Logo Polskiego Radia
Print

Попыт на польскія яблыкі меншы, чым хацелася б

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.11.2018 13:34
Неўзабаве можа закрыцца апошняе акенца – экспарт у Расею празь Беларусь.
ЯблыкіЯблыкіPhoto: MarcoRoosink/pixabay.com/CC0 Public Domain

У гэтым годзе польскі ўраджай яблыкаў выключна вялікі. На жаль, зацікаўленьне гэтымі фруктамі падае, а неўзабаве можа закрыцца апошняе акенца – экспарт у Расею празь Беларусь – чытаем у выданьні «Gazeta Wyborcza».

Калі Расея ўвяла эмбарга на польскія яблыкі, частку экспарту пераняла Беларусь, праз якую фрукты прадавалі далей расейскім пакупнікам. Польскім садоўнікам удалося таксама павялічыць продаж у краіны ЭЗ. Але гэтага і так замала, паколькі не ўдалося знайсьці кліентаў на сотні тысяч тон яблыкаў.

Так было некалькі гадоў таму, цяпер сытуацыя паўтараецца – зноў ураджай рэкордны, цэны рэзка ўпалі, садоўнікі нават перасталі яблыкі зьбіраць, бо гэта не аплачваецца. Праблема таксама ў тым, што садоўнікі канцэнтруюцца на колькасьці, а не на якасьці, не беручы пад увагу патрэбаў рынку. Яны вырошчваюць гатункі яблыкаў, якія папулярныя на ўсходзе, але на захадзе іх ня хочуць купляць. Яблыкі страчваюць папулярнасьць таксама з-за экзатычных фруктаў. Сёньня дзіцяці ў школу даюць банан, а калісьці – яблык. Людзі багацеюць, выбіраюць тое, што менш звычайнае.

Садоўнікам было б яшчэ цяжэй, калі б не Беларусь. У 2016 годзе яна прыняла 514 тыс. тон польскіх яблыкаў, гэта амаль палова ўсіх экспартаваных фруктаў. Расея яшчэ іх купляе, паколькі яны ёй патрэбныя, але гэта зьменіцца. У краіне шмат інвэстуюць у новыя сады, каб не купляць яблыкаў за мяжой. Калі расейская вытворчасьць дасягне вялікага маштабу, дзяржава закрые дзьверы імпарту, тады праблемы польскіх садоўнікаў могуць быць сапраўды вялікімі, – перасьцерагае экспэрт банку Credit Agricole Якуб Аліпра.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт