Брусэль плянуе зьмены ў тытунёвай галіне
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
25.12.2012 07:00
Вялікія страты панясуць польскія плянтатары, вытворцы, дыстрыб'ютары й дзяржбюджэт.
Foto: East News
Foto: East News
Законапраект Эўрапейскай камісіі прадугледжвае ўвесьці забарону на вытворчасьць тоненькіх цыгарэтаў, гэтак званых „сьлімаў”, і араматызаваных, у тым ліку вельмі папулярных у Польшчы мэнтолавых цыгарэтаў. ЭК імкнецца да таго, каб карцінкава-тэкставае папярэджаньне займала 75% паверхні пачка цыгарэтаў.
Закон ахапіў бы сваім дзеяньнем усю Эўрасупольнасьць.
Зьмены ў тытунёвай дырэктыве пагражаюць эканоміцы Польшчы, так міністар сельскай гаспадаркі Станіслаў Калемба пракамэнтаваў пляны ЭК. Новая дырэктыва ставіць пад пагрозу банкруцтва трэцюю частку польскага тытунёвага рынку.
Міністар нагадаў, што Польшча зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам і экспартэрам цыгарэтаў у Эўропе.
Палякі выдаткоўваюць на «сьлімы» й мэнтолавыя цыгарэты 2 мільярды эўра штогод. На шасьці польскіх тытунёвых фабрыках працуюць 6 тысяч чалавек. Тытунь вырошчваюць 60 тысяч сялян, амаль 125 тысяч крамаў прадаюць тытунёвыя вырабы. У выніку зьмяншэньня продажу цыгарэтаў у дзяржаўны бюджэт паступіць намнога менш падаткаў. Сёньня пачак цыгарэт у Польшчы каштуе ў сярэднім 11 злотых – амаль 3 эўра. Ад гэтай сумы 85% трапляе ў бюджэт у якасьці разнародных падаткаў і акцызаў.
Віцэпрэм’ер і міністар эканомікі Януш Пехаціньскі накіраваў ліст кіраўніку Эўракамісіі, у якім указвае на адмоўныя вынікі ажыцьцяўленьня дырэктывы.
Эўракамісія бачыць сэнс ў новай тытунёвай дырэктыве. Тлумачыць, што „сьлімы” й араматызаваныя цыгарэты найбольш паляць жанчыны ды людзі, якія толькі пачынаюць паліць. А меншыя даходы ў бюджэты ўраўнаважаць меншыя выдаткі на лячэньне хвароб, зьвязаных з паленьнем.
Дырэктыва ўвойдзе ў сілу праз 2-3 гады.
яс