Logo Polskiego Radia
Print

Памяць пра паўстанцаў у Берасьці

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.01.2013 15:23
  • obchody powstania styczniowego.mp3
150 гадоў таму пачалася няроўная барацьба з Расейскай імпэрыяй.

/

У гэтыя дні ў шматлікіх гарадах Польшчы, а таксама за яе межамі, ладзяцца мерапрыемствы памяці ўдзельнікаў паўстаньня 1863 году, інакш – Студзеньскага паўстаньня або паўстаньня Каліноўскага. Гэта была чарговая спроба палякаў, а таксама й шматлікіх беларусаў, дабіцца хаця б частковай незалежнасьці польскай дзяржавы, якая на той час знаходзілася пад панаваньнем Расейскай імпэрыі. Адзначэньне гадавіны паўстаньня адбываецца таксама ў берасьцейскай вобласьці, дзе нямала памятных знакаў, зьвязаных з паўстаньнем.

22 студзеня спаўняецца роўна 150 гадоў з дня пачатку паўстаньня супраць Расеі, вядомага ў Беларусі пад назваю “паўстаньне Каліноўскага”. У гэты дзень 1863 году ў розных месцах асобныя атрады пачалі нападаць на расейскія гарнізоны. Так пачалася няроўная барацьба, якая працягвалася 16 месяцаў і закончылася паразай паўстанцаў і новымі рэпрэсіямі з боку царскіх уладаў. Сёньня ж палякі згадваюць герояў паўстаньня, якія пайшлі на змаганьне з магутнай імпэрыяй. Урачыстасьці ладзіць таксама польская амбасада ў Беларусі, у тым ліку кансулят у Берасьці. Пра тое, як праходзіць адзначэньне, распавяла нам генэральны консул Рэчыпаспалітай Польшчы ў Берасьці Анна Навакоўска:

А. Навакоўска: Цыклічныя ўрачыстасьці мы распачалі ў суботу ад мерапрыемстваў, на якія былі запрошаныя прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, а таксама мясцовыя палякі. Гэта была экскурсія па месцах памяці, зьвязаных з паўстаньнем. Былі ўскладзены кветкі й запалены сьвечкі. Галоўныя ўрачыстасьці пройдуць заўтра ў мясцовасьці Дамачава. У іх возьмуць удзел прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, культурных ды навуковых установаў, а таксама наша нацыянальная меншасьць, мясцовыя палякі.

Адным з элемэнтаў адзначэньня гадавіны павінен стаць даклад на тэму паўстаньня, які плянуецца на 31 студзеня, але дакладчык пакуль што чакае беларускую візу.

У рамках адзначэньня гадавіны Студзеньскага паўстаньня на сайце кансуляту ў Берасьці зьмешчана інфармацыя пра важныя памятныя месцы паўстаньня, якія знаходзяцца ў берасьцейскай вобласьці.

А. Навакоўска: Галоўныя месцы памяці – гэта Дамачава, пра якое я ўжо згадвала. Там знаходзіцца помнік загінулым паўстанцам. Ёсьць даволі шмат месцаў, дзе пастаўлены памятныя крыжы на брацкіх магілах паўстанцаў ды памятныя знакі зь інфармацыяй пра баі, якія адбываліся ў гэтых месцах. Ёсьць таксама памятныя месцы, зьвязаныя з Рамуальдам Траўгутам, адным з камандзіраў паўстаньня – дзе ён пражываў або дзе адбываліся нейкія важныя падзеі. Ёсьць таксама памятныя дошкі, прысьвечаныя барацьбітам, якія бралі ўдзел у паўстаньні. Некаторыя знакі ўстанаўліваюць палякі, польскія патрыёты з Польшчы, а іншыя былі ініцыятывай мясцовых жыхароў, як палякаў, так і беларусаў. Яны былі ўстаноўлены даволі даўно, калі былі лепшыя адносіны паміж Польшчаю ды Беларусяй - у пераважнай большасьці ў 90-я гады.

У паўстаньні Каліноўскага бралі ўдзел ня толькі палякі. У барацьбе ўдзельнічала шмат беларусаў, якія спадзяваліся пры нагодзе здабыць таксама незалежнасьць уласнай дзяржавы. У сучаснай Беларусі людзі ведаюць і шануюць Кастуся Каліноўскага, але гэтыя веды не настолькі шырокія, як павінны быць. Гэта, зразумела, задача для падручнікаў па гісторыі, але польскія кансуляты таксама стараюцца папулярызаваць гэтую старонку польска-беларускай гісторыі сярод беларусаў – адзначае Анна Навакоўска:

А. Навакоўска: Гэтыя ўрачыстасьці, якія ладзіць амбасада ў Менску, а таксама Генэральны кансулят у Берасьці, адбываюцца з мэтаю папулярызацыі інфармацыі пра паўстаньне сярод грамадзянаў краіны, на тэрыторыі якой адбываліся тыя гістарычныя падзеі. Нельга забываць, што ў паўстаньні ўдзельнічала шмат беларусаў, у тым ліку Каліноўскі, а пра гэтага чалавека беларусы павінны ведаць.

Пасьля паразы паўстаньня за ўдзел у ім было пакарана сьмерцю 128 чалавек, больш за 12 тысяч былі сасланыя, між іншым, у Сібір. Масавыя рэпрэсіі распачаліся таксама супраць сем’яў паўстанцаў. У Літве ды Беларусі асобам каталіцкай веры было забаронена займаць дзяржаўныя пасады. Польская шляхта была пазбаўлена магчымасьці адзначаць нават сямейныя сьвяты, паколькі была ўведзена забарона зьбірацца ў адным месцы некалькім асобам. Нельга было карыстацца польскай мовай, а нават лацінскім алфавітам.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт