Logo Polskiego Radia
Print

Ясна Гура - месца пілігрымак

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.08.2012 08:00
  • Ясна Гура - месца пілігрымак.mp3
Месяц жнівень у Польшчы – гэта час пілігрымак у сьвятое месца – санктуарый Ясна Гура (Ясная Гара, Jasna Góra), які знаходзіцца ў Чэнстахове.

/

Гэта адно з найважнейшых месцаў культа Маці Божай у Польшчы, якое сотні гадоў зьяўляецца найважнейшым цэнтрам пілігрымак. На Яснай Гуры знаходзіцца абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, а таксама калекцыя іншых твораў мастацтва, найчасьцей сакральнага.

Пачаткі існаваньня манастыра сягаюць 1382 году, калі ў мясцовы манастыр князь Уладзіслаў запрасіў ордэн паўлінаў з Вугоршчыны. Пазьней на Ясную Гуру з Русі быў прывезены абраз Божай Маці зь Дзіцяткам Езус, які паводле легенды намаляваў сьвяты Лука Эвангеліст на дошцы стала, на якім ела сям’я Езуса.

Асаблівае значэньне для палякаў гэтае месца пачало мець падчас швэдзкага патопу ў 1655. Швэдзкія войскі зрабілі спробу захопу манастыра й санктуарыя. Абарона Яснай Гуры была рэлігійнаю перамогай і мела сымбалічнае значэньне.

8 верасьня 1772 году адбылася каранацыя Чорнай Мадонны (так называюць абраз Маці Божай Чэнстахоўскай). Гэта была другая цырымонія каранацыі абраза на польскіх землях. Як кажуць гісторыкі ў цырымоніі прымала ўдзел 200 тысяч вернікаў.

Вернемся да гісторыі абраза. У 1382 годзе князь Уладзіслаў захацеў прывезьці ікону Божай Маці Бэлскай у Аполе. Аднак па дарозе воз з абразом затрымаўся ў Чэнстахове, а коні не захацелі ехаць далей. Палічыўшы гэта божым знакам, князь пакінуў ікону ў мясцовым манастыры. І гэта быў пачатак абраза на Яснай Гуры.
У палове 17 стагодзьдзя швэдзкі кароль Караль X Густаў, захапіўшы Варшаву й Кракаў, прайграў пад чэнстахоўскім манастыром на Яснай Гуры. Гэтая падзея дадала адвагі й надзеі палякам, а кароль Ян Казімеж абвясьціў маніфэст, у якім аддаваў сваю дзяржаву апецы Маці Божай, называючы яе чэнстахоўскі абраз „Польскай Каралевай”.

Ёсьць адмысловая малітва-песьня – Apel Jasnogórski – якая накіроўваецца да Каралевы Польшчы, і ў якой яе просяць абараняць Польшчу й Касьцёл.

Ясна Гура – гэта найчасьцейшае месца пілігрымак у Польшчы. У 2011 годзе на Ясную Гуру прыбыло 3,2 мільёны пілігрымаў і турыстаў з 80 краін сьвету. Пехатою ў сьвятое месца штогод прыходзіць каля 150 тысяч чалавек. Месяцам пешых пілігрымак зьяўляецца жнівень. Паломнікі ідуць з розных гарадоў і вёсак з усёй Польшчы. Галоўныя ўрачыстасьці ў Чэнстахове адбываюцца 15 жніўня ў сьвята Ўнебаўзяцьця Марыі Панны. Аднак у адзін дзень манастыр ня можа прыняць такой агромнай колькасьці пілігрымаў, таму кожная з дыяцэзій мае свой вызначаны дзень, калі яе пілігрымкі прыходзяць у сьвятое месца. Першыя паломнікі вырушылі ў апошні дзень ліпеня.

ав/wikipedia.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт