Logo Polskiego Radia
Print

Традыцыйна пра тое ж самае

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.10.2012 17:42
А. Лукашэнка ня мае рэцэптаў на выхад са складанай эканамічнай сытуацыі.

fot. belarus.by

fot.
fot. belarus.by

У аўторак у Менску адбылася традыцыйная прэс-канфэрэнцыя А. Лукашэнкі для прадстаўнікоў расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Беларускі кіраўнік гаварыў больш за чатыры гадзіны, за гэты час прагучалі практычна тыя ж словы пра брацтва беларускага й расейскага народаў, што й кожны год. У сваю чаргу, не было дадзена рэцэптаў на выхад з цяжкой эканамічнай сытуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь, калі без падтрымкі Расеі яна не справіцца з гаспадарчым крызысам. А Расея не сьпяшаецца з гэтай падтрымкай.

Найбольш набалелай тэмай для жыхароў Беларусі зьяўляецца эканамічная сытуацыя, пытаньне, як выйсьці з крызысу, у які трапіла дзяржава. На гэтае пытаньне адказу падчас выступленьня беларускага кіраўніка не прагучала. Ён кіруе краінай ужо шмат гадоў, а цяпер знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі, калі Расея перастае фактычна спансараваць беларускі рэжым. А без гэтай падтрымкі ён ня вытрымае. Канфэрэнцыя была нудная, хаця паявіліся й выказваньні, разьлічаныя на гэтак званую жоўтую прэсу, - камэнтуе публіцыст Анджэй Пачобут.

А. Пачобут: Грамадзянаў Беларусі перш за ўсё турбуе гаспадарчая сытуацыя, як яна будзе нармалізавацца. Гэтага абсалютна не было. Агучваліся традыцыйныя беларуска-расейскія дачыненьні, як звычайна. І заўжды Лукашэнка ўкідвае нейкія рэчы, якія зацікавяць СМІ – што яму падарылі “Майбах”, пра апэрацыю ў Беларусі генэрала МАСАДу, пра хабар, які яму хацелі даць. Але важкіх заяваў не прагучала, неглыбокая была прэс-канфэрэнцыя.

З аднаго боку большасьць аглядальнікаў кажа, што ніякіх звышзаяваў падчас гэтай канфэрэнцыі не прагучала, і варта з гэтым пагадзіцца. Але даволі яскрава бачныя агульныя тэндэнцыі пазыцыянаваньня беларускіх уладаў на расейскай мэдыйнай прасторы. Лукашэнка імкнецца палепшыць сваю рэпутацыю ў Расеі, але не жадае таксама яе далей псаваць на Захадзе, - мяркуе палітоляг Юры Чавусаў.

Ю. Чавусаў: Спадар Лукашэнка хоча адмыць свой імідж, які пацярпеў за гады эканамічнага крызысу, адмыць яго ў Расеі. Але не было таксама пагрозьлівых заяваў у адрас Захаду. Таму й на заходнім накірунку Лукашэнка імкнецца знайсьці паразуменьне. Нельга казаць пра нейкі геапалітычны шпагат, беларускі рэжым моцна прывязана да расейскага ядра. Але ён стараецца захаваць хаця б мэдыйнае адчуваньне, што Беларусь – гэта хаўрусьнік Расеі, а не сатэліт.

З выступу было бачна, што Лукашэнка ўжо страціў надзею, што нафту й газ ён атрымае з Расеі за прыгожыя словы. Магчыма, таму не было рэзкіх выпадаў у бок Захаду. Ён нават прызнаў, што ў Беларусі ёсьць некалькі палітвязьняў. Але нічога ня сьведчыць пра тое, што пачнецца вызваленьне вязьняў сумленьня. Беларускі кіраўнік жадае, каб Захад пагадзіўся на ягоныя ўмовы.

А. Пачобут: Лукашэнка шукае паразуменьня з Захадам, але хоча, каб гэтае паразуменьне адбылося на яго ўмовах. Ён ня хоча звальняць палітзьняволеных, лібэралізаваць краіну, дэмакратызаваць яе. Ён наадварот хоча заціскаць гайкі. Але Расея перастала спансараваць беларускі рэжым, ён ня хоча аддаваць расейцам эканоміку. Усё ж такі ён кіруе краінай ужо 18 гадоў, мы шмат разоў чулі, што ўжо вось-вось канец. Але Лукашэнка знаходзіў нейкія выхады кшталту кантрабанды растваральнікаў і распушчальнікаў. І пакуль ня бачна, каб яго ўладзе нешта пагражала.

Так што й праз год, можна спадзявацца, пачуем тыя ж самыя словы з тых жа самых вуснаў. А прэс-канфэрэнцыі была наладжана ў рамках чарговага, дзясятага ўжо, прэс-тура расейскіх рэгіянальных СМІ ў Беларусь з удзелам 90 журналістаў з усёй Расеі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт