Logo Polskiego Radia
Print

Расея рыхтуе правакацыю на Данбасе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.12.2018 11:12
Такую інфармацыю агучыла ўкраінская выведка.
commons.wikimedia.org/ВО «Свобода»

Расея рыхтуе правакацыю з выкарыстаньнем хімічнай зброі ў захопленых сэпаратыстамі ўсходніх раёнах Украіны, каб абвінаваціць у гэтым украінскую армію, – сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны ў Кіеве Вадзім Скібіцкі.

Паводле словаў Скібіцкага, яшчэ ў сярэдзіне сьнежня на Данбас прыбыла група расійскіх спэцыялістаў па хімічнай зброі. Для атакі яны могуць выкарыстаць хімічныя рэчывы з прадпрыемстваў, што знаходзяцца на тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі. Таксам былі прывезеныя з Расеі сродкі супрацьхімічнай абароны. Расейскія спэцслужбы цынічна разьлічваюць на вялікую колькасьць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, што забясьпечыць розгалас ды ўвагу з боку міжнароднай супольнасьці, – заявіў прадстаўнік украінскай выведкі.

У сваю чаргу міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак запэўніў, што ў бліжэйшым часе ўкраінскія сілы не плянуюць ніякіх наступаў на Данбасе. Сваю заклапочанасьць выказаў таксама спэцпасланьнік ЗША па справах Украіны Курт Волкер, які зазначыў, што можна чакаць узмацненьня агрэсіі Расеі супраць Украіны ды заклікаў рабіць усё, каб да гэтага не дапусьціць.

Пакуль на Данбасе пачало дзейнічаць перамір'е паміж украінскімі ўрадавымі войскамі ды пракрэмлёўскімі сэпаратыстамі. Перамірʼе ўведзенае на час Каляд і Новага года.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт