Logo Polskiego Radia
Print

Адмена пераводу стрэлак гадзіньнікаў - пачатак праблем?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.03.2019 15:09
Фармальна рашэньне прынята, але ці сяброўскія краіны дамовяцца паміж сабой?
photo: www.pixabay.com

«Dziennik Gazeta Prawna» вяртаецца да галасаваньня ў Эўрапейскім парлямэнце, які адобрыў адмену пераводу гадзіньнікаў на летні і зімовы час. Выданьне нагадвае, што Эўракамісія некалькі месяцаў таму абяцала, што ў бліжэйшыя выходныя мы апошні раз перавядзем стрэлкі гадзіньнікаў з зімовага на летні час. Аднак Эўрапейскі парлямэнт хутка памяняў гэтыя пляны і вырашыў, што апошні пераход адбудзецца ў 2021 годзе.

Сяброўскія краіны ЭЗ не гатовыя да зьмены. Неабходна перагледзець умовы функцыянаваньня некаторых сэктараў эканомікі, у тым ліку транспарту. Калі гэтага не ўдасца зрабіць своечасова, тады Брусэль зможа падоўжыць яшчэ на год пераходны пэрыяд.

Аднак праблема адмены перастаноўкі гадзіньнікаў датычыць ня толькі раскладу авіязлучэньняў ці руху цягнікоў. Праблемнай можа быць узаемная каардынацыя паміж сталіцамі розных дзяржаў. Эўрапейская камісія дазволіла сваім сябрам самім выбіраць, у якім часе застацца – зімовым ці летнім. Рэкамэндавала толькі, каб сталіцы дамовіліся паміж сабою. А з гэтым дамаўленьнем можа быць кепска. Сяброўскія краіны не ў стане дамовіцца, як гэта павінна выглядаць. Па словах дэпутата Эўрапейскага парлямэнту Эльжбеты Лукаціеўскай, момант ня самы лепшы, паколькі пачынаецца кампанія перад выбарамі ў Эўрапарлямэнт, зьменяцца дэпутаты і асобы на кіруючых пасадах. Магчыма, восеньню ўдасца правесьці ўнутраныя кансультацыі і запытаць грамадзян, што яны мяркуюць наконт часу.

Вядома, што польскі ўрад вырашыў пакінуць летні час. Гэта азначае, што апошні раз палякі перавядуць гадзіньнікі на адну гадзіну наперад у апошнюю нядзелю сакавіка роўна праз два гады. Цяпер жа дзяржавы павінны ўзгодніць свае рашэньні з іншымі краінамі, што ідзе вельмі павольна. Напрыклад, адмяняць зьмену часу не жадаюць Партугалія і Гішпанія, а таксама Вялікабрытанія, якая выходзіць з Эўрапейскага Зьвязу.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт