Расея хоча абмінуць Украіну й Балгарыю
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.02.2012 13:13
„Транснефть” правярае магчымасьць рэалізацыі новых інвэстыцыяў у Эўропе.
Расейскае акцыянэрнае таварыства па транспарце нафты „Транснефть” праводзіць перамовы наконт будаўніцтва нафтавага спалучэньня паміж Нямеччынай і Чэхіяй. Такім чынам канцэрн хоча забясьпечыць пастаўкі нафты ў выпадку чарговай энэргетычнай вайны з Украінай. Другі нафтаправод можа таксама абмінуць непаслухмяную Балгарыю, - паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.
„Мы ўспрымаем згаданую інвэстыцыю, як дадатковае забесьпячэньне, - кажа Міхаіл Баркоў, віцэ-дырэктар канцэрну.
Дзякуючы 300-кілямэтроваму спалучэньню, у выпадку спыненьня паставак нафты для Кіева, сыравіна паступала б у Чэхію дзякуючы беларуска-польска-нямецкаму адрэзку трубаправоду.
Камэнтатары нагадваюць, што расейска-ўкраінскія адносіны многія гады працягваюцца ў клімаце ўзаемных абвінавачваньняў энэргетычнага характару. Расейцы вінавацяць украінцаў у крадзяжы сыравіны. Кіеў тлумачыць, што расейскія абвінавачваньні маюць палітычны характар.
Тым часам ня толькі Ўкраіна зьяўляецца кандыдатам на абыход. Баркоў заявіў, што „Транснефть” не выключае зьмены трасы пракладкі нафтаправоду „Бургас-Александропаліс”. Згаданым трубаправодам павінна была транспартавацца нафта з Балгарыі на грэцкае ўзьбярэжжа, што дазваляла адмовіцца ад транспарту сыравіны пастаянна забітымі турэцкімі пралівамі. Аднак некалькі месяцаў таму ўрад Бойкі Барысава адмовіўся ад праекту, а на пачатку лютага Сафія вярнула расейцам амаль 5 мільёнаў эўра пазыкі, узятай раней на яго рэалізацыю. Балгарскія ўлады вырашылі, што будаўніцтва трубаправода ня дасьць краіне ніякіх – ані эканамічных, ані палітчных карысьцяў.
Новы трубаправод, які плянуе „Транснефть”, вёў бы ў Грэцыю праз эўрапейскую частку Турцыі. Ён змог бы транспартаваць 35-50 мільёнаў кубамэтраў паліва ўгод.
У ацэнцы кіраўніцтва расейскага канцэрну, з моманту прыняцьця канчатковага рашэньня дзеля рэзлізацыі праекту хопіць некалькі месяцаў, - паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.
аз