Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыка ня можа абмежаваць гандлёвы дэфіцыт

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.03.2019 14:35
У ЗША зафіксаваны рэкордны за дзесяцігодзьдзе дэфіцыт гандлёвага балансу з Кітаем.
Foto: pixabay.com/CC0

Разрыў паміж імпартам і экспартам павялічыўся, нягледзячы на ўвядзеньне прэзыдэнтам Дональдам Трампам абмежавальных тарыфаў на імпарт кітайскіх тавараў.

З апублікаванага дакладу Міністэрства гандлю ЗША вынікае, што ў сьнежні мінулага года дэфіцыт ЗША ў гандлі з Кітаем склаў 59,8 мільярдаў даляраў. Гэта на 19% больш, чым у папярэднім месяцы, і каля 3 мільярдаў больш, чым прагназавалі эканамісты.

Летась амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп увёў абмежавальныя пошліны на сотні прадуктаў, імпартаваных у ЗША, якія павінны былі дапамагчы амэрыканскім кампаніям канкураваць з таннымі замежнымі прадуктамі.

Нягледзячы на гэтыя крокі, за цэлы мінулы год, дэфіцыт гандлёвага балянсу ЗША павялічыўся на 12% – да больш чым 621 мільярду даляраў.

Прычынай росту дэфіцыту называецца высокі ўнутраны попыт, зьвязаны з хуткім эканамічным ростам у Злучаных Штатах. Росту попыту дадаткова паспрыяла скарачэньне падаткаў як для фізычных, так і юрыдычных асоб, дзякуючы гэтаму ў кішэнях спажыўцоў і прадпрыемстваў засталіся сотні мільярдаў даляраў.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт