Ці часта мы задумваемся аб тым, як жывуць людзі, адасобленыя ад нашага нібыта нармалёвага сьвету? Як выглядае чысьцец, створаны рукамі чалавека?
У Варшаве мне давялося пагасьціць у адным з самых вялікіх сьледчых ізалятараў ў Польшчы. Яго пабудавала яшчэ расейская ўлада ў 1902 годзе. Гэтае месца можна назваць своеасаблівым “курортам” для вязьняў, таму што трапляюць туды асобы, каб між іншым вучыцца, працаваць і лячыцца ад алкагалізму. У турме прадугледжана больш за 900 месцаў для затрыманых, у тым ліку 49 для рэцыдывістаў, залежных ад алкаголю й 45 для небясьпечных зьняволеных.
Кожнаму заключанаму належыць 3 квадратныя метры ў камэры. 5 асоб – гэта максімальная колькасьць людзей у пакоі. У большасьці сядзяць разам па 2-3 асобы.
У тэрапэўтычным аддзяленьні сьцены й калідоры нагадваюць беларускі шпіталь, толькі за кратамі. Камэры там ўдзень адчынены й вязьні свабодна ходзяць адзін да аднаго ў госьці. У адзін са сваіх пакояў нас ветліва ўпусьцілі пяцёра лысых, мускулістых дзядзькаў у тату.
Калі, я спытала пра чэфір, мяне не зразумелі. Адказалі, што проста пьюць гарбату й каву. Відаць, для польскіх вязьняў гэта традыцыя адышла ў нябыт. Пакой ня без легендарных нараў, але па-свойму ўтульны. Гутарыць тэлевізар, сушыцца бялізна, на сьценах плякаты, паліцы з кнігамі, сродкамі гігіены. Маленькая прыбіральня, якую можна зачыніць дзьвярыма. У калідоры некалькі прыладаў для фітнэса. З кожным вязьнем працуюць псіхолягі, лекары, праводзяцца тэрапіі ў групах.
На наступным паверсе мы наведалі вязьняў, якія атлімліваюць адукацыю. Іх камэры нагадваюць нечым пакой ў студэнцкім інтэрнаце. Шмат кніг, музыкальны цэнтр, нават кветкі. У турме дзейнічае рамеснае вучылішча з напрамкамі: друкар і пераплётчык. Пасьля вучылішча вязьні маюць магчымаць працаваць у друкарні каля турмы, дзе мінімальна зарабляюць 1300 злотых (каля 400 даляраў). Асобы, якім не споўнілася 18 год абавязкова атрымліваюць школьную адукацыю. Пакой, дзе вучацца, выглядае, як звычайны школьны клас, з дошкай, партамі й тэлевізарам. Навука ахоплівае 120 зьняволеных у год. На паверсе знаходзяцца таксама бібліятэка, пакой, дзе можна паслухаць радыё, майстэрня й пакой адпачынку. Найбольш уразіла майстрэрня – маленькі пакойчык, завешаны яскравымі й прыгожымі карцінамі. З адной зацікаўлена спаізрала на нас дзяўчына з жамчужнай завушніцай. Яе мастак аказаўся былым кіроўцай фураў. Пакой адпачынку – гэта шырокая заля са сцэнай ў цэнтры. Тут праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы для заключаных. Канцэрты, выстаўкі, тэатральныя пастаноўкі. У момант, калі мы зайшлі, заля была падрыхтавана да Дня дзіцяці. Сьцены ўпрыгожаны каляровымі постацямі зь мульцікаў. Атрымалася невялічкая дзіцячая пляцоўка, дзе падчас сьвята вязьні змогуць спаткацца са сваімі жонкамі й маляняткамі.
Са зьняволенымі асобна працуюць ксяндзы й манахіні, два дні на тыдзень адбываецца імша. Прыходзіць таксама праваслаўны сьвятар. Кожны месяц заключаныя выдаюць таксама сваю газэту “Nasze Remedium», дзе зьмяшчаюць розныя артыкулы, вершы, апавяданьні. За добрыя паводзіны выхавальнікі арганізуюць часам паходы ў горад групамі па 7-10 чалавек. Нядаўна адбылася экскурсія ў Каралеўскі замак. За ўзорныя паводзіны зьняволеныя могуць атрымаць больш перадач ад блізкіх, больш спатканьняў, а некаторыя найбольш адказныя й бяскрыўдныя атрымліваюць нават звальненьне з турмы на дзень ці два. Звычайна перадачы дазволена атрымліваць адзін раз на чвэрць месяца. Рэчы, якія нельга перадаваць (напрыклад, дэзадаранты ці парашок) вязьні могуць замовіць у турэмнай краме. Раз на тыдзень 10 хвілін адводзіцца на душ.
Падыхаць паветрам заключаных выводзяць на сьпэцыяльныя каваныя балконы, падзеленыя на часткі. У памяшчэньні, дзе перахоўваюцца звыклыя вязьні, адчуваеш сябе, як Аліса ў краіне цудаў. Вялізны цёмны калідор і дзесяткі пужалых жалезных дзьвярэй са шклянымі дзіркамі. Карцар выглядае даволі стандартна. Ложак без бялізны, столік , прыбіральня, як на беларускіх чыгунках і на дзіва шмат сонечнага сьвятла. Калі казаць увогуле, развеяўся стэрэатып вязьніцы, як нечага жудаснага й нялюдскага. Аказалася, што да іншага чалавека нават у турме магчыма ставіцца па-чалавечы.
Прагортваючы адну з турэмных газэт, я натрапіла на радкі з верша аднаго вязьня:
Перад навальніцай, можна шапку мець, каб бараніла галаву. Аднак найлепш - не рабіць нічога. Пастаў на надзею. Апрані шапку і раскрый парасон надзеі.
Кася Ляўдацкая