Logo Polskiego Radia
Print

У Крым могуць вярнуцца расейскія ядзерныя ракеты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.10.2018 15:15
Аб гэтым заявіў кіраўнік украінскай дыпляматычнай службы Пятро Клімкін.
www.pixabay.com/CC0 Public Domain

Украінскае МЗС б’е трывогу, што ў Крым могуць вярнуцца расейскія атамныя ракеты. У адным з інтэрвію прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што ў адказ на ядзерную атаку ён бы не завагаўся націснуць атамную кнопку. «Навошта нам сьвет, у якім ня будзе Расеі?» – пытаў тады Пуцін. Кіраўнік украінскай дыпляматыі Пятро Клімкін казаў надоечы, што сьмяротная расейская зброя перакінутая ў Крым. Па ягоных словах, паўвыспа стала адной вялікай ваеннай базай. На думку Клімкіна, з Крыму Расея перакідвае ўзбраеньне і ваенную тэхніку ў Сірыю. Кіеў будзе патрабаваць, каб тэмай занялася Генэральная асамблея ААН.

Камэнтуючы паведамленьні з Кіева, Расея па традыцыі ўсё аспрэчвае і вінаваціць Кіеў у прапагандзе. На думку ваенных аналітыкаў у Кіеве, мілітарызацыя Крыму зьяўляецца цяпер адным з найважнейшых прыярытэтаў для Расеі. Іх меркаваньнем, узбраеньне, аснашчанае зброяй масавага зьнішчэньня, зусім не абавязкова павінна быць там разьмешчана на пастаяннай аснове. «Гэта мабільныя сыстэмы, якія можна лёгка перавозіць, як, напрыклад, вядомыя на ўсім сьвеце іскандэры. Крым стаў другім Калінінградам. Там прысутныя ўсе разнавіднасьці расейскіх узброеных сілаў», – кажа вядомы вайсковы экспэрт Аляксей Арэстовіч. І дадае, што Масква вызначае нябачныя межы, якіх нікому не дазваляе перасякаць.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт