Дональд Трамп кіруе Злучанымі Штатамі Амэрыкі роўна два гады. Як цяпер можна ацаніць уладу прэзыдэнта, які яшчэ перад уступленьнем на пасаду выклікаў вялізныя эмоцыі, як пазытыўныя, так і нэгатыўныя, і ў сваёй краіне, і за яе межамі?
Роўна два гады таму Дональд Трамп прыняў прысягу і ўступіў на пасаду прэзыдэнта магутнейшай імпэрыі сьвету. Калі ён прысягаў на вернасьць сваёй дзяржаве 20 студзеня 2017 году, амэрыканцы губляліся ў здагадках, якім ён будзе прэзыдэнтам. Тыя, хто прадбачваў гарачы час, не памыліліся. Гэтыя два гады цяжка назваць спакойнымі ў гісторыі амэрыканскай дзяржавы, паколькі яны былі поўныя крызісаў, ідэалягічных спрэчак, а таксама вострай палітычнай барацьбы.
Дзяржава палярызаваная – адны жыхары любяць і хваляць свайго лідара, іншыя яго ненавідзяць і кажуць, што гэта монстар, які павінен сысьці як мага хутчэй. Практычна з моманту выбараў за Трампам цягнецца абвінавачаньне ў блізкім супрацоўніцтве з Расеяй, якая быццам бы рознымі мэтадамі дапамагла мільярдэру стаць амэрыканскім лідарам. Фэдэральная пракуратура ў Нью-Ёрку вядзе сьледзтва па справе махлярстваў фонду Трампа і яго асабістага адваката Майкла Коэна. Усё больш рэальнай становіцца пагроза пачатку працэдуры імпічмэнту – гэта значыць, прымусовага зыходу з пасады прэзыдэнта.
Карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі размаўляў з групай амэрыканцаў, якія ў выходныя пратэставалі насупраць Белага дому, патрабуючы імпічмэнту Трампа.
Пратэстуючы: Мы - настаўнікі, працуем тут недалёка. Мы ў жаху ад факту шматлікіх сувязяў ды кантактаў Трампа з Расеяй. Мы лічым, што Кангрэс павінен пазбавіць яго права знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта. Таму мы прыйшлі сюды дэманстраваць. Рыторыка, якой карыстаецца прэзыдэнт, гэта крайне правыя погляды, а нават расісцкія. Яе наступствы яшчэ ня сталі трагічнымі толькі дзякуючы таму, што Трамп вельмі некампэтэнтны. Але ў нас узьнікае боязь наконт будучыні.
Трамп ішоў на выбары пад лёзунгам «Амэрыка перш за ўсё». І ён пасьлядоўна рэалізуе свае выбарчыя абяцаньні, між іншым, рэзка абмежаваў колькасьць імігрантаў, якія могуць пасяліцца ў краіне, выйшаў зь міжнароднай кліматычнай дамоўленасьці, пачаў гандлёвую мытную вайну з Кітаем, аблягчыў сыстэму падаткаабкладаньня, адмяніў абавязковае мэдычнае страхаваньне. У сваю чаргу не ўдалося яму дабіцца будаўніцтва муру на мяжы з Мэксыкай, што стала прычынай сур’ёзнага канфлікту ўнутры дзяржавы, калі дэмакратычныя кангрэсмэны адмовіліся фінансаваць будаўніцтва.
Замежныя адносіны для Трампа ня самыя важныя, але супрацоўніцтва ЗША і Польшчы за апошнія два гады значна пашырылася. Ідэалягічны падыход Трампа да розных справаў блізкі палітыкам кіруючай партыі «Права і справядлівасьць». Не выпадкова Дональд Трамп выбраў менавіта Варшаву месцам сваёй прамовы, у якой ён прадставіў сваё ўяўленьне сьвету і міжнародных адносінаў. Падрабязнасьці ў карэспандэнцыі Марэка Валкускага з ЗША.
М. Валкускі: Цягам апошніх двух гадоў Злучаныя Штаты падтрымлівалі ініцыятыву «Рэгіён трох мораў», выступалі супраць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2», павялічылі прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Польшчы. У сваю чаргу Польшча заключыла кантракт аб набыцьці амэрыканскай зброі, падпісала дамову на пастаўкі звадкаванага газу. З іншага боку, уваход у сілу закону аб Інстытуце нацыянальнай памяці на некалькі месяцаў амаль спыніў супрацоўніцтва, але пасьля ануляваньня спрэчных палажэньняў адносіны вярнуліся ў нармальнае рэчышча, а прэзыдэнт Анджэй Дуда пабываў з візытам у Белым доме, дзе ўнёс прапанову стварыць у Польшчы амэрыканскую вайсковую базу. Пакуль што невядома, што гэта будзе за база.
А як разьвіваюцца стасункі ЗША зь беларускай дзяржавай? Апошнім часам яны значна палепшыліся, нядаўна Менск зьняў ранейшыя абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў, працуючых у Беларусі, хаця гэта не была заслуга Трампа, а вынік стараньняў Беларусі, – адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў.
А. Фёдараў: Ёсьць пэўныя зрухі ў пазытыўным накірунку, хаця я не ўпэўнены, што Трамп да гэтага прылажыў нейкім чынам руку. Хутчэй тут беларускі бок пайшоў насустрач, зрабіў нейкія крокі ў тым накірунку, які спадабаўся Вашынгтону. Агулам апошнім часам няма сур’ёзных крытычных заўвагаў да Беларусі з боку ЗША. Праўда, амбасада рабіла нейкую крытыку, напрыклад, па справе БелТА, але гэта не выглядае сур’ёзна.
Два гады таму Дональд Трамп стаў 45-ым прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Падсумоўваючы гэтыя два гады яго кіраваньня дзяржавай, можна ўпэўнена сказаць адно: быў гэта час крайніх эмоцый у жыцьці амэрыканцаў, а сьвет, на жаль, ня стаў за гэты час лепшым і больш бясьпечным.
нг