Logo Polskiego Radia
Print

Украіна намерана змагацца за кампэнсацыю ад Газпрому

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.11.2018 14:47
Краіна будзе патрабаваць 12 млрд. эўра за страчаны даход ад транзыту газу ў выніку будаўніцтва Nord Stream 2.
pixabay.com/Public Domain CC0

Тэму газаправоду «Паўночны паток 2» закранае інтэрнэт-выданьне «Niezalezna.pl». Яно піша: Украіна зьмірылася ўжо з тым, што трубаправод, супраць якога яна пратэстуе, будзе збудаваны, але яна намерана патрабаваць кампэнсацыю за страчаны даход ад транзыту. Сайт спасылаецца на тэкст у нямецкім выданьні «Tagesspiegel», якое прыводзіць словы дырэктара кампаніі Нафтагаз Юрыя Вітрэнкі, які заявіў, што магчымасьць утрымаць даходы з гэтай крыніцы цяпер мінімальная. Паводле яго слоў, праект новага газаправоду падтрымлівае ня толькі нямецкі ўрад, але таксама многія эўрапейскія прадпрыемствы, між іншым «дзякуючы карупцыі», праўда, Вітрэнка не прадставіў доказаў на свае словы.

Плян А (стрыманьне будаўніцтва) хутчэй не ўдасца ажыцьцявіць, таму Ўкраіна рыхтуецца да Пляну Б – дзяржава можа падаць на расейскі Газпром позву ў Стакгольмскі суд. Краіна будзе патрабаваць кампэнсацыю ў памеры 12 млрд. эўра за страчаны даход ад транзыту газу.

«Tagesspiegel» нагадвае, што ў лютым бягучага году суд у Стакгольме выдаў прысуд у карысьць Украіны ў яе хадайніцтве супраць Газпрому. Як паведамляў тады Нафтагаз (суд не публікуе сваіх рашэньняў), украінскаму канцэрну была прысуджаная кампэнсацыя ў памеры 4,63 млрд. даляраў за тое, што Газпром не паставіў прапісанай у кантракце колькасьці сыравіны для транзыту. А паколькі раней той жа суд прыняў рашэньне, што Нафтагаз павінен выплаціць свае даўгі Газпрому за пастаўкі газу, то ў канчатковым разьліку ўкраінскі канцэрн павінен атрымаць ад расейскага 2,56 млрд. даляраў.

Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт