Крэмль без дысыдэнтаў
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
30.06.2012 14:41
Група славутых праваабаронцаў, якія былі дарадцамі Дзьмітрыя Мядзьведзева, ня хочуць працаваць з Пуціным.
Яны ня згодныя быць прыкрыўкай для ўлады, якая закручвае гайкі расейскаму грамадзству, піша штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.
Былы прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў стварыў дарадчы ворган: Раду па разьвіці грамадзянскай супольнасьці й правоў чалавека ў складзе 40 чалавек. Туды ўвайшлі сапраўдныя славутасьці з шэрагаў яшчэ дысыдэнскага руху ды лібэральнай апазыцыі. Напрыклад, 85-гадовая Людміла Аляксеева, лідарка савецкага антыкамуністычнага руху, альбо Ігар Юргенс, кіраўнік прэзыдэнцкага Інстытуту сучаснага разьвіцьця, які падрыхтаваў для Мядзьведзева сьмелы праект рэформаў. Некалі гэтая Рада прапанавала ўраду праграму дэсталінізацыі Расеі, назвала палітычным прысуд Хадаркоўскаму ды асудзіла міліцыю й пракуратуру за змову ў справе Магніцкага.
Будучы прэм’ерам Пуціна раздражняла дзейнасьць Рады, але ён прымаў яе справаздачы, хоць і рэдка імі карыстаўся. Сёньня гэтая “зорная” ўстанова знаходзіцца ў стадыі распаду. Яшчэ ў сьнежні з Рады пачалі адыходзіць людзі.
Напрыклад, вядомая эканамістка Ірына Ясіна ды журналістка Сьвятлана Сарокіна вышлі са складу Рады ў пратэсьце супраць фальсыфікацыі парлямэнскіх выбараў. На сёньняшні дзень Рады пакінулі ўжо 17 чалавек, у тым ліку Юргенс ды Аляксеева. Калі сыйдуць яшчэ 2 асобы, Раду можна будзе распускаць, бо ня будзе кворуму, сказаў польскаму выданьню старшыня воргану Міхаіл Фядотаў.
Раней сустрэчы Рады адбываліся з удзелам прэзыдэнта, сёньня гэта чыноўнік нізкага рангу з крамлёўскай адміністрацыі. Уладар Крамля ня мае ахвоты слухаць непаслухмяных дысыдэнтаў, піша польскае выданьне.
юл