Logo Polskiego Radia
Print

Сьв. Мікалай ідзе да дзяцей

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 03.12.2012 17:40
  • Сьв. Мікалай ідзе да дзяцей.mp3
Вы можаце стаць сьвятым Мікалаем для дзяцей з прытулкаў.

/

Хрысьціянскі валянтэрскі рух сьв. Мікалая запрашае прыняць удзел у перадкаляднай акцыі «Сьвяты Мікалай ідзе да дзяцей». Згодна зь ідэяй акцыі, кожны чалавек можа на нейкі час стаць сьвятым Мікалаем і падрыхтаваць падарунак для дзіцяці зь дзіцячага дома альбо зь небагатай сям’і. У мінулым годзе, дзякуючы акцыі, падарункі атрымалі каля 350 чалавек з розных куткоў Беларусі.

Пра акцыю расказвае айцец Аляксандар Шыбека.

А. Шыбека: Мы зьбіраем падарункі для патрабуючых дзяцей. Кожны мае магчымасьць на нейкі час стаць сьвятым Мікалаем і падрыхтаваць падарунак. Пазьней мы іх занясем у прытулкі, інтэрнаты, дзецям з псыхічнымі асаблівасьцямі ў разьвіцьці, патрабуючым сем’ям.

Што лепш за ўсё прыносіць?

А. Шыбека: З большага мы акрэсьліваем, што можна прыносіць. Гэта салодкае, канцылярскія вырабы, цацкі, цёплыя рэчы – шкарпэткі, рукавічкі. Галоўнае, каб гэта не былі рэчы, якія хутка псуюцца. Гэта таксама могуць быць сродкі гігіены, касмэтыка.

Да якога часу можна рабіць падарункі?

А. Шыбека: Звычайна акцыя трывае да сьвята Божага нараджэньня. Аднак звычайна людзі прыносяць рэчы й цягам студзеня, бо мы носім гэтыя падарункі ажно да лютага. Мы рыхтуем сцэнкі, гульні для дзяцей і даем падарункі.

Ці дзейнасьць Руху сьвятога Мікалая прысьвечана толькі калядам?

А. Шыбека: Не, мы дзейнічаем ня толькі на каляды. Каляды зьяўляюцца як бы першым крокам у супрацоўніцтве з канкрэтным інтэрнатам, прытулкам. Дзетак мы наведваем сыстэматычна цягам года.

Прыносіць падарункі можна па адрасам:

г. Менск, вул. Арджанікідзе 6 (грэка-каталіцкі душпастырскі Цэнтр Праведнага Язэпа).

г. Віцебск, вул. 2-ая Войкава 6а (грэка-каталіцкі душпастырскі Цэнтр Уваскрасеньня Хрыстова).

Уся патрэбная інфармацыя знаходзіцца на сайце - valancer.by.

Хрысьціянскі валянтэрскі Рух сьв. Мікалая зьяўляецца міжпарафіяльнай грэка-каталіцкай дабрачынна-душпастырскай ініцыятывай. Ён паўстаў увосень 2007 г. Рух зьяўляецца экумэнічным і лучыць людзей добрай волі, незалежна ад канфэсійнай прыналежнасьці, якія хочуць бескарысна дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Рух разьвівае ідэю сыстэматычнага хрысьціянскага валянтэрства.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт