Logo Polskiego Radia
Print

Летува й Польшча вырашылі ўзмацніць абарону Сувальскага калідора

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.04.2019 13:24
Сувальскі калідор - адрэзак мяжы паміж Польшчай і Летувой працягласьцю ў 100 км.
Сувальскі калідорСувальскі калідорBy Jakub Łuczak - Praca własna, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5614845

Летува і Польшча дамовіліся накіраваць па адной брыгадзе ў горад Эльблонг у Штаб Паўночна-Усходняй дывізіі з мэтай абароны так званага Сувальскага калідора.

Пра гэта паведамляе ўкраінская «Эўрапейская праўда» са спасылкай на літоўскі сайт Delfi.lt.

«Мы таксама абмяркоўваем з іншымі краінамі, ці хацелі б яны быць часткай гэтай каманды», – заявіў галоўнакамандуючы польскай арміі генэрал Раймунд Анджейчак.

Сувальскі калідор гэта адрэзак мяжы паміж Польшчай і Летувой працягласьцю ў 100 км. Мяжуе з Калінінградзкай вобласьцю на захадзе і зь Беларусьсю на ўсходзе.

На думку аналітыкаў, у выпадку канфлікту, Расея будзе хутка дзейнічаць, каб заняць калідор і перакрыць сухапутны шлях саюзьнікам НАТО ў балтыйскія краіны.

Генэрал Анджэйчак распавёў, што ён абмяркоўваў са сваім летувіскім калегам ваенныя магчымасьці абедзьвюх краін з мэтай адпрацоўкі самых складаных сцэнараў, таму што "калі ўзьнікне крызісная сытуацыя, ня будзе часу на падрыхтоўку".

Польшча з заклапочанасьцю назірае за разьвіцьцём ваенных аб’ектаў ў Расеі ў Калінінградзкай вобласьці. «Колькасьць новых вайсковых частак, мадэрнізацыя ў Калінінградзкай вобласьці зьяўляецца сымбалем агрэсіўных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі", - сказаў генэрал Анджэйчак.

Летува й Польшча абмяркоўваюць павышэньне інтэнсіўнасьці сумесных вучэньняў, паляпшэньне дарожнай інфраструктуры, а таксама выкарыстаньне новых дарожных шляхоў Via Baltica і Rail Baltica.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт