Чарговы нямецкі палітык зьвязаўся з расейцамі?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
29.11.2018 15:27
Гаворка ідзе пра былога міністра замежных спраў Нямеччыны Зігмара Габрыеля.
Сьцяг Нямеччыны.Photo: RalfWieckhorst/pixabay.com/CC0 Public Domain
Выданьне «Rzeczpospolita» піша пра былога міністра замежных спраў Нямеччыны Зігмара Габрыеля, які яшчэ ў сакавіку быў міністрам, а цяпер бярэ прыклад з былога канцлера Герхарда Шродэра, самага славутага лябіста Крамля.
Габрыель фігуруе ў ліку супрацоўнікаў дарадчыцкай кампаніі, зьвязанай з расейцамі. Калі гэта пацьвердзіцца, то былы галава нямецкага МЗС пашкодзіць іміджу Бэрліна і ягонай палітыцы, паколькі партнэры будуць менш яму давяраць, – мяркуе дэпутат апазыцыйнай Партыі Зялёных Мануэль Саразін.
Зігмара Габрыеля, які быў таксама віцэ-канцлерам і шмат гадоў старшынёй партыі SPD, знайшлі ў сьпісе супрацоўнікаў новай кампаніі аўстрыйскія ды нямецкія СМІ. У сьпісе ёсьць таксама некалькі іншых уплывовых сацыял-дэмакратычных палітыкаў з Аўстрыі ды Нямеччыны. Напрыклад, Гейна Весэ – былы палітык нямецкай SPD, калісьці нават дэпутат парлямэнту, які зьяўляецца ганаровым консулам Расейскай Фэдэрацыі ў Гановэры. Ён, падобным чынам як Герхард Шродэр, лічыцца лябістам Крамля, але менш вядомым.
У сваю чаргу Габрыель, будучы яшчэ міністрам, прапанаваў адмовіцца ад санкцый супраць Расеі, нават калі яна не выконвала менскіх пагадненьняў. На ягоную думку, дастаткова было б, каб Расея згадзілася ўвесьці перамір’е і вывесьці цяжкую тэхніку з усходняй часткі Ўкраіны. Адразу пасьля зыходу з пасады міністра замежных спраў Габрыель пачаў адкрыта крытыкаваць нямецкую палітыку ў адносінах Масквы.
Rzeczpospolita/нг