Logo Polskiego Radia
Print

Расея ставіць газавы мат Эўропе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2012 09:30
  • Расея ставіць газавы мат Эўропе.mp3
Палітыка дывэрсыфікацыі паставак газу ў Эўропу зазнала паразу.
Photo: Wikimedia CommonsPhoto: Wikimedia Commonshttp://www.segodnya.ua/news/14335274.html

/

Расея будуе газаправод South Stream. Альтэрнатыўны праект Nabucco пад пытаньнем.

Масква прыняла рашэньне пра будаўніцтва новага газаправоду South Stream, па якім расейскі ды цэнтральнаазіяцкі газ будзе пастаўляцца на поўдзень Эўропы. Ужо ўзгоднены маршрут газаправоду: з Анапы ў расейскім Краснадарскім краі па дне Чорнага мора да Варны ў Балгарыі, а потым праз Сэрбію й Славэнію ў Тарвісо на поўначы Італіі.

Што азначае гэтая інвэстыцыя? У першую чаргу, гэта моцны ўдар па Ўкраіне – буйным транзыцёры расейскага газу. Па-другое, гэта параза энэргетычнай палітыкі ЭЗ, кажа міжнародны камэнтатар Польскага радыё Міхал Жакоўскі.

Міхал Жакоўскі: Найбольш на гэтым страціць Украіна. Гэты Паўднёвы газаправод абміне Ўкраіну, якая дагэтуль была найбуйнейшай транзытнай краінай, празь якую блакітнае паліва паступала ў ЭЗ. Паводле плянаў, частковы ўвод у строй газаправоду адбудзецца ў 2015 годзе, а поўны – у 2018 годзе. Кошт будаўніцтва – 20 мільярдаў эўра. Гэтая інвэстыцыя азначае паразу Эўразьвязу, таму што ня будзе пабудаваны газаправод Nabucco. Гэты газаправод павінен быў дывэрсыфікаваць пастаўкі газу ў ЭЗ, зрабіць Эўропу больш незалежнай ад расейскага газу.

Такім парадкам, South Stream становіцца адной з найбуйнейшых энэргетычных інвэстыцый апошніх гадоў. Гэты транспартны калідор з Цэнтральнай Азіі на поўдзень Эўропы азначае сьмерць іншага транспартнага праекту Nabucco, - кажа незалежны экспэрт Анджэй Шчэсьняк.

Анджэй Шчэсьняк: Калі казаць пра змяншэньне паставак газу з Расеі, альбо адмовы ад іх – гэтая барацьба ўжо прайграна пасьля будаўніцтва South Stream. Затое гэта працяг расейскай гульні па дывэрсыфікацыі іх паставак. Яны абмінаюць Украіну ды Беларусь. Таксама яны пашыраюцца ў бок Азіі, у бок глябальнага рынку звадкаванага газу. Затое барацьба за дывэрсіфікацыю паставак газу ў Эўропу зазнала паразу.

Зь іншага боку, праект South Stream сьведчыць пра зьмену мысьленьня Эўропы ў сфэры энэргетыкі. На першы плян выходзяць стабільнасьць паставак ды міжнародная супраца. Сёньня нават тыя, хто доўга крытыкаваў Расею, пачынаюць супрацоўнічаць з Масквою ў газавай ды нафтаай сфэры, таму што інвэстыцыі ў гэтым сэктары плянуюцца на дзясяткі гадоў наперад.

Анджэй Шчэсьняк: Перамаглі тыя, хто лічыць, што галоўнае – бясьпека паставак; тыя, хто стварыў прыязныя ўмовы для расейскіх інвэстыцыяў. У энэргетычым сэктары дамінуе доўгатэрміновае стратэгічнае мысьленьне, у маштабе дзесяцігодзьдзяў і велізарных выдаткаў. Напрыклад, Аўстралія плянуе выдаць на інвэстыцыю ў распрацоўку сваіх газавых палёў і пабудову інфраструктуры – 54 мільярды даляраў. У Расеі найбольшыя запасы газу ў сьвеце, таму цяпер на супрацоўніцтва з Расеяй ідуць Вялікабрытанія ды ЗША. Лёндан хоча дацягнуць да сябе Nord Stream, амэрыканцы далучаюцца да распрацоўкі расейскіх газавых ды нафтавых радовішчаў. Учорашнія крытыкі сёньня купляюць у Расеі газ ды падпісваюць кантракты на дзесяцігодзьдзі.

Найбольшай праблемай для Расеі цяпер становіцца ня столькі транзыт паліва, колькі падзеньне ўзроўню спажыцьця з-за крызысу.

Анджэй Шчэсьняк: Асноўнай пагрозай для гэтай расейскай інвэстыцыі зьяўляецца эканамічная сытуацыя ў Эўропе. У 2011 годзе спажыцьцё газу скарацілася на 10%. Гэта сур'ёзная пагроза для расейцаў, таму што газ мусіць пастаўляцца, а інвэстыцыі – аплочвацца.

Ці новы расейскі газаправод закране інтарэсы Беларусі? Беларускі палітоляг Юры Шаўцоў мяркуе, што толькі ўскосна праз сытуацыю ва Ўкраіне.

Юры Шаўцоў: Усё, што тычыцца South Stream і Nabucco, Беларусі не датычыць. Гэтыя газаправоды павінны падвесьці газ да тых спажыўцоў, да якіх не паступае газ па газаправодах, што ідуць празь Беларусь. Таму наўпрост нас гэта не закране. Тут ёсьць праблема ў Украіны, бо асноўная частка расейскага газу пампуецца на захад праз Украіну. Украіна можа страціць гэты газ. Гэта ўскосна можа закрануць Беларусь. Калі ва Ўкраіне будзе буйны крызыс, гэта адаб’ецца на Беларусі. Але наўпроставай пагрозы няма.

Расея сьпяшаецца замацаваць сваю пазыцыю на эўрапейскіх рынках энэргіі. Усьлед за будаўніцтвам Nord Stream – у Масква пачынаецца будаўніцтва новага Паўднёвага газаправоду. Кошт інвэстыцыі 20 мільярдаў даляраў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт