Logo Polskiego Radia
Print

Ангельскі генэрал: "Вайны з Расеяй няма, але пагроза існуе"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2018 17:15
Дастаткова прааналізаваць дзейнасьць Расеі ў апошнія месяцы.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

У выданьні «Dziennik Gazeta Prawna» інтэрвію з былым намесьнікам галоўнакамандуючага войскамі NATO ў Эўропе генэралам Рычардам Шырэфам (Richard Shirreff), аўтарам кнігі «2017 год. Вайна з Расеяй». Вайны з Расеяй няма, але, па словах генэрала, загаловак кніжкі – гэта папярэджаньне, што пагроза існуе. Нельга сябе падманваць, што ўсё ў парадку. Дастаткова прааналізаваць дзейнасьць Расеі ў апошнія месяцы. У Вялікабрытаніі на вуліцы горада была ўжытая хімічная зброя, бачная актыўнасьць ГРУ ў Галяндыі, вырасла ваенная актыўнасьць Расеі, у тым ліку ў паветры, ля межаў балтыйскіх краін, у Румыніі, на Чорным моры. Расея паказвае, што яна парушае ўсе міжнародныя правілы. Таму неабходна быць вельмі пільным і ўвесь час павышаць абароназдольнасьць, – гаворыць ангельскі генэрал.

ЗША намераныя выйсьці з дамовы аб ліквідацыі ядзерных ракет сярэдняй дальнасьці. Дзеля чаго? Шырэф нагадвае, што Расея парушае гэтае пагадненьне ўжо здаўна. Для Захаду небясьпечна тое, што пасьля завяршэньня халоднай вайны ён глыбока прыхаваў ядзерную зброю. Расея ніколі гэтага не зрабіла. NATO павінна перагледзець свой падыход да ядзернай зброі як да элемэнта, які адпужвае патэнцыйнага ворага. Расеі трэба выслаць ясны мэсыдж: «Нават ня думайце пра тое, каб заняць тэрыторыю краіны-чальца NATO».

Гучыць таксама пытаньне пра амэрыканскую ваенную базу ў Польшчы – г.зв. «Форт Трамп». Меркаваньнем генэрала, гэта быў бы сыгнал, што Амэрыка ангажуецца ў эўрапейскую абарону. Канешне, база павінна быць упісана ў абарончыя пляны пакту. З іншага боку, базу можна было б назваць інакш, – заўважае Рычард Шырэф.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт