваімі калегамі й спрабавалі зьвярнуць на гэта ўвагу. Яны пачалі ан-лайн пэтыцыю, якую на дадзены момант падпісалі амаль 6 тыс. чалавек. Вельмі многія зь іх – гэта людзі, якія прадстаўляюць гэты від дзейнасьці, з розных куткоў Беларусі. Вельмі папулярная кампанія, паколькі яны змаглі сабраць столькі подпісаў літаральна за некалькі дзён. Іх электронны зварот накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта й у парлямэнт Беларусі.

А чым тлумачыцца змена закону аб дапамозе асобам, якія выхоўваюць дзяцей? Відавочна, улады мяркуюць, што калі хтосьці працуе, то не павінен атрымліваць дзяржаўную падтрымку, але гэта ня так, паколькі пераважна гэтых грошай не хапае на пражыцьцё, - тлумачыць адна з падпсіантаў пэтыцыі Вікторыя Лобасава.

В. Лобасава: Тлумачэньне такое, што мамы, якія знаходзяцца ў дэкрэце, не працуюць, а тыя мамы, якія маюць даход ад рамесьніцкай дзейнасьці ці стыпэндыю – ім можна ўрэзаць. Хаця пражыць на сацыяльную дапамогу – гэта маларэальна. Калі няма мужа, які зарабляе, то трэба падрабляць. А цяпер нас пазбавілі такой магчымасьці.

Эканаміст Леанід Злотнікаў проста тлумачыць рашэньне ўладаў зьменшыць дапамогу для рамесьнікаў – ва ўмовах эканамічнага крызысу, калі не хапае для ўсіх, тут праяўляецца сацыялістычная ідэалёгія.

Л. Злотнікаў: Ясна, што няма грошай. Гэтыя людзі працуюць, зарабляюць больш, чым звычайна, можа, дзесьці падрабляюць. Проста не хапае на ўсіх. Дзяржава пакідае падтрымку іншым катэгорыям. Я ведаю эканамічную сытуацыю ў краіне – няма грошай. Такі сацыялістычны падыход – бедным дапаможам, а хто падрабляе – хай сам жыве.

Аўтары пэтыцыі заклікаюць беларусаў падтрымаць іх ініцыятыву й падпісаць дакумэнт, заходзячы на глябальную плятформу www.change.org/posobiebelarus. Хацелася б, каб улады пачулі грамадзян й пайшлі з імі на дыёляг – тлумачыць Вікторыя Лобасава.

В. Лобасава: Я б хацела, каб адбыўся нейкі дыялёг. Мне абсалютна незразумелая матывацыя. Усе рамесьнікі, індывідуальныя прадпрымальнікі плацілі падатак дзяржаве, таму дзяржава й сябе пазбавіла грошай. Закон непрадуманы, хацелася б, каб мы адзін аднаго пачулі, каб мы зразумелі, што нас чакае. Ня так даўно адбыўся перагляд рамесьніцкай дзейнасьці, туды было дададзена шмат відаў, у тым ліку скрапбукінг ды іншае. Гэтым займаецца шмат жанчынаў, а менавіта падчас дэкрэтнага водпуску жанчына можа разьвіць гэтую дзейнасьць.

Глябальная плятформа дазваляе падымаць розныя грамадзкія праблемы, каб чалавек не заставаўся сам на сам са сваёй праблемай. Нямала беларусаў карыстаецца гэтай магчымасьцю, каб зьвярнуць увагу на розныя справы – распавядае Дзьмітры Савелаў.

Д. Савелаў: У нас у Беларусі каля 60 тыс. удзельнікаў – людзей, якія падпісваюць і пачынаюць уласныя пэтыцыі. І гэта сапраўды дзейнічае, дазваляе зрабіць громкай нейкую справу. Калі столькі людзей падтрымлівае ініцыятыву, тады падключаюцца й СМІ, і пытаньне становіцца публічным, на што ўлады павінны зьвярнуць увагу.

Але наш суразмоўца адзначае, што ён заўсёды раіць таксама зьвяртацца паралельна да беларускіх уладаў, шукаць спярша магчымасьці знайсьці дыялёг з тымі, хто можа непасрэдна паўплываць на змену сытуацыі. Пакуль што амаль 6 тыс. беларускіх рамесьнікаў не знайшлі дыялёгу з уладамі, таму зьвярнуліся да глябальнай плятформы, каб зьвярнуць увагу на праблему рамесьнікаў. Нагадаем, ім рэзка абрэзалі дапамогу на дзяцей.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт