Logo Polskiego Radia
Print

У Расеі адраджаецца найвышэйшая савецкая ўзнагарода

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 24.08.2012 19:32
А атрымаць такую ўзнагароду варта.

Усё новае - гэта вельмі добра забытае старое, якое калісьці вернецца. І гэтая прымаўка чарговы раз знаходзіць сваё пацьвярджэньне ў рэчаіснасьці.

У Расеі адраджаецца найвышэйшая савецкая ўзнагарода - званьне й Зорка героя працы, аднак не сацыялістычнай, а капіталістычнай. Пра гэта паведамляе на сваіх старонках „Gazeta Wyborcza”. Вярнуць прэстыжную некалі ўзнагароду намагаецца Ігар Халманьскі, агульна вядомы як Рурыкавіч, ад імя па бацьку. Ён зьяўляецца прадстаўніком прэзыдэнта ва Ўральскай фэдэральнай акрузе й лідарам ствараемага Руху ў абарону чалавека працы. Папулярнасьць і пачатак бліскучай кар’еры Халманьскаму прынесла ўсяго адна фраза, сказаная ў сьвятле тэлекамэраў.

Будучы інжынэрам на Ўралвагонзаводзе ў Ніжнім Тагіле, дзе кіраваў цэхам танкавай канструкцыі, у сьнежні мінулага году ён прымаў удзел у тэлемасьце з Пуціным.

Стоячы ў сваім цаху на фоне новенькіх танкаў, якія моцна падкрэсьлівалі сілу ягоных словаў, Рурыкавіч запрапанаваў тагачаснаму прэм’еру й кандыдату на пасаду прэзыдэнта, што прыедзе з „завадзкімі хлопцамі” ў Маскву й „расправіцца” з апазыцыяй, якая выводзіць на вуліцы антыпуцінскія дэманстрацыі. І толькі дзякуючы гэтаму ўральскі хлопец практычна імгненна з завадзкога цэха перабраўся ў губэрнатарскі палац і стаў лідарам новага працоўнага руху, які сёньня з рэгіянальнай арганізацыі пераўтвараецца ў агульнарасейскую. Ён пачаў падгаворваць моладзь, каб ня думала пра вышэйшую адукацыю, а ішла на заводы. Бо ўнівэрсытэты - гэта рассаднік лібэральных, антырасейскіх, празаходніх і ўвогуле бунтарскіх ідэяў, а сапраўднае расейскае сэрца б’е пад рабочымі камбінэзонамі.

Некалькі дзён таму Рурыкавіч заявіў, што людзей працы трэба шанаваць, а найлепшай праявай гэтай пашаны можа быць савецкі прыклад, таму неабходна адрадзіць званьне героя працы. А атрымаць такую ўзнагароду варта. Сёньня больш за 20 тысяч уладальнікаў Зоркі героя працы атрымліваюць акрамя пэнсіі дадатак памерам у 35 тысяч рублёў, ня плоцяць за транспарт, кватэру, а таксама на кошт дзяржавы могуць уставіць сабе зубы.

Ад гэтай узнагароды ў савецкія часы былі й іншыя карысьці. Адным з 16 „поўных герояў” - трохразовым уладальнікам званьня героя працы, акрамя Сталіна й Хрушчова, быў Андрэй Сахараў - бацька вадароднай бомбы й нобелеўскі ляўрэат. Стаўшы дысыдэнтам, ягоны „зорны даробак” бараніў яго ад хамства й нахабства сьледчых КДБ, бо яны звычайна ня ведалі, якім чынам абыходзіцца з трохразовым Героем сацыялістычнай працы.

Напэўна адрадзіць савецкае званьне Рурыкавічу ня ўдасца, паколькі замест сацыялізму ў краіне капіталізм. А героямі працы прыйшлося б прызнаць мільярдэраў- алігархаў, якія ў 90-я гады шмат працы ўклалі ў будову нафтавых і мэталюргічных імпэрыяў.

кр

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт