8 сьнежня 1991 году перастаў існаваць Савецкі Саюз. Дамоўленасьць пра распад вялікай дзяржавы падпісалі тагачасныя кіраўнікі Расеі, Беларусі ды Ўкраіны - Барыс Ельцын, Станіслаў Шушкевіч ды Леанід Краўчук. Там жа, у Віскулях у Белавескай пушчы была створана Садружнасьць Незалежных Дзяржаў.
Зімой 91-га году было цяжкае становішча з пастаўкамі паліва з Расеі, Беларусь не магла купляць па рынкавых цэнах, таму перад кіраўніцтвам краіны стаяла задача наладзіць пастаўкі па ніжэйшых цэнах. І менавіта з такой думкай Станіслаў Шушкевіч ехаў у Віскулі – каб вырашыць, хто каму й на якіх умовах пастаўляе нафту. Але паявілася іншая праблема – калі існуе Савецкі Саюз, трэба зьвярнуцца да Гарбачова, які тады быў фармальным кіраўніком дзяржавы. Праблему абыйшлі проста – падпісалі пагадненьне пра распад Саюзу. Успамінае Станіслаў Шушкевіч.
С. Шушкевіч: Былі праблемы з палівам на зіму, таму мы ехалі ўгаварыць Расею прадаваць нам па ніжэйшай цане, паколькі ніхто крэдыту нам не хацеў даць. Але калі мы там сабраліся й падумалі, што трэба рабіць, то зразумелі, што трэба разабрацца, хто мы й што адбылося. У сьнежні ’91 года ніхто не развальваў Саюз у Віскулях. Ён быў развалены канчаткова ў жніўні таго ж года. Мы толькі набраліся мужнасьці канстатаваць і юрыдычна абазначыць, што гэта адбылося. І падпісаць адпаведны дакумэнт. Мы вырашылі замацаваць аб’яднаньне былых рэспублік. І таму стварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаў, каб вырашаць канфліктныя пытаньні, якія могуць узьнікнуць.
Канешне, маглі тады быць іншыя магчымасьці разьвіцьця падзей, бо ня ўсе ўдзельнікі сустрэчы ехалі ў Віскулі з намерам разваліць Савецкі Саюз, напрыклад, Шушкевіч не дапускаў такой думкі. Але гэтае рашэньне было на той час цалкам правільным, паколькі грамадзтвы краінаў Саюзу хацелі самастойнасьці, - мяркуе палітычны аглядальнік, тагачасны супрацоўнік апарату Вярхоўнага савету БССР Андрэй Фёдараў.
А. Фёдараў: Я не ўпэўнены, што не было іншых варыянтаў, але на мой погляд, гэта было абсалютна правільна. За тыдзень да Віскулёў ва Ўкраіне адбыўся рэфэрэндум, дзе 80% прагаласавалі за незалежнасьць. Было відавочна, што ўкраінцы адыходзяць. Балтыйцы й Грузія ўжо адыйшлі раней. Было цалкам зразумела, што Савецкі Саюз існаваць далей ня можа. Так што гэта было не адзінае магчымае, але цалкам правільнае рашэньне.
Тады, звыш дваццаці гадоў таму, была вера, што пасьля столькіх гадоў у паднявольным стане былыя рэспублікі Савецкага Саюзу нарэшце пойдуць па шляху дэмакратыі. Быў уздым, дзяржавы прымалі свае дакумэнты пра сувэрэнітэт, свае нацыянальныя сымбалі, зацьвярджалі законы аб мовах. Але цяпер бачна, што мары пра дэмакратыю былі заўчасныя. Толькі прыбалтыцкім краінам удалося да канца расправіцца з савецкім мінулым, насамрэч дэмакратычнага ладу няма ні ва Ўкраіне, ні ў Расеі, ня кажучы ўжо пра Беларусь ці азіяцкую частку былога СССР.
С. Шушкевіч: Летува, Латвія, Эстонія пайшлі па гэтым шляху. Надзея яшчэ захоўваецца толькі ў Малдове ды Ўкраіне, а так усюды дыктатуры. Такім шляхам вырашылі ісьці нацыянальныя эліты, якія не дарасьлі да дэмакратыі. Яны хочуць не кіраваць, а панаваць. І насельніцтва любіць, каб быў нехта моцны. Дэмакратыя – гэта высокі ўзровень арганізацыі дзяржавы. У нас змарнавалі ўсіх беларускіх інтэлігентаў, фізычна зьнішчылі. Нашу эліту трэба яшчэ доўга адраджаць.
Андрэй Фёдараў нагадвае, што пачатак дэмакратычнага шляху Беларусі быў цалкам нармальны, а на тое, як пазьней пачалі разьвівацца падзеі, паўплывала некалькі фактараў.
А. Фёдараў: Зразумела, спадзяваньні тады былі зусім іншыя, і пачатак незалежнага шляху быў абсалютна нармальны. Ніхто ж ня ведаў, як справы пойдуць далей, чым гэта абернецца. Наўрад ці тут можна адну вызначыць прычыну, чаму так сталася. Мэнталітэт у масаў ня быў падрыхтаваны да незалежнасьці. Ім падавалася, як толькі камуністычная ўлада абрынецца й Беларусь атрымае незалежнасьць, дык усё стане адразу добра. І эліта не была самастойнай, усё глядзела на Маскву. І тое, што такі харызматычны лідар знайшоў, не было поўнай выпадковасьцю.
На пачатку 90-ых гадоў сярод беларускай эліты была папулярная ідэя палітычнага й вайсковага нэйтралітэту дзяржавы на ўзор Швайцарыі. Цяпер жа, з пэрспэктывы звыш 20-ці гадоў пасьля Белавескіх пагадненьняў відаць, што ідэя сябе не апраўдала. Беларусь вельмі залежная ад Расея, і гэтая залежнасьць пастаянна ўзмацняецца.
нг