Logo Polskiego Radia
Print

Сьціплыя патрэбы слуг народу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.10.2012 23:59
Апошнім часам у Беларусі не сьціхаюць карупцыйныя скандалы.

/

Спачатку аўтамабільны, цяпер спартовы. Гэтая праблемы вынікаюць з сутнасьці палітычнай сыстэмы ў Беларусі. Неабмежаваная ўлада адной асобы параджае ўсеагульную безадказнасьць.

На днях Аляксандар Лукашэнка злаваўся на спартовых чыноўнікаў. Маўляў, марнатаўства, палацы будуюць! Прагучаў нават загад службоўцам «купляць кайданкі ды адразу ў вязьніцу».

Гэта ня першы такі разнос чынавенства, а паляпшьньня няма. Паводле дадзеных міжнародных арганізацый, Беларусь застаецца высока карумпаванай краінай. Гэтая карупцыя ўбудаваная ў саму сутнасьць збудаванага Лукашэнкам рэжыму. Пра што сьведчыць сытуацыя на мясцовым узроўні.

Прывядзем адзін прыклад.У гэтым годзе мясцовыя ўлады вырашылі памяняць аўтапарк службовых машын. Маўляў, састарэў. Райвыканкамы кінуліся на пошукі новых аўтамабіляў. Іх увагу ў першую чаргу прыцягнулі дарагія пазадарожнікі заходніх фірмаў.

Так, у верасьні Ельскі райвыканкам захацеў набыць пазадарожнік маркі Volksvagen для свайго старшыні за 600 мільёнаў рублёў. У кастрычніку ўжо кіраўнік Бешанковіцкага райвыканкама выказаў жаданьне езьдзіць на Hyundai Santa Fe за 42 тысячы даляраў.

Яшчэ большую патрэбу ў зьмене службовага трансапрту маюць прадстаўнікі ААТ „Александрыйскае” у Шклове. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, належнае Міністэрству сельскай гаспадаркі. Тутэйшаму кіраўніцтву прыглянулася Toyota Land Cruiser за 100 тысяч даляраў.

Эканаміст Сяргей Чалы бачыць у гэтым апошнюю спробу чыноўнікаў шыкануць перад надыходам крызысу.

Сяргей Чалы: Цяпер нават Міністэрства фінансаў заяўляла, што вымушанае стрымліваць выдаткі й спрабаваць накіроўваць рэгіянальныя бюджэты на тое, каб фінанасаваньне ішло ў першую чаргу на сацыяльныя выдаткі. Тут такое адчуваньне, што гэтая зацікаўленасьць дарагімі машынамі бярэцца з таго, што цяпер для іх быў астатні шанец нешта такое набыць. Далей будзе толькі горш.

У сваў чаргу кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць гэта непатрэбным шыкам у небагатай Беларусі.

Яраслаў Раманчук: За 140 тысяч даляраў можна шмат чаго зрабіць. Напрыклад, можна было б палепшыць матэтыяльную базу дзіцячых дамоў, школ, шпіталёў. Аднак у нас на мясцовым узроўні няма стандартаў этыкі ды кантролю за бюджэтам. Нічога б ня здарылася з нашымі начальнікамі, калі б яны купілі добрую Škodu за 15 тыс даляраў са зьніжкай праз цэнтралізаваную сыстэму. Гэта была б найлепшая рэч. У сапраўднасьці мясцовыя начальнікі проста прыватызавалі мясцовы бюджэт, таму яны нічога ня хочуць мяняць. Чым далей улада ад народу, тым даражэйшыя ў іх машыны.

Ня кожны заходні прадпрымальнік можа сабе дазволіць такія выдаткі. Адкуль гэтакая любоў да раскошы ў беларускіх чыноўнікаў?

Яраслаў Раманчук: Гэта бонус за палітычную ляяльнасьць, за намэнклятурную ляяльнасьць. Беларуская намэнклятура ператварылася ў клян, які падтрымлівае адзін аднаго й жыве паводле прынцыпаў кругавой парукі. Яны захапі краіну ды робяць зь ёю ўсё, што заўгодна, а праблемы сьпісважць на нейкі глябальны капіталізм, Эўразьвяз або Расею.

Дарэчы, моду на дарагія аўты ў свой час запачаткаваў Аляксандар Лукашэнка, калі падараваў кіраўнікам выканкамаў больш за 100 мэрсэдэсаў. Маўляў, за выдатную службу. Аднак ужо тады зьявіліся камэнтары, што насамрэч гэта было платай за перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах. Любоў да дарагіх аўтаў ды іншых аксэсуараў улады ўласьціва для посткаляніяльных краін, да якіх можна аднесьці й постсавецкія дзяржавы, зазначае Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы: Такая любоў да шыкоўных замежных аўтаў зьяўляецца амаль прызнакам каляніяльнай краіны. Афіцыйныя асобы больш разьвітых краін аддаюць перавагу, існуе такое непісанае правіла, таму, каб езьдзіць на сваім айчынным аўтапраме, калі ён ёсьць. Калі не, то на недарагіх марках. Толькі краіны Азіі, Афрыкі, арабскага Ўсходу, ну й постсавецкія краіны вельмі любяць такія дарагія аўтамабілі.

Для параўнаньня, за 450 мільёнаў рублёў Слуцкі райвыканкам купляе школьны аўтобус. То бок зэканоміўшы на машынах, улады маглі купіць некалькі школьных аўтобусаў або палепшыць матэрыяльную базу шпіталяў, дзіцячых дамоў і г.д. Аднак высокапастаўленыя чыноўнікі няраз казалі, што ў першую чаргу скарачаць будуць сацыяльныя выдаткі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт