Logo Polskiego Radia
Print

"Пішучы гісторыю, трэба адмовіцца ад нацыянальных ідэалягем"

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.05.2012 19:39
  • ALES SMALANCZUK.mp3
Гісторык Алесь Смалянчук разпаведае пра тое, зь якімі праблемамі самасьвядомасьці сутыкаецца цяперашняе насельніцтва Беларусі
Алесь СмалянчукАлесь Смалянчукkamunikat.org

Чым сёньня ў Беларусі зьяўляецца канцэпт “Польшча”?

А. Смалянчук: Вельмі часта ў палітычных дыскусіях, асабліва апошнім часам, з падачы дзяржавы малюецца вобраз польскага ворага, які перашкаджае гэтак званай беларускай стабільнасьці. Калі казаць пра гістарычную памяць, то польскі пан – гэта, паводле афіцыяльнай гістарычнай палітыкі Беларусі, адзін з галоўных ворагаў. Але зь іншага боку, калі аналізаваць кадравы склад на Гарадзеншчыне, на Заходняй Беларусі, то пабачым, што шмат сярэдніх і ніжэйшых пасадаў займаюць менавіта палякі. Такая сытуацыя – даволі дзіўная: з аднаго боку здаецца, ёсьць некі ціск на палякаў, а зь іншага палякі – гэта тая сіла, на якую апіраецца рэжым Лукашэнка на Гарадзеншчыне. Ёсьць такі стэрэатып, што палякі – нейкія бунтары, якія змагаюцца супраць дыктатуры. На Гарадзеншчыне гэта абсалютна ня так.

Ці можна зрабіць кар’еру ў Беларусі, адкрыта кажучы, што ты паляк? А можа трэба адмовіцца ад сваёй ідэнтычнасьці?

А. Смалянчук: Я ведаю шмат палякаў, якія робяць кар’еру. Ад ідэнтычнасьці яны адмаўляюцца, я б сказаў, часткова: яны не дэкляруюць сябе палякамі ў Беларусі, затое робяць гэта ў Польшчы. Трэба сказаць пра Карту паляка: апошнім часам выйшла распараджэньне Лукашэнкі, якое не дазваляе чыноўнікам мець гэты дакумэнт. І зараз многія апынуліся ў сытуацыі складанага выбару.


Ці наяўнасьць Карты паляка для палякаў-грамадзян Беларусі зьяўляецца спосабам падкрэсьліць сваю нацыянальную самасьвядомасьць?

А. Смалянчук: У першую чаргу Карта паляка – гэта фактар эканамічны. Большасьць тых, хто займаецца памежным гандлем, езьдзіць у Польшчу з Картамі паляка. У адрозьненьні ад беларускіх палітыкаў, якія бачаць у гэтым пагрозу для беларускай ідэнтычнасьці ці дзяржаўнасьці, я тут такога ня бачу.

А чым цяпер у афіцыйнай вэрсіі гісторыі зьяўляецца Вялікае Княства Літоўскае?

А. Смалянчук: Для Лукашэнкі Вялікае Княства Літоўскае – гэта дзяржава, дзе прыгняталі беларусаў. Нават апошнім часам афіцыйныя ідэолягі выступалі публічна зь ідэяй, што трэба адмаўляцца ад ВКЛ, што гэта ня наша гісторыя. Гэта сустрэла даволі моцную апазыцыю сярод гісторыкаў. Галоўная гістарычная падзея для Лукашэнкі – гэта апошняя вайна, якая існуе як Вялікая Айчынная вайна савецкага народу.

Вы згадалі пра Другую сусьветную, Вялікую Айчынную вайну, вакол якой афіцыйная ўлада будуе ідэнтычнасьць беларусаў. Чым тады беларусы павінны адрозьнівацца ад расейцаў, цэнтрам памяці якіх зьяўляецца гэтая ж вайна?

А. Смалянчук: Калі казаць пра афіцыйную палітыку, якую праводзіць дзяржава, то тут вялікага адрозьненьня няма. А калі казаць пра калектыўную памяць, то бачым выразную розьніцу. Я ня бачу праблемы называць гэту вайну Вялікай Айчыннай у Расеі. Але для беларусаў яна не была айчыннай, таму што Беларусь проста стала арэнай, на якой змагаліся два таталітарызмы: нацысцкі й сталінскі. Гісторыя савецкага партызанскага руху яшчэ не напісана, але вельмі часта сталінскі таталітарызм ажыцьцяўляўся праз рэпрэсіі, рабункі савецкіх партызанаў. Гісторыя Беларусі падчас апошняй вайны вельмі моцна адрозьнівалася ад гісторыі Расеі (хоць і там была армія Ўласава, а больш за мільён расейцаў ваявалі супраць сталінскага рэжыму) – у Беларусі гэта набыло жахлівых форм, можна гаварыць пра выразныя элемэнты грамадзянскай вайны. Ужываць тэрмін “Вялікая Айчынная вайна” – гэта значыць проста фальсыфікаваць гісторыю гэтай вайны.

Вы дасьледуеце вусную гісторыю. Скажыце, ці ў памяці беларусаў прысутнічае тэма некамуністычнага падпольля?

А. Смалянчук: Былі такія расказы пра партызанаў, якія ваявалі супраць савецкай улады, але я б не сказаў, што гэта быў нейкі тып антыкамуністычнага руху. Гэта была проста рэакцыя на вяртаньне савецкай улады, нежаданьне ісьці ваяваць у савецкую армію. Не таму, што баяліся або не хацелі ваяваць – проста ня бачылі сэнсу. Трыццаць дзевяты ці сорак першы гады паказалі, што Сталін – такі самы вораг, як і Гітлер. Быў супраціў, але стыхійны. Пра некі арганізаваны супраціў не магло быць і гаворкі – Беларусь была страшна зьнішчаная: да гэтага прычынілася партызанская вайна, нямецкія карныя акцыі ў адказ: у Беларусі разам зь людзьмі было спалена больш за 600 вёсак, – лінія фронту ў 1941-м, за якой заставалася папялішча. А каб арганізаваць партызанскі рух, патрэбна нейкая база. Не было ні людзкой, ні матэрыяльнай базы, таму што гаспадарка, якая й падчас вайны перажывала не найлепшы час, была поўнасьцю зьнішчана ў 1944 годзе.

І апошняе пытаньне – калі б Вы фармавалі гістарычную палітыку, як бы тады напісалі гісторыю Беларусі?

А. Смалянчук: Калі пісаць гісторыю Беларусі, то трэба яе пісаць з павагай да такіх каштоўнасьцей, як свабода й жыцьцё чалавека. Трэба адмовіцца ад нацыянальных ці сацыяльных ідэалягем, а ўспрымаць праблему жыцьця чалавека больш шырока й грунтоўна. Важна яшчэ не затрымлівацца на некіх этапах дзяржаўнага будаўніцтва, што вельмі часта робіцца ў Беларусі.

Зь гісторыкам Алесям Смалянчуком размаўляў Ігар Ісаеў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт