Logo Polskiego Radia
Print

Як захаваць нацыянальную адметнасьць на чужыне?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.09.2012 17:04
  • Як захаваць нацыянальную адметнасьць на чужыне.mp3
1-3-га верасьня адбылася 30-й сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

/

Адной з галоўных тэмаў сустрэчы стала пытаньне праблемаў сучаснай беларускай эміграцыі.

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ладзяцца рэгулярна раз на два гады, пачынаючы з 1952-га году. На сустрэчу прыязджаюць беларусы з розных гарадоў Канады й ЗША, а таксама запрошаныя госьці зь Беларусі. Пра гісторыю гэтага мерапрыемства распавядае гісторык беларускай эміграцыі Алег Гардзіенка.

Алег Гардзіенка: Пасьля ІІ сусьветнай вайны ў Амэрыку перабралася найбольшая колькасьць паваенных беларускіх эмігрантаў зь Нямеччыны. Яны адчувалі патрэбу гуртаваньня, каб не быць па тых часах паасобку ды расьцярушанымі на бязьмежных прасторах Паўночнай Амэрыкі. Але эміграцыя была расколатая й ладзіліся розныя сустрэчы. Ад 1952-га года свае сустрэчы праводзілі тыя, хто падтрымліваў Раду БНР на эміграцыі. Яны й зваліся як раз сутрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Тыя, хто падтрымліваў БЦР, некалькі гадоў ладзілі свае асобныя сустрэчы, якія зваліся сустрэчы беларусаў ЗША й Канады. Праўда, яны былі нядоўгія й скончыліся ў другой палове 1960-ых гадоў. Ад гэтага часу беларусы рэгулярна ладзяць ужо агульныя сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Гісторык браў удзел у сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў 2010-м годзе. Ён зазначае, што яна характарызавалася жывой атмасфэрай.

Алег Гардзіенка: Тое, што я бачыў 2 гады таму – гэта была цудоўная нязмушаная атмасфэра, супольная валейбольная гульня. Ясна, што маладыя больш прымалі ўдзел у гульні. Ясна, што ёсьць канфлікт пакаленьняў старых і маладых, але ён характэрны й для Беларусі. Але з-за гэтага ніхто паасобку не дзяліўся. Усе былі разам.

Сёлета ў Таронта адбылася 30-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Сярод дэлегатаў — старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, іншыя сябры Рады, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк, пісьменьніца Вольга Іпатава, вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі, госьці зь Беларусі й Польшчы. Сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы падзялілася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Івонка Сурвіла: На маю думку, была цудоўная атмасфэра, вельмі цёплая, без аніякіх праблемаў. Вельмі шмат месца была нададзена культуры, паколькі ў Таронта, ды ў Канадзе наагул, мы маем цудоўных мастакоў. Выступаў гурт «Яворавы людзі», які паказаў надзвычайную п'есу пра вясельныя абрады зь Беларусі. Быў выступ двух нашых паэтаў з акампанэмэнтам гурта «Кантабіле». Усё было надзвычай прыгожа, і першы вечар, і другі таксама.

Па выніках сустрэчы была прынята рэзалюцыя, у якой удзельнікі выказаліся за захаваньне на чужыне адметнай беларускай прысутнасьці ды падтрымку беларускай мовы, культуры й традыцыі сярод эмігранцкай грамады. Паводле Ніны Шыдлоўскай са Згуртаваньня Беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», гэта сапрыўды істотны выклік, бо за апошнія гады новых моцных ініцыятываў беларусаў у эміграцыі не паўстала.

Ніна Шыдлоўская: Моцных новых ініцыятыў за гэты час так і не паўстала. Працягваецца праца тых суполак, якія ўжо існуюць у замежжы. Яны вельмі шмат робяць. Напрыклад, іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яны Чырскага. Яны знаходзяць новыя адметныя формы, каб уцягваць шырокае кола людзей у беларушчыну. Такім чынам, можна й людзей яднаць і папулярызаваць сучасную беларускую культуру. На жаль такіх грунтоўных прыкладаў ня так і шмат. Калі нейкія ініцыятывы ў замежжы ўзьнікаюць, то яны не носяць сыстэмнага характару. У нас гэта выклікае непакой. Маладое пакаленьне больш інтэгруецца ў асяродкі пражываньня.

Сёньня найбольш адметныя ды актыўныя суполкі беларусаў дзейнічаюць у Расеі, ЗША, Канадзе, Летуве, Польшчы. Усіх іх яднае адно – жаданьне бачыць сваю краіну незалежнай і дэмакратычнай.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт