Logo Polskiego Radia
Print

“У рэжыме Лукашэнкі вінаваты й ЭЗ”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 30.07.2012 16:41
  • Гутарка з Паўлам Ковалем.mp3
Эўрадэпутата Павал Коваль тлумачыць, чаму ЭЗ церпіць Лукашэнку, а Варшава губляе ўплыў на Менск.

/

Польскі эўрадэпутат Павал Коваль прапануе новую стратэгію адносна Беларусі. Умоўна палітык яе называе “стратэгічнай цярплівасьцю”. Вынік ад яе можа быць не раней, чым празь дзясятак гадоў. Але кожны іншы шлях стане яшчэ даўжэйшы. Пра гэта былы віцэ-міністар замежных справаў Польшчы распавёў у інтэрвію Дзьмітрыю Гурневічу.

Некалькі тыдняў таму Вену наведала старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына. Перад ёй у Парыжы пабтываў былы цяпер ужо міністар унутранных справаў Анатоль Куляшоў. Гэтых людзей аб’ядноўвае тое, што яны напрамую адказваюць за фальсыфікацыі выбараў у Беларусі й рэпрэсіі супраць апазыцыі. Таксама гэтыя два прозьвішчы знаходзяцца ў “чорным сьпісе” ЭЗ - ім забаронены ўезд у Эўропу. Дык што насамрэч адбываецца з палітыкай ЭЗ адносна Беларусі?

П. Коваль: Пры першай жа нагодзе я спытаюся ў спадарыні Кэтрын Эштан пра ваяжы Ярмошынай і Куляшова ў краіны Шэнгенскай дамовы. На маю думку, гэта своеасаблівая карціна таго, як непасьлядоўна паводзіць сябе ЭЗ. Нічога новага я не скажу: ЭЗ ужо столькі разоў зьмяняў сваю палітыку адносна Беларусі, што зь гістарычнага пункту гледжаньня можна з упэўненасьцю сказаць: Эўропа адказвае за захаваньне ўлады Лукашэнкі.

Як магчыма, каб цягам 18 гадоў, калі бачна who is who, можна быць зацікаўленым у захаваньні такой улады?

П. Коваль: Прычынаў некалькі. Ёсьць людзі, якія вышэй за правы чалавека й дэмакратызацыю цэняць стабільнасьць. Прычынай зьяўляецца й характар рэжыму Лукашэнкі. Гэта не таталітарны рэжым са шматлікімі ахвярамі, як у Паўночнай Афрыцы. Гэта мяккі таталітарызм. Людзі на Захадзе вельмі часта думаюць, што Лукашэнка ёсьць такі, які ёсьць, але ж на яго месцы мог бы быць і горшы варыянт. Зразумела, ёсьць таксама й бізнэс-лобі. Урады, якія знаходзяцца пад ціскам фірмаў, схільныя да таго, каб хутка мяняць сваю палітыку.

23 верасьня ў Беларусі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Ці бачыце Вы сэнс размаўляць з Лукашэнкам наконт дэмакратычных выбараў, як гэта ў 2010 годзе зрабілі Сікорскі й Вэстэрвэле?

П. Коваль: На маю думку, не. За ўсе гэтыя гады ён паказаў, што няздольны правесьці адкрытыя выбары. Магчыма, пра гэта можна было б размаўляць з кімсьці зь ягоных паплечнікаў. Але ці азначае гэта, што мы не павінны размаўляць увогуле? Таксама не. Мы павінны абіраць тэмы, якія рэальна рэалізаваць й якія могуць паўплываць на будучыя выбары. Уявім сабе, што Лукашэнка пагаджаецца на свабодныя выбары. Ён, верагодна, перамог бы ў іх. Бо непадрыхтаванае да выбараў грамадзтва прайграе іх уладзе.

А ці на гэты раз у беларускай апазыцыі ёсьць шанец “правесьці” ў парлямэнт пару сваіх прадстаўнікоў?

П. Коваль: Я ня веру, каб Лукашэнка правёў дэмакратычныя выбары. А размовы пра тое, каб у рамках лукашэнкаўскай сыстэмы правесьці у парлямэнт некалькі апазыцыянэраў, я лічу нонсэнсам. Дэмакратыю так нельга пабудаваць. Пасьля 1956 году камуністычныя ўлады ў Польшчы пусьцілі ў Сэйм групу незалежных дэпутатаў, але яны ні на што не ўплывалі. Іх выкарыстоўвалі пераважна для прапаганды. На апошніх парлямэнцкіх выбарах я быў у Менску назіральнікам. Да нас у гатэль прыходзілі розныя прадстаўнікі ЭЗ і казалі, што Лукашэнка “ўпусьціць” у парлямэнт 10 чалавек. Празь 2 гадзіны казалі пра 6 чалавек. Раніцай казалі пра аднаго. А калі мы ўсталі, каб пісаць справаздачу АБСЭ, то аказалася, што аніводная асоба не прайшла.

То бок кожны варыянт у выніку й так будзе кепскі?

П. Коваль: У мяне няма сумневаў, што адзіны сцэнар для Беларусі такі, што ў трансфармацыі будзе ўдзельнічаць частка эліты ўлады. Апазыцыя, на жаль, у Беларусі вельмі слабая. Я лічу вялікай палітычнай памылкай аслабленьне Мілінкевіча. Яго трэба было ўзмацняць, а не аслабляць. Больш за тое, я лічу, што Эўразьвяз таксама нясе адказнасьць за аслабленьне беларускай апазыцыі.

Вы ўзагадалі пра размовы з прадстаўнікамі рэжыму ў Беларусі. А адкуль у Вас перакананьне, што яны захочуць рызыкаваць пасадамі й паляцяць у Брусэль на перамовы з Вамі альбо прадстаўнікамі Эўракамісіі?

П. Коваль: У эканамічных колах ёсьць такія людзі. Яны пакуль адкрыта пра гэта ня кажуць, але гатовыя на такія перамовы. Сёньня яны, канешне, не паедуць у Брусэль. Але існуюць і іншыя магчымасьці весьці зь імі перамовы: праз дыпляматаў, праз розныя сэмінары, праз прапановы публікацыі іх тэкстаў, розныя стыпэндыі й г.д. Ня ўсе змогуць – гэта факт. Але я б не перабольшваў, што ўсё так кепска. Беларусь – гэта, усё ж, не Паўночная Карэя. Унутры любой палітычнай сыстэмы ёсьць людзі, якія прагнуць пераменаў. Вы можаце называць іх баязьліўцамі, але іншага выхаду проста няма.

Назіраючы за польскай палітыкай адносна Беларусі нельга не заўважыць, што Варшава пакрысе зьмяншае сваю актыўнасьць ва ўсходнім напрамку. Польшча перастала верыць, што магчымая іншая Беларусь?

П. Коваль: Адзін чалавек, які адказвае за польскую палітыку адносна Беларусі, сказаў мне: “Беларусь маленькая, колькі ўжо можна, час скончыць з гэтым”. Нам, на жаль, не хапае стратэгічнай цярплівасьці. Можа эфэкт будзе толькі праз 20 гадоў, але нельга пакідаць Беларусь, бо Лукашэнка нявечны. Але ёсьць яшчэ адна важная дэталь: у дэмакратычных дзяржавах вельмі важную ролю адыгрывае лобі. Я лічу, што беларускае лобі ў Польшчы вельмі слабое. Да мяне як палітыка, які даўно займаецца Беларусьсю, ані разу не прыйшоў беларус, які б сказаў: дапамажыце нам у гэтым і гэтым, бо ваш урад зьмяншае фінансаваньне на Беларусь. Я як палітык, які хоча быць пераабраны, мусіў бы рэагаваць. Беларускія эліты й так шмат пацярпелі ад гісторыі й, магчыма, гэта прагучыць жорстка, але мушу сказаць, што беларускае незалежнае асяродзьдзе яшчэ не сасьпела.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч.

Здымак: pawelkowal.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт