Logo Polskiego Radia
Print

Лібія пагражае Эўропе новай хваляй уцекачоў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2019 16:23
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністар урада нацыянальнага адзінства краіны Фаіз Сарадж.
Foto: EPA/DOMENIC AQUILINA Dostawca: PAP/EPA

Лібійскі прэм'ер-міністар Фаіз Сарадж папярэдзіў, што ў выніку працягу грамадзянскай вайны ў Лібіі Эўропу можа заліць хваля мігрантаў.

Сарадж даў інтэрвію ў Трыпалі журналістам італьянскай газэты «Corriere della Sera». Прэмʼер у інтэрвію зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам неадкладна спыніць атаку на Трыпалі войск генэрала Хафтара. Палітык папярэдзіў, што калі ў Лібіі яшчэ раз пачнецца хаос, у Эўропу трапяць па меншай меры 800 тысяч мігрантаў з Афрыкі.

Прэмʼер падкрэсьліў, што ў небясьпецы апынуліся радовішчы нафты і газу на поўначы краіны. Урад нацыянальнага адзінства абвінаваціў сілы генэрала Хафтара, які дзейнічае пры падтрымцы Эгіпту, Сырыі, Францыі ды Расеі, у забойствах цывільнага насельніцтва. Таксама ўрад заявіў, што мае сыгналы пра прысутнасьць францускіх вайскоўцаў у шэрагах нападнікаў.

Сарадж падкрэсьліў, што праблемы Лібіі ня могуць быць вырашаныя ваенным шляхам. Ён не выключае, што зноў сядзе за стол перамоваў з генэралам Хафтарам, калі той спыніць атаку і выведзе свае сілы.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт